ГУЛА́Г, радзей ГУЛаг (руск.: Главное управление исправительно-трудовых лагерей, трудовых поселений и мест заключения) — у СССР у 1934—1956 гадах падраздзяленне НКУС, якое кіравала сістэмай папраўча-працоўных (афіцыйная назва ў 1920-х гадах — канцэнтрацыйных) лагераў.
Для палітычных праціўнікаў бальшавіцкага рэжыму былі створаны адмысловыя месцы зняволення («паліт’ізалятары»), а таксама — у пачатку 1920-х гадоў — Упраўленне Салавецкіх лагераў асобага прызначэння ў падпарадкаванні органаў дзяржаўнай бяспекі ВЧК—АДПУ.
Гісторыя
11 ліпеня 1929 СНК СССР прыняў пастанову «Аб выкарыстанні працы крымінальна-зняволеных», па якім утрыманне ўсіх асуджаных на тэрмін 3 гады і больш перадавалася ў ОГПУ. 25 красавіка 1930 загадам АДПУ № 130/63[1] для выканання пастановы СНК СССР «Палажэнне аб папраўча-працоўных лагерах» ад 7 красавіка 1930 было арганізавана Упраўленне папраўча-працоўных лагераў АДПУ (УЛаг АДПУ) (СУ СССР. 1930. № 22. — С. 248). З 1 кастрычніка 1930 УЛаг АДПУ пераўтворана ў Галоўнае Упраўленне папраўча-працоўных лагераў ОГПУ (ГУЛаг)[2]. 10 ліпеня 1934 года быў створаны Народны камісарыят унутраных спраў СССР, у склад якога ўвайшлі пяць галоўных упраўленняў. Адным з іх было Галоўнае ўпраўленне лагераў (ГУЛаг). У 1934 году Унутранай ахове НКУС былі перападпарадкаваны канвойныя войскі СССР. 27 кастрычніка 1934 у ГУЛаг перайшлі ўсе папраўча-працоўныя ўстановы Наркамата юстыцыі РСФСР.
4 студзеня 1936 быў сфармаваны Інжынерна-будаўнічы аддзел НКУС, 15 студзеня 1936 — Упраўленне асаблівага будаўніцтва, 3 сакавіка 1936 — Галоўнае ўпраўленне будаўніцтва шасэйных дарог (ГУШАСДАР, руск.: ГУШОСДОР). У вядзенні НКУС знаходзіліся такія прадпрыемствы, як Галоўнае ўпраўленне па будаўніцтву горна-металургічных прадпрыемстваў, Глаўгідрабуд, Глаўпрамбуд, Дальбуд (Галоўнае ўпраўленне будаўніцтва Далёкай Поўначы) і інш. ГУЛаг быў расфарміраваны паводле загаду МУС СССР № 020 ад 25 студзеня 1960 згодна з Пастановай Савета міністраў СССР № 44-16 ад 13 студзеня 1960 і ў сувязі з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 студзеня 1960 «Аб скасаванні МУС СССР».
Пачатковы этап
Да стварэння ГУЛаг у РСФСР кіраўніцтва большасцю месцаў зняволення было ўскладзена на аддзел выканання пакаранняў Народнага камісарыята юстыцыі РСФСР і Галоўнае ўпраўленне прымусовых работ пры Народным камісарыяце ўнутраных спраў РСФСР.
27 чэрвеня 1929 года Палітбюро пачало ствараць самастойную сістэму лагераў, якія павінны былі замяніць існуючыя турмы па ўсёй краіне. Яны павінны былі прымаць зняволеных, асуджаных да зняволення на тэрмін звыш трох гадоў. Асобы, прысуджаныя да меншага тэрміна турэмнага зняволення, павінны былі заставацца ў турэмнай сістэме, якая знаходзілася ў падпарадкаванні НКУС[3]. Мэтай стварэння новых лагераў была каланізацыі аддаленых і неспрыяльных зямель на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Стварэнне буйной сеткі лагераў ішло паралельна з пачаткам калектывізацыі і індустрыялізацыі. Гвалтоўная калектывізацыя сельскай гаспадаркі прывяла да рэпрэсій у адносінах да сялян, асабліва, сярод іх заможнай праслойкі — кулакоў. Тэрмін «кулак» стане асацыявацца таксама з усімі, хто выступаў супраць або падазраваўся незадаволеным савецкім урадам. Гэта прывяло да таго, што за першыя чатыры месяцы раскулачвання 60 000 чалавек былі адпраўленыя ў лагеры[3].
У 1934 году агульныя турмы былі перададзеныя ў ГУЛаг НКУС СССР.
Перыяд росквіту
3 жніўня 1933 года пастановай СНК СССР зацверджаны Папраўча-працоўны кодэкс РСФСР, які прапісваў розныя аспекты функцыянавання ППЛ. У прыватнасці, кодэксам прадпісвалася выкарыстанне працы зняволеных[заўвага 1] і ўзаконьваць практыка заліку двух дзён працы за тры дні тэрміну[заўвага 2], шырока ўжывальная для матывацыі зняволеных пры будаўніцтве Беламорканала.
10 ліпеня 1934 года згодна з Пастановай ЦВК СССР пры стварэнні новага саюзна-рэспубліканскага НКУС у яго складзе было створана Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і працоўных паселішчаў. У кастрычніку таго ж года гэта ўпраўленне было перайменавана ў Галоўнае ўпраўленне лагераў, працпаселішч і месцаў зняволення. У далейшым гэта Упраўленне яшчэ двойчы пераназывалі і ў лютым 1941 года назву Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і калоній НКУС СССР, якая і замацавалася.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, у ГУЛаг патрапілі зняволеныя з краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама з Аўстрыі і савецкай акупацыйнай зоны. Сярод іх былі таксама нацыяналістычныя атрады палякаў, украінцаў, латышоў і літоўцаў[4]. Пасля вызвалення ад нямецкіх войск тэрыторыі Усходняй Еўропы, было прынята рашэнне выкарыстоўваць вызваленыя канцэнтрацыйныя лагеры для ўтрымання ваеннапалонных і іншых асуджаных. Гэта былыя канцлагера Мюльберг, Нойбрандэрбург, Баўтцэн, Араніенбург. У сумна вядомым нацысцкім канцлагеры Бухенвальд у жніўні 1945 года быў арганізаваны спецлагер № 2 НКУС для інтэрніраваных[5]. Згодна з савецкім архіўных даных, у 1945—1950 гг. толькі праз гэты лагер прайшло 28 455 зняволеных, з іх 7113 — памерлі[6].
У сувязі з рэарганізацыяй наркаматаў у міністэрства, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў і калоній у сакавіку 1946 года ўвайшло ў склад МУС СССР. Пасля расфарміравання былых канцлагераў Трэцяга Рэйху, частка іх маёмасці і абсталявання было вырашана выкарыстоўваць у сістэме ГУЛаг[7], у прыватнасці даследчае абсталяванне.
Пастановай Савета Міністраў СССР 21 лютага 1948 года «Аб арганізацыі лагераў і турмаў са строгім рэжымам для ўтрымання асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў [і аб накіраванні іх пасля адбыцця пакарання на пасяленне ў аддаленыя мясцовасці СССР]» для «шпіёнаў, дыверсантаў, тэрарыстаў, трацкістаў, правых, меншавікоў, эсэраў, анархістаў, нацыяналістаў, белаэмігрантаў і ўдзельнікаў іншых антысавецкіх арганізацый і груп» у сістэме ГУЛАГа ствараліся адмысловыя лагера (Сцеплаг, Мінлаг, Дубраўлаг, Азёрлаг, Берлаг). Зняволеныя ў іх павінны былі насіць нумары на вопратцы.
Гл. таксама
Заўвагі
- ↑ Гл. арт. 70, «у месцах пазбаўлення волі арганізуюцца прадпрыемства індустрыяльнага тыпу…»
- ↑ Артыкул 127: «Назіральныя камісіі могуць заахвочваць асабліва прадуктыўную працу пазбаўленых волі, якія адбываюць ссылку з папраўча-працоўнымі работамі і выконваюць выпраўленчыя працы без пазбаўлення волі, шляхам заліку двух дзён асабліва плённай працы за тры дні тэрміну».
Крыніцы
- ↑ Загад АДПУ ад 25.04.1930 № 130/63 «Аб арганізацыі кіравання лагерамі АДПУ»
- ↑ Лубянка 2003, с. 47.
- 1 2 Хлевнюк О. В. История ГУЛАГа: от коллективизации до большого террора. — 2004. — С. 9—11. — 464 с. — ISBN 0300092849.
- ↑ Энн Эпплбаум. ГУЛАГ: паутина большого террора. — Масква: Маскоўская школа палітычных даследаванняў, 2006. — ISBN 978-5-17-085229-1.
- ↑ «WWII: Behind Closed Doors», Episode 6 of 6. BBC. Broadcast on BBC 2, on Monday 15 December 2008.
- ↑ Petra Weber, Justiz und Diktatur: Justizverwaltung und politische Strafjustiz in Thüringen 1945—1961 : Veröffentlichungen zur SBZ-/DDR -Forschung im Institut für Zeitgeschichte, Oldenbourg Wissenschaftsverlag, 2000, p. 99, ISBN 3-486-56463-3.
- ↑ Государственный Архив РФ. Ф.9414. Оп.1с. Д.360.Л.222
Літаратура
- Лубянка: Органы ВЧК—ОГПУ—НКВД—НКГБ—МГБ—МВД—КГБ / авторы-сост. А. И. Кокурин, Н. В. Петров. — М.: МФД, 2003. — 768 с. — ISBN 5-85646-109-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме ГУЛАГ