На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў медыцынскіх інстытутах, Інстытуце фізіялогіі НАН РБ.
У 1920—1960-я гадах вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П. А. Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутраных органаў чалавека і жывёл (П. Я. Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В. Н. Блюмкін).
У 1960—1990-я гады даследаваліся марфалагічныя асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нервовай сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С. М. Мілянкоў), фарміраванне і будова нервова-мышачных сувязей у працэсе развіцця (Я. Я. Карытны), органы імуннай сістэмы (А. Ф. Суханаў) і скуры (А. Д. Мядзелец).
З 1970-х гадоў вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутраных органаў і рэгулявальных сістэм (А. А. Арцішэўскі, Я. І. Бальшова, Н. А. Жарыкава, А. С. Леанцюк, Т. М. Малярэвіч, І. А. Мельнікаў і інш.).
Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біялагічных сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хімічныя арганізацыі страўнікавых залоз (А. А. Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т. Г. Мацюхіна), гісталогія нервовай сістэмы (А. П. Амвросьеў, Л. І. Арчакова, Д. М. Голуб, У. М. Калюноў, Ф. Б. Хейнман, С. М. Зіматкін і інш.).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).