Дакаланіяльны перыяд
Першымі жыхарамі Камеруна, верагодна, былі бака — паляўнічыя-збіральнікі, таксама вядомыя як качэўнікі-пігмеі. З 1-га тысячагоддзя да нашай эры вядуць аселы лад жыцця. У I тыс. да н.э. на тэрыторыі Камеруна жыў народ сао, які займаўся земляробствам і жывёлагадоўляй. У XIV стагоддзі на гэтыя землі прыходзяць плямёны канембу, а ў XV стагоддзі плямёны маса. У пачатку XVII стагоддзя на поўначы цяперашняга Камеруна ўтварылася раннефеадальная дзяржава Мандара. У 1715 годзе 25-ы кароль Мандара (імя невядома) дазволіў мусульманскім місіянерам прапаведаваць іслам, і Мандара, пад націскам новай рэлігіі, стала ісламскім султанатам. Сярод найбольш важных дзяржаў на поўначы Камеруна былі султанаты Борну, Мандара, Лагоне-Бірн, Макуары-Голф, на заходніх землях Камеруна існавала каралеўства Бамум. Самымі магутнымі з усіх іх былі каралеўствы Фамбіна і Нгаандэрэ.
Еўрапейская каланізацыя
Пачатак каланізацыі
Партугальскія маракі дасягнулі ўзбярэжжа ў 1472 годзе. Яны адзначылі багацце крэветак у рацэ Вуры і назвалі яе Rio dos Camarões (рака крэветак), адкуль і паходзіць назва краіны. У канцы XVI ст. партугальцаў выціснулі галандцы, а з пачаткам XVIII ст. узбярэжжа Камеруна сталі актыўна каланізаваць англічане, французы і немцы, якія будавалі там гандлёвыя факторыі. Разам з еўрапейцамі ў Камерун трапілі і хрысціянскія місіянеры, якія актыўна распаўсюджвалі хрысціянства.
Германскі Камерун
У перыяд з 1884 па 1919 гады Камерун (ням.: Kamerun) з’яўляўся калоніяй Германіі. У Германскі Камерун былі ўключаны тэрыторыі: паўночная частка Габона і Конга, заходняя частка Убангі-Шары, паўднёва-заходнія раёны Чада і далёкаўсходнія раёны Нігерыі.
У ліпені 1884 года тры нямецкія фірмы заключылі з мясцовымі каралямі дагавор, па якім набылі вярхоўную ўладу над вобласцю Дуала. Затым яны перадалі свае правы германскаму ўраду: 14 ліпеня 1884 года вобласць была ўрачыста абвешчана далучанай да Германскай імперыі.
У 1887 г. адзінае англійскае паселішча — баптысцкая місіянерская калонія Вікторыя — перайшло да Базельскага місійнага таварыства, і гэтым быў забяспечаны неабмежаваны ўплыў Германіі.
Шлях да Бінуэ быў адкрыты Цінтграфам у 1889 годзе, але заснаваную ім калонію Балібург давялося пакінуць пасля некалькіх няўдалых экспедыцый. На поўдні значнага поспеху дамогся лейтэнант Морген пасля экспедыцый у цэнтральны Камерун. У 1890 годзе ён накіраваўся ў Нгіла, адтуль павярнуў на паўночны ўсход і поўнач, прайшоў краіну паміж верхнім цячэннем Санага і Мбам, дзе знайшоў запасы слановай косці і квітнеючы гандаль з Сярэднім Суданам, і праз Адамауа дасягнуў у студзені 1891 года Ібі-на-Бінуэ. Каб замацаваць дасягнутыя ім вынікі, барон фон-Гравенрэйт падрыхтаваў затым больш моцную экспедыцыю, але загінуў у баі з баквірамі. Лейтэнант Рамзай выканаў картаграфічныя здымкі і здзейсніў у 1892 годзе экскурсію на р. Дыбамба.
У 1893 годзе лейтэнант фон-Штэтэн прайшоў тыя ж месцы, дзе быў за тры гады да таго Морген, і заключыў з султанам Адамауа дагавор, па якім толькі немцам дазвалялася ўладкоўваць калоніі ў Адамауа. Каб забяспечыць для Германіі вобласці па верхнім цячэнні Санагі і Мбам, восенню 1893 года ўтварылася арганізацыя Kameruner Hinterland-Gesellschaft з капіталам у 200 000 марак, якая пачала сваю дзейнасць з пабудовы калоній пры Ідыа і Балінга на Санаге і з вывазу слановай косці, каучуку, пладоў алейнай пальмы і скур.
15 снежня 1893 года збунтаваныя паліцэйскія салдаты (дагамейцы) авалодалі ўрадавымі пабудовамі і абрабавалі іх, але былі 21 снежня ўпакораны экіпажам германскага крэйсера.
У пачатку XX стагоддзя Нджойя, султан Бамума, стварыў арыгінальную пісьменнасць для свайго народа. Яго намаганні атрымалі падтрымку нямецкага каланіяльнага ўрада.
У 1914 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, краіна падвяргаецца англа-французскаму ўварванню. У 1916 годзе быў здадзены апошні нямецкі форт Мора.
Франка-брытанскі раздзел
Згодна з Версальскім дагаворам і па рашэнні Лігі Нацый, у 1919 годзе Камерун падзелены на дзве тэрыторыі паміж Вялікабрытаніяй (захад) і Францыяй (усход).
На Усходні Камерун было распаўсюджана заканадаўства Французскай Экватарыяльнай Афрыкі. Падмандатная тэрыторыя была падзелена французамі на 9 акругаў, якімі кіравалі французскія каменданты і рады мясцовых правадыроў каля іх. На поўначы Камеруна французы захавалі ранейшыя мясцовыя султанаты, перадаўшы іх уладам збор падаткаў і іншыя адміністрацыйна-гаспадарчыя функцыі.
Заходні Камерун увайшоў у склад брытанскай Калоніі і Пратэктарата Нігерыі і быў падзелены на дзве часткі — Паўночны Камерун (быў уключаны ў правінцыю Паўночная Нігерыя) і Паўднёвы Камерун (быў уключаны ў правінцыю Паўднёвая Нігерыя).
У 1961 г. французская і брытанская часткі краіны аб’ядналіся ў Федэратыўную Рэспубліку Камерун.
Незалежнасць
Французскі Камерун атрымаў незалежнасць 1 студзеня 1960 года, першым прэзідэнтам стаў Ахмад Ахіджа, лідар партыі Камерунскі саюз (КС), галоўнай палітычнай сілы ва ўсходнім Камеруне, лідар камерунскай нацыянальна-дэмакратычнай партыі (КНДП) Джон Нгу Фонча да 1970 года займаў пасаду віцэ-прэзідэнта.
Паколькі Камеруну была прадастаўлена незалежнасць на некалькі месяцаў раней, чым Нігерыі, жыхарам брытанскай часткі было дадзена права выбару, у тэрыторыю якой краіны быць уключанымі: залежнай Нігерыі або незалежнага Камеруна. Жыхары прычадыйскай вобласці вырашылі застацца пад юрысдыкцыяй Нігерыі, у той час як жыхары Заходніх тэрыторый вырашылі памяняць падданства на карысць новай незалежнай дзяржавы.
Гэты крок стаў прычынай сацыяльна-палітычнага канфлікту паміж англафонамі і франкафонамі.
У выніку рэферэндуму 20 мая 1972 года Камерун з федэратыўнай рэспублікі быў ператвораны ва ўнітарную.
Пад ціскам французскага ўрада ў лістападзе 1982 года Ахіджа сышоў у адстаўку, перадаўшы свае паўнамоцтвы Полю Бія. Пераемнік стаў афіцыйным выбраннікам у 1984 годзе, атрымаўшы 99,98 % галасоў.
У 1990-х гг. насельніцтва паўночна-заходняй англафоннай частцы Камеруна, якая ў выніку рэферэндуму, праведзенага ў пачатку 1960 г., выйшла са складу каланіяльнай Нігерыі і ўвайшла ў склад незалежнага Камеруна, загаварыла аб дыскрымінацыі мясцовага насельніцтва ў параўнанні з франкафоннай большасцю.
У 2014 годзе ў краіне пачынаецца ўзброены канфлікт з баевікамі Бока Харам, якія развязалі тэрор на тэрыторыі Камеруна.
Літаратура
- Norbert Cyffer. A Sketch of Kanuri. Koln: Rudiger Koppe Verlag, 1998.
- Alexandre Kum’a Ndumbe III (Hrsg.). L’Afrique et L’Allemagne de la Colonisation à la Coopération 1884—1986 (Le cas du Cameroun). Yaoundé, 1986.
- Victor T. LeVine, Roger P. Nye. Historical Dictionary of Cameroon. Metuchen, N.J., 1974.
- Albert Gouaffo. Wissens- und Kulturtransfer im kolonialen Kontext: das Beispiel Kamerun — Deutschland (1884—1919). Saarbrücker Beiträge zur vergleichenden Literatur- und Kulturwissenschaft Band 39, 2007. ISBN 3-8260-3754-5
- Thomas Morlang. Askari und Fitafita: «farbige» Söldner in den deutschen Kolonien. Berlin: Chr. Links Verlag, 2008. ISBN 978-3-86153-476-1
- John Mukum Mbaku. Culture and customs of Cameroon. Westport (Conn.): Greenwood Press, 2005. ISBN 0-313-33231-2
- Engelbert Mveng. Histoire du Cameroon. Paris, 1963.
Спасылкі
- История Камеруна (руск.) на cameroonian.net
- История Камеруна (руск.) Архівавана 9 кастрычніка 2007. на africana.ru
- Site de l’UNESCO : La question Bamiléké pendant l’ouverture démocratique au Cameroun : retour d’un débat occulté (фр.) Архівавана 8 жніўня 2002.