Гіпакрат
стар.-грэч.: Ἱπποκράτης
Род дзейнасці урач, філосаф
Дата нараджэння каля 460 да н.э.
Месца нараджэння
Дата смерці паміж 377 і 356 гадамі да н.э.
Месца смерці
Дзеці Фесал[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гіпакрат (грэч. Ιπποκράτης, Hippokrates) (каля 460 да н.э., востраў Кос — каля 377 да н.э.) старажытнагрэчаскі доктар, «бацька медыцыны», якая ў тым ліку і яго высілкамі вылучылася з філасофіі ў асобную навуку.

У філасофскім плане, Гіпакрат, праўдападобна, прымыкаў да Геракліта. Ён разглядаў медыцыну як даследчую эксперыментальную навуку. Медыцынская школа Коса доўга карысталася вялікай павагай (свяцілішча Асклепіён на Косе). За працы Гіпакрата выдаваліся многія пазнейшыя псеўдагіпакратаўскія творы.

Пачатковую медыцынскую адукацыю Гіпакрат атрымаў ад бацькі — лекара Геракліда. Дзеля навуковага ўдасканалення ў маладосці Гіпакрат шмат вандраваў і вывучаў медыцыну ў розных краінах па практыцы мясцовых лекараў і па абетных табліцах, якія вывешваліся ў бажніцах Эскулапа.

Гісторыя яго жыцця малавядомая, нават дакладна невядома, колькі пражыў Гіпакрат — 83 ці 104 гады. Існуюць паданні і аповяды пра яго біяграфію, але яны маюць легендарны характар. Імя Гіпакрата стала зборным, калектыўным, і многія творы з 70 прыпісваных яму, належаць іншым аўтарам, пераважна яго сынам. Сапраўднымі даследчыкі прызнаюць ад 8 да 18 твораў. Гэта трактаты — «Аб вятрах», «Аб паветрах, водах і мясцовасцях», «Прагностыка», «Аб дыеце пры вострых хваробах», першая і трэцяя кнігі «Эпідэмій», «Афарызмы» (першыя чатыры раздзелы), хірургічныя трактаты «Пра суставы» і «Пра пераломы», што з'яўляюцца шэдэўрамі «Зборніка». Існуе некалькі твораў Гіпакрата этычнага напрамку: «Клятва», «Закон», «Пра лекара», «Пра добрапрыстойныя паводзіны», «Настаўленні».

Ён меркаваў, што хваробы людзям пасылаюць не багі, яны ўзнікаюць па розных, прычым цалкам натуральных, прычынах. Гіпакрат першым паставіў медыцыну на навуковы фундамент і пачаў ачышчаць ад філасофскіх тэорый, што часта супярэчылі рэчаіснасці і панавалі над даследчай эксперыментальнай навукай.

Гіпакрат таксама аўтар вучэння аб чатырох тыпах тэмперамента — халерык, меланхолік, сангвінік, флегматык — заснаванага на ўяўленні аб суадносінах у целе чалавека чатырох вадкасцей (крыві, слізі, жоўтай і чорнай жоўці). Даў заснаванае на гумаральным прынцыпе апісанне эмацыйных праяваў.

Па адной з версій Гіпакрат таксама далучыўся да стварэння Вермуту. Лічыцца, што ён упершыню склаў рэцэпт у 460 годзе да нашай эры.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.