Гіперо́ны (ад гіпер… + (нукл)оны) — нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Характарызуюцца спецыяльным квантавым лікам — дзіўнасцю.
Час існавання гіперонаў каля 10−10 с.
Гіпероны (Λ0-гіперон) былі адкрыты ў касмічных прамянях (1947).
Вядома некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ0), сігма (Σ+, Σ0, Σ−), ксі (Ξ−, Ξ0) і амега (Ω−), дзе верхнія знакі «+», «−» і «0» пры сімвалах гіперонаў абазначаюць знак электрычнага зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца.
Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пі-мезоны, электроны і нейтрына.
Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і іншыя барыёны, складаюцца з трох кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова уваходзіць s-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер'ядры.
Гл. таксама
- Гіпер'ядро
Літаратура
- Гіпероны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. С. 257.