Гісторыя пра Варлаама і Іасафа | |
---|---|
Жанр | аповесць |
Мова арыгінала | старабеларуская мова |
Пераклад на беларускую | 1637 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» — помнік перакладной беларускай літаратуры XVII ст. Арыгінал узнік у Індыі на аснове народных паданняў пра Буду, праз персідскае і арабскае пасрэдніцтва стаў вядомы грэкам, у XI ст. усходнім славянам. У аповесці апісваецца жыццё індыйскага царэвіча Іасафа, які пад уплывам хрысціянскага прапаведніка Варлаама прыняў новую веру, стаў фанатычным яе прыхільнікам, далучыў да хрысціянства свайго бацьку і народ, пакінуў свецкае жыццё, зрабіўся пустэльнікам.
Царкоўнаславянскі пераклад тэксту паявіўся на ўсходнеславянскіх землях не пазней за XII ст., бо ўжо Кірыл Тураўскі карыстаўся аповесцю для сваёй прытчы «О человеце белоризце» ў славянскім перакладзе, а не ў грэчаскім арыгінале. Беларускі пераклад надрукаваны ў 1637 г. у Куцеінскай друкарні, стаў непасрэднай крыніцай рускага перакладу, апублікаванага ў 1681 г. у Маскве. Прытчы з аповесці праніклі ў вусную народную творчасць. У XVIII ст. на Беларусі ўзнікалі фальклорныя перапрацоўкі твора («Алісахвій-царэвіч» і інш.).
Літаратура
- Чамярыцкі, В. «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» / Вячаслаў Чамярыцкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 55 — 56. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 39.
- И. Лось. Варлаам и Иоасаф или Иосафат // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
- Варлаам и Иоасаф // Православная энциклопедия