Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» | |
---|---|
Профіль | комплексны |
Заснаваны | 1986 |
Падпарадкаванасць | упраўленне культуры Мінаблвыканкама. |
Месцазнаходжанне | Мінская вобласць, г. Заслаўе, вул. Рынкавая, 1, 223036 |
Памеры фонду | 11 976 |
Агульная плошча | 1961,7 |
Выставачная плошча | 535,19 |
Плошча запаснікаў | 500 |
Дырэктар | М. М. Паграноўскі |
Адкрыты | 9.00–17.00, акрамя панядзелка |
zaslaue.by |
Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» — створаны 31 снежня 1986 г. ў г.Заслаўе паводле пастановы Савета Міністраў БССР на базе Заслаўскага гісторыка-археалагічнага запаведніка (заснаваны ў 1967 г.). Музеем-запаведнікам кіравалі Т. Г. Гаранская, A. M. Калбаска, Т. С. Скрыпчанка, А. М. Краснова, А. К. Рак, А. Л. Строганаў, А. П. Харак. З 2005 г. дырэктар М. М. Паграноўскі.
Прадстаўляе складаную сістэму гістарычна, тэматычна і функцыянальна аб'яднаных паміж сабой аб'ектаў і ахоўных тэрыторый. Ахоўная зона плошчаю 113 га уключае Заслаўскі замак (гарадзішча «Вал») з былым кальвінскім зборам 2-й палавіны 16 — пачатку 17 ст. (у 19 — пачатку 20 ст. і з 1990 г. Спаса-Праабражэнская царква), гарадзішча «Замэчак» (летапісны Ізяслаў) 10—11 ст., курганныя могільнікі 10 — 11 ст., касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1774), рэшткі сядзібы Заслаў 17—19 ст. На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца музейна-выставачны комплекс, этнаграфічны комплекс «Млын», музей «ДАП» і дзіцячы Музей міфалогіі і лесу.
Асноўны фонд музея (2008) налічвае 11 976 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4561 адзінку. Плошча экспазіцыі 503 м², выставачнай залы — 131 м².
Фонды музея складаюць калекцыі археалагічных знаходак з раскопак на тэрыторыі горада і яго наваколля (1967-86 гг.), ткацтва, керамікі і шкла, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод найбольш цікавых экспанатаў калекцыя маляваных дываноў, якая налічвае 130 адзінак, з іх 30 зроблены Я.Драздовічам. У калекцыі жывапісу і графікі захоўваецца збор мастацкіх твораў В. Маркаўца, В. Сташчанюка, Г. Вашчанкі і інш.
Музейна-выставачны комплекс адкрыты для наведвання ў 1992 г. У зале габеленаў прадстаўлены творы беларускіх мастакоў В. Дзёмкінай і Ю. Піскуна «Рагнеда», «Полацкія званы» (абодва 1991 г.), «Малітва» (1992 г.). Тэма гісторыі Полацкага княства і Заслаўя перадаецца праз вобразы Рагнеды і Ізяслава. Зала «Музыка вячорак» знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. Экспануюцца музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі і аб'яднаныя ў вясельныя гурты: гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны. У выставачнай зале праводзяцца часовыя абменныя выстаўкі з фондаў музеяў і прыватных творчых майстэрняў Беларусі.
музей «ДАП»
З ваенна-інжынернымі збудаваннямі ўздоўж заходняй мяжы СССР у перадваенны перыяд (1932-34 гг.) знаёміць музей «ДАП» у ваколіцы Заслаўя (2004). Трохамбразурны агнявы пункт быў узброены 3 станковымі кулямётамі «максім» на спецыяльных станках з цэнтральнай сістэмай ахаладжэння і адным ручным кулямётам сістэмы Дзегцярова.
Спасылкі
zaslaue.by — афіцыйны сайт Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе»