Гуканне вясны — старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Мае язычніцкае паходжанне. Суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.

Распаўсюд

Даследчыкі лічаць, што Гуканне вясны было найбольш уласцівае ўсходу Беларусі. У заходніх абласцях яно не было выразна акрэслена і злівалася з масленкавай абраднасцю.

Час святкавання

В. Баратынскі. Палешчукі.

Як і многія іншыя язычніцкія абрады, Гуканне вясны не мела канкрэтнай даты.

  • У некаторых мясцінах Гуканне вясны супадала з канцом масленкавага тыдню. Магчыма, гэта выклікана хрысціянскім уплывам і забаронай танцаваць і спяваць у пост.
  • У некаторых раёнах вясную пачыналі гукаць 1 сакавіка, на свята Аўдакеі (Аўдоцця-вясноўка).
  • 9 сакавіка спраўляліся Саракі — свята, у якое, паводле павер’яў, павінны былі прыляцець з поўдня сорак «выраяў» (птушыных зграй).
  • У іншых мясцінах вясну пачыналі гукаць на Дабравешчанне (Звеставанне), якое святкавалася 25 сакавіка.
  • Беларускія неапаганцы вясну гукаюць па сонечнаму календару 5 красавіка.

Пасля пераходу на Грыгарыянскі каляндар ўсе праваслаўныя святы «зрушыліся» на 13 дзён наперад. Саракі «пераехалі» на 22 сакавіка, і вясну найчасцей гукаюць у 10-20-х лічбах сакавіка.

Святкаванне

Месца святкавання

Найчасцей збіраліся на адкрытым месцы (горцы, беразе ракі, краі лесу ці нават даху хаты ці лазні). Справа ў тым, што менавіта высокія месцы вясною першымі вызваляюцца ад снегу. Так апісана Гуканне вясны ў Гомельскім павеце (Магілёўская губерня), у кнізе П. В. Шэйна: «Звычайна само гуканне адбываецца ў нас так: гурты дзяўчат збіраюцца на самыя ўзвышаныя месцы ў вёсцы, каля гумнаў; пасцілаюць там салому і, пасеўшы на яе ў рады, пяюць да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні разносяцца тады па ўсіх навакольных „зборных пунктах“. Часта спяваюць па чарзе: у адным месцы пачнуць і спыняцца, у другім працягваюць». На Палессі была традыцыя збірацца на беразе возера ці ракі.

Паленне агню

Сяляне складалі вогнішча з рознай старызны і спявалі вакол яго песні-вяснянкі. Часам моладзь, як і на купальскія ігрышчы, ладзіла скокі праз вогнішча. У Чачэрскім раёне нават падпальвалі старое кола і пускалі яго на плыце па рэчцы (што пераклікаецца з аналагічным купальскіх абрадам). Спальванне старызны сімвалізавала развітанне з зімою, аднаўленне свету, амалоджванне прыроды.

Печаныя «жаваронкі»

Найчасцей пяклі сорак кавалкаў печыва ў выглядзе птушак і раздавалі дзецям. Часам дзяўчаты бралі палатно і хісталі яго, падкідваючы на ім уверх печаных жаваронкаў. Гэта як бы імітыравала палёт і павінна было паскорыць вяртанне птушак з Выраю. Адным з першых кожную вясну прылятаў жаўрук. Ён і лічыўся «вястуном» вясны.

«Затанцоўванне вясны»

Гэты абрад існаваў у Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Ён нагадваў калядныя і валачобныя абыходы вёскі. Моладзь збіралася і абыходзіла двары. Гаспадарам яна жадала добрага ўраджаю і багацця, а потым вадзіла ў двары карагод. Лічылася, што, «дзе карагод ходзіць — там жыта родзіць».

Веснавыя песні

Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы — прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, зэяўленне якой звязывалі з прылетам птушак з выраю і таму іх клікалі-гукалі:

"
Жавароначкі, прыляціце - у-у-у-у!
Вы нам лецейка прынясіце - у-у-у-у!
А зімачку забярыце - у-у-у-у!
Бо нам зімачка надаела - у-у-у-у!
Усе хлебушкі пераела - у-у-у-у!
"

У некаторых песнях Вясна і Зіма персаніфікуюцца, ператвараюцца ў жывых персанажаў.

"
Зіма з летам сустракаецца,
Пра здаровейка пытаецца:
— Ой, чалом, чалом, да цёплае лецейка!
— Ой, здарова была, да халодная зімачка!
— Што цябе, лецейка, узвелічаюць,
Мяне, зімачку, праклінаюць?
— Бо ты, зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла.

[1].

"

Зноскі

  1. [Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А.С. Ліса. Мн., 1992.]

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.