Гідрадэніт — гнойнае запаленне потавых залоз. Выклікаецца стафілакокам; развіваецца звычайна ў падпахавых западзінах, радзей — вакол грудных смочак, палавых органаў (у жанчын), скуры машонкі, задняга праходу. Захворванню спрыяюць паслабленне арганізма, потлівасць, абапрэласць, неахайнасць. Гідрадэніт пачынаецца з запалення потавых залоз, да якога далучаецца запаленне навакольнай падскурнатлушчавай абалонкі. У глыбіні скуры з’яўляюцца адзін або некалькі шчыльных балючых вузельчыкаў, скура над імі чырванее. Затым вузельчыкі размякчаюцца і выкрываюцца з утварэннем гнойных свішчавых хадоў. Гной трапляе ў суседнія залозы і заражае іх. Цячэнне гідрадэніту доўгае, часта з рэцыдывамі. Жанчыны хварэюць часцей. Лячэнне: антыбіётыкі, фізіятэрапія, спецыфічная вакцынацыя і неспецыфічныя імунатэрапія; часам — хірургічная аперацыя.