Грэцкі арэх | ||||||||||||||||
Дарослая расліна ў Чэхіі | ||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||||
Juglans regia L. | ||||||||||||||||
Ахоўны статус | ||||||||||||||||
|
Грэцкі арэх[3][4][5][6], Валоскі арэх (Juglans regia) — лістападнае дрэва, від дрэў роду арэх (Juglans) сямейства арэхавыя (Juglandaceae).
Батанічнае апісанне
Батанічная ілюстрацыя з кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887 |
Грэцкі арэх — хуткарослая, святлалюбная, цеплалюбівыя, засухаўстойлівая расліна. Буйное дрэва, вышыня да 30 метраў[6], і да 1,5 м у дыяметры[5].
Працягласць жыцця 300—400 гадоў. Цвіце грэцкі арэх у красавіку-маі, плады выспяваюць у верасні.
Ствол і парасткі
Ствол тоўсты і галінасты, пакрыты шэрай патрэсканай карой з падоўжнымі расколінамі, галіны ўтвараюць густую, шырокакруглую крону[5][6]. Маладыя парасткі бліскучыя аліўкава-шэрыя з круглымі, апушанымі пупышкамы.
Лісце
Ліст у восеньскай афарбоўцы |
Чарговае буйное лісце складанае, непарнаперыстае, 20-40 см даўжынёй. Кожны ліст складаецца з чатырох, шасці ці васьмі пар падоўжана-яйцападобных лісточкаў, тупых ці завостраных[6], з якіх верхні самы вялікі. Лісточкі бываюць ад 40 да 70 мм даўжынёй, распускаюцца адначасова з кветкамі, яны цэльнакрайнія, яйкападобныя, пры распусканні ружовыя, летам цёмна-зялёныя, бліскучыя, знізу матавыя, пры расціранні з прыемным характэрным пахам[5].
Кветкі
Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Тычыначныя кветкі з 5-6 пялёсткавым калякветнікам і 8-40 тычачкамі сабраны ў вісячыя доўгія каташкі ружова-зялёнага колеру, развіваюцца на леташніх парастках. Песцікавыя кветкі размешчаны на верхавінках аднагадовых галін, адзінкава ці групамі па дзве-тры. Яны маюць просты 5-6-пялёсткавы калякветнік. Песцік адзін, з ніжняй завяззю, кароткім слупком з двухлопасцевым махрыстым лычыкам.
Цвіце ў красавіку — маі[5].
Плады
Плады грэцкага арэху |
Арэхаплоднае дрэва, пачынае пладаносіць на 8-10-ы год. Плады — буйныя аднанасенныя несапраўдныя касцянкі (арэхі) — маюць тоўстую, мясістую скурыста-кудзелістую зялёную лупіну і моцную костачку з дравяністай, маршчыністай, рабрыстай абалонкай[5][6], форма ад круглявай да яйкападобнай, да 5 см даўжынёй, да 3 см у шырыню; пры наступленні спеласці лупіна плоду, высыхаючы, лопаецца на 2 часткі і сама сабой аддзяляецца, костачка сама сабой не раскрываецца.
Касцянка без вонкавай абалонкі складаецца са знешняй дравяністай абалонкі і ядра. Паверхня абалонкі мае выпуклае шво, якое дзеліць плод на дзве палавінкі. У ядры ёсць адна ці дзве (часам і больш) перагародкі.
Плады паспяваюць у канцы жніўня - верасні[5].
Злева направа: агульны выгляд; кара; пупышкі |
Злева направа: тычынкавыя кветкі; песцікавыя кветкі; няспелы плод; спелы раскрыты плод |
Распаўсюджанне
Ф. Н. Кёніг. «Інтэрлакен», 1804 |
Грэцкі арэх у Славеніі |
У дагістарычныя часы грэцкі арэх у Заходняй Еўропе быў значна больш распаўсюджаны, хоць, магчыма, то быў блізкі да гэтага, а не той самы від, які там распаўсюджаны ў цяперашні час.
Радзіма Балканскі паўвостраў. У дзікім стане грэцкі арэх расце ў Сярэдняй Азіі[5], Закаўказзі, асабліва ў заходняй частцы, а таксама ў Талышскіх гарах. Грэцкі арэх расце ў паўночным Кітаі, у паўночнай Індыі, на Цянь-Шані, у Іране, у Малой Азіі і Грэцыі. У Заходняй Еўропе ён лічыцца здзічэлым, але разводзіцца яшчэ да шыраты 56° з. ш. Па звестках Шубелера, у Нарвегіі і Швецыі нават да 59°. Самым паўночным дрэвам гэтай пароды на ўсёй зямлі той жа аўтар лічыць дрэва, якое знаходзіцца ў нарвежскім гарадку Форзундзе, пад 63° 35' з. ш. Усё гэта адзінкавыя асобнікі, за якімі старанна даглядаюць.
У Расіі, у Санкт-Пецярбургу грэцкі арэх не вымярзае цалкам, але і не ўздымаецца ў выглядзе сапраўднага дрэва. Яго разводзяць з мэтай атрымаць спелыя плады, што здараецца не штогод, яшчэ да шыраты Варонежа; да 52° з. ш. у заходняй Расіі, а ўжо з даўгаты Харкаве арэал пашыраецца да поўдня.
У Беларусі зрэдку сустракаецца па ўсёй тэрыторыі ў парках і вулічных насаджэннях[6]. 3 усіх відаў арэхавых гэты від мае найбольшае значэнне і пашырэнне. Інтрадукаваны ў паўднёва-заходнія раёны Беларусі ў другой палове XVIII ст. Пладовыя дрэвы ёсць у парках, вулічных насаджэннях, на прысядзібных участках у Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай абласцях.
Ва Украіне распаўсюджаны ў садова-паркавых культурах, у лясных насаджэннях як пладовая спадарожная парода, у лесапалосах і прыдарожных пасадках. Асноўныя насаджэнні грэцкага арэха ва Украіне размешчаныя ў Чарнавіцкай вобласці і ў Крыму абласцях[7].
Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона прыводзіць паведамленне, што пры царкве грузінскага сяла Кехві (Гарыйскі павет Тыфліскай губерні, цяпер Цхінвальскі раён Паўднёвай Асеціі), у 12 вёрстах (12,8 км) ад Цхінвалі, рос грэцкі арэх вышынёю ў 84 футы (25,6 м), а ў абхваце 28 футаў (8,5 м), у цені яго маглі схавацца да 200 коннікаў. Ён даваў штогод да 100 пуд ов (1,6 т) пладоў. У многіх месцах Закаўказскага краю.
Асноўнымі вытворцамі грэцкага арэха з’яўляюцца Кітай, ЗША і Турцыя.
Павет Янбі знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Далі-Байскага аўтаномнай акругі кітайскай правінцыі Юньнань, дзе камфортны клімат, глеба добра захоўвае ваду, маецца дастаткова сонечнага святла, што ўяўляе аптымальныя ўмовы для вырошчвання грэцкага арэха. У КНР гэтай мясцовасці нададзена званне «Радзіма кітайскага грэцкага арэха»[8].
З рэспублік былога Савецкага Саюза значная колькасць арэха вырошчваецца на Украіне і ў Малдове. Ва Украіне штогод вырабляецца да 27 тыс. тон арэхаў.[9]. У структуры экспарту Малдовы арэх займае 4-е месца — пасля віна, тэкстылю і пшаніцы. Яшчэ ў XVIII стагоддзі Дзмітрый Кантэмір згадваў арэх у ліку галоўных багаццяў краіны. Да нашых дзён захаваўся ў малдаўскіх сёлах звычай, які ідзе з глыбокай даўніны, саджаць арэх, калі ў сям’і народзіцца дзіця.
Грэцкі арэх не любіць цяжкіх і сырых глеб, расце асабліва добра ў далінах, якія абрашаюцца цякучымі водамі. Дэфіцыт гэтай прадукцыі на еўрапейскім рынку ў апошнія гады складае да 100 тыс. тон арэхаў ў абалонцы[9]. Па камерцыйнай каштоўнасці ядра арэха падпадзяляюць на цэлыя, палоўкі, чвэртачкі і дробку, дзе кошт паступова памяншаецца — цана непашкоджанага насення ў 3-4 разы вышэй цаны драблёнага (пашкоджанага) насення[9].
Сусветная вытворчасць
грэцкіх арэхаў па гадах (тыс. тон) | |
---|---|
1965 | 533 |
1970 | 654 |
1975 | 733 |
1980 | 795 |
1985 | 836 |
1990 | 890 |
1995 | 1 068 |
2000 | 1 292 |
2005 | 1 747 |
2006 | 1 691 |
2007 | 1 929 |
2008 | 2 125 |
2009 | 2 282 |
10 вядучых сусветных вытворцаў
грэцкіх арэхаў (тыс. тон) | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Краіна | 1985 | 1995 | 2005 | 2009 | ||
Кітай | 122 | 230 | 499 | 979 | ||
ЗША | 198 | 212 | 322 | 376 | ||
Турцыя | 110 | 110 | 150 | 177 | ||
Іран | 31 | 119 | 170 | 141 | ||
Украіна | н/д | 76 | 91 | 83 | ||
Мексіка | 6 | 6 | 80 | 70 | ||
Францыя | 27 | 22 | 33 | 41 | ||
Румынія | 39 | 22 | 48 | 38 | ||
Індыя | 15 | 25 | 32 | 36 | ||
Егіпет | н/д | н/д | 27 | 27 | ||
Крыніца: Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН |
Хімічны склад
Ядры арэхаў
Ачышчаныя ядры |
У склад ядраў грэцкага арэха ўваходзяць разнастайныя арганічныя і мінеральныя злучэнні: тлушчы, бялкі - 9-18 %[5], вугляводы − 7[10]-13 %[9] (глюкоза, цукроза, дэкстрын, крухмал і г. д.), дубільныя і араматычныя рэчывы, вітаміны К і Р, 2,9 % клятчаткі, 1,6 % попелу, амінакіслоты (аспарагін, цысцін, глутамін, серын, гістыдзін, валін, фенілаланін).
Плады ўтрымліваюць 50-70[11]-78 %[5][12] алею і да 21 % бялку[10][11]. Тлусты алей складаецца з гліцэрыдаў лінолевай, алеінавай, стэарынавай, пальміцінавай і ліналенавай кіслот[13]. Ён змяшчае ў сабе вітаміны А, D, Е, К, антыаксіданты і поліненасычаныя тлустыя кіслоты (лінолевая Амега-6 і ліноленовая Амега-3), якія яшчэ называюць незаменнымі[9].
Няспелыя плады багатыя аскарбінавай кіслатой[5] (да 10[10] %, паводле іншых звестак[6], да 3 %). Утрыманне вітаміну С больш за 3000 мг% вітаміну С, у спелых пладах — 35 мг%. Няспелыя плады, да зацвярдзення шкарлупы, па ўтрыманні вітаміну С (2000 — 3000 мг%) у 7-10 разоў перавышаюць найлепшыя сарты чорных парэчак[11].
Лісце і каляплоднік
У лісці ўтрымліваюцца хіноны (нафтахінон юглон[6], α-гідраюглон, β-гідраюглон), флаваноіды (гіперазід, 3-арабіназід кверцэцін, 3-арабіназід кемпферол), вітамін B, аскарбінавая кіслата (4-5 %), дубільныя рэчывы (3-4 %), элагавая і галусавая кіслоты, кафейная кіслата (0,1 %), караціноіды, у складзе якіх знойдзены β-карацін (12 мг на 100 гр), віялаксантын, флаваксантын, крыптаксантын, эфірны алей (да 0,03 %)[6].
Зялёны каляплоднік утрымлівае α- і β-гідраюглоны, аскарбінавую кіслату (да 3 %), дубільныя рэчывы, цукар, яблычную і лімонную кіслоты, дубільныя і фарбавальныя рэчывы, фосфарна- і шчаўекіслы кальцый.
Шкарлупіна
Цвёрдыя абалонкі пладоў утрымліваюць значную колькасць дубільных рэчываў (16-21 %), у тым ліку галавую і элагавую кіслоты.
Гаспадарчае значэнне і ўжыванне
Харчовая, вітамінная, алейная, драўняная, лекавая, эфірнамаслінная, дубільная, фарбавальная, дэкаратыўная, фітанцыдная і касметычная расліна.
Выкарыстанне ў харчаванні
Няспелыя плады выкарыстоўваюць для вырабу вітамінных канцэнтратаў і вітамінізаваных прадуктаў (варэнне). У харчовай прамысловасці прымяняюцца ядры арэхаў, якія адрозніваюцца выключнымі смакавымі ўласцівасцямі і высокай харчовай каштоўнасцю: 1 кг грэцкіх арэхаў дае больш 8500 калорый[5] і па каларыйнасці зерне грэцкіх арэхаў у два[9] разы перавышае пшанічны хлеб вышэйшага гатунку, таму грэцкі арэх выкарыстоўваецца для дыетычнага харчавання і прыгатавання кандытарскіх вырабаў.
Лячэбна-дыетычныя ўласцівасці маюць плады, зялёныя каляплоднікі і лісце. Плады грэцкага арэха выкарыстоўваюць у многіх галінах прамысловасці: у кандытарскай (начынне, цукеркі, тарты, печыва і таму падобнае), у кансервавай, пладова-агародніннай, алейнай вытворчасці. Асабліва высокія смакавыя ўласцівасці мае арэхавы алей, які выкарыстоўваюць у харчовай прамысловасці. У ім ёсць стэарынавая, алеінавая, лінолевая, ліналенавая і пальміцінавая кіслоты. Алей грэцкага арэху захоўваецца нядоўга. Колькасць тлустага алею ў ядры арэхаў дасягае 70 %. Асноўную масу азоцістых злучэнняў складае бялок. У параўнанні з іншымі пладовымі і ягаднымі культурамі ядры грэцкага арэха багатыя жалезам, алюмініем, стронцыем, марганцам, цынкам, нікелем, борам, меддзю, хромам, шмат фосфару, калію, кальцыю, магнію. Ядры маюць у сабе ўсю групу вітамінаў B, вітаміны A, E, P і невялікую колькасць вітаміну C. Арэхавы жом мае 48,5 % бялковых рэчываў, 9,5 % тлушчоў, 6,7 % цэлюлозы і можа выкарыстоўвацца ў кандытарскай вытворчасці, а таксама як каштоўны канцэнтраваны корм для кармлення жывёл. З недаспелых пладоў вараць варэнне.
Даказана дабратворнае ўздзеянне ўжывання арэхаў на якасць спермы[14].
Медыцынскае выкарыстанне
У навуковай медыцыне
Лекавай сыравінай з'яўляюцца лісткі (лац.: Folia Juglandis regiae) і зялёныя каляплоднікі (лац.: Cortex Juglandis regiae fructibus) арэха грэцкага. Збіраюць асобныя лісточкі складанага ліста ў час цвіцення расліны. Іх абрываюць рукамі і сушаць у цені[6]. Іх рэкамендуюць як сродак супраць эксудатыўнага дыятэзу, рахіту і для гаення ран. Таксама выкарыстоўваюць саспелыя плады і цвёрдую абалонку пладоў. Прэпараты грэцкага арэха выкарыстоўваюць для мясцовага лячэння скурнага туберкулёзу[5], стрэптакокавай і стафілакокавай інфекцыяй[5], для загойвання ран пры хранічным ртутным атручэнні, разрыхленні дзясен, выкліканым цынгой, залатушным запаленні вачэй і г. д[6].
Ядры арэхаў рэкамендаваны хворым атэрасклерозам, сухотамі[5], пры гіпертаніі, падвышанай кіслотнасці страўнікавага соку[12][15]. Іх рэкамендуюць пры вялікай фізіялагічнай і разумовай стомленасці, пры значнай страце масы, пасля цяжкіх хвароб.
Алей грэцкага арэха халоднага прасавання выкарыстоўваюць для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, зніжэння ўзроўню халестэрыну, а таксама пры дыябеце[5][12].
Лячэбнае значэнне маюць і лакуны («перагародкі») арэхаў. Так, 20-% настойка лакун апынулася эфектыўнай пры эўтырэоіднай форме дыфузнага зобу і лёгкай форме тырэятаксікозу[16].
У народнай медыцыне
У народнай медыцыне грэцкі арэх ужываюць пры катарах страўніка і кішак, пры паносах, рахіце, эксудатыўным дыятэзе, падагры, крывацёках[6]. Лісце здаўна ўжывалася як раназажыўляльны і вітамінавы сродак[10].
Паколькі няспелыя плады маюць высокае ўтрыманне вітаміна С, у народнай медыцыне спіртавыя настойкі здробненых маладых пладоў выкарыстоўваюць як лячэбны і вітамінны сродак.
Пры падвышанай сакрэцыі страўніка ўжываюць насенне грэцкага арэха па 1-2 сталовыя лыжкі 3 разы ў суткі за 30 мін да ежы[17]. Ужываць у ежу арэхі проціпаказана пры хваробах кішачніка[16].
Цвёрдая абалонка арэха выкарыстоўваецца для лячэння ран, інфекцыйных запаленняў скуры. Адварам робяць прымочкі да паражаных месцах, ім можна паласкаць ротавую паражніну і горла пры запаленні (дзеянне дубільных рэчываў)[17].
Драўніна
Падоўжны спіл драўніны грэцкага арэха |
Драўніна грэцкага арэха лічыцца каштоўнай пародай дрэва, якая прымяняецца для вырабу высакаякасных прадметаў. Паколькі яна з'яўляецца пабочным прадуктам вырошчвання грэцкіх арэхаў, з прычыны чаго яе паступленне нерэгулярна, прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць гэтую драўніну, нешматлікія і арыентаваны на невялікія яе аб'ёмы. Тая акалічнасць, што дрэвы грэцкага арэха пры нарыхтоўцы часта выкопваюць з коранем, абумоўлена, аднак, не недахопам драўніны. Самыя ніжнія часткі ствала дрэва, якія знаходзяцца часам у зямлі, клубнепадобна патоўшчаныя і выкарыстоўваюцца для вырабу самага каштоўнага шпону з касаслойнай драўніны, упрыгожанай багатымі ўзорамі.
Драўніна грэцкага арэха мае прыгожую тэкстуру, трывалая, аднастайная, цвёрдая, добра паддаецца апрацоўцы, выдатна паліруецца. Яна выкарыстоўваецца для вырабу мэблі, паркету, а таксама афармлення інтэр'ераў дамоў і аўтамабіляў. З грэцкага арэху робяць музычныя інструменты, фанеру, прыклады для стрэльбаў, дробныя вырабы. Наплывы (капы) на ствалах арэха выкарыстоўваюць для вырабу мастацкіх вырабаў і дарагой мэблі.
Па прычыне высокага кошту для вытворчых мэтаў звычайна выкарыстоўваецца шпон. Акрамя таго, драўніна арэха ўжываецца для вырабу драўляных частак паляўнічай зброі па прычыне высокай дынамічнай трываласці і мінімальнай схільнасці да парэпання. Існуе меркаванне, што выкарыстанне драўніны арэха ў зброевай вытворчасці прыводзіла да істотных скарачэнняў плошчы распаўсюджвання дрэў у ваенныя гады[18].
Абалона арэха мае шэры колер, часам з чырванаватым адценнем і выразна аддзелена ад цёмнага ядра, якое можа мець вельмі розную афарбоўку, ад цёмна-шэрага да цёмна-карычневага. Колер драўніны часта залежыць ад месца вырастання, асабліва — ад клімату і ўласцівасцяў глебы. На рынку адрозніваюць месца паходжання драўніны. Так, «італьянскі арэх» мае, у параўнанні з арэхам з Германіі або Швейцарыі, больш чырвонае адценне і складаную структуру малюнка драўніны. У Германіі асабліва шанаваўся «каўказскі арэх» з яго чорнай размалёўкай. Большы попыт існуе на «французскі арэх» з-за яго асаблівай расфарбоўкі і ўзору.
Драўніна арэха паўкольцапорыстая. Гэта значыць, што ранні прырост з буйнымі порамі адрозніваецца ад позняга прыросту з дробнымі порамі, але не так моцна, як у кольцапорыстых парод драўніны. З прычыны гэтага на тангенцыйным зрэзе драўніны арэха ўзнікае дэкаратыўны муаравы ўзор, а на радыяльным — узор з палос. Акрамя таго, колер ядровой драўніны часцяком нераўнамерны, за кошт чаго атрымліваюцца паверхні са складаным узорам тэкстуры, колеру і ўнутранай гульнёй святла, якія асабліва цэняцца. Драўніна арэха тонкавалакністая, мае сярэднюю цвёрдасць і шчыльнасць, якая складае ад 450 да 750 кг/м³. Драўніна глейкая і трывалая на выгіб, але не эластычная. Устойлівая да вільгаці, добра апрацоўваецца, афарбоўваецца і паліруецца. Пры сушцы моцна карабаціцца, аднак у высушаным стане захоўвае форму.
Садова-лясная гаспадарка
Грэцкі арэх у восеньскай афарбоўцы, Францыя |
Грэцкі арэх у Германіі |
У паўднёвых раёнах шырока культывуецца як дэкаратыўная расліна. Садовая і паркавая расліна, пыле- і газастойкая і даўгавечная парода. Рэкамендуецца для адзіночных, групавых пасадак і алей, стварэння масіваў, абсадкі дарог. Грэцкі арэх шырока ўжываецца ў лесамеліярацыйных насаджэннях. Яго густая крона мае добрыя ветраахоўныя ўласцівасці, а лісце ўзбагачае глебу перагноем. Засухаўстойлівасць, даўгавечнасць, здольнасць да парасткавага аднаўлення даюць магчымасць прымяняць яго як спадарожную пладовую пароду ў полеахоўных палосах, у бэльках і ў ахоўных насаджэннях на абрашаных землях.
Культура грэцкага арэха пачалася з самых старажытных часоў, і ён даў мноства разнавіднасцяў; разнастайнасць заўважаецца у ліку лісточкаў пёрыстага лісця, якія часам бываюць нават суцэльнымі, у напрамку галін, у ступені далікатнасці дравяністай часткі плоду і інш. Садовыя формы адрозніваюцца сілуэтам кроны, афарбоўкай лісця і кветак.
Зялёны каляплоднік багаты юглонам, наяўнасць якога ў лісці і зялёных каляплодніках сведчыць пра аздараўленчае значэнне грэцкага арэха ў насаджэннях.
У парфумернай прамысловасці і касметалогіі
У парфумернай прамысловасці выкарыстоўваюць прадукты перапрацоўкі арэхавага алею. Паколькі ён ваалодае здольнасцю раствараць эфірныя алеі, з яго дапамогай здабываюць каштоўныя араматычныя злучэнні — ружавы, фіялкавы, лімонны, памяранцавы эфірныя алеі[5]. Адварам лісця мыюць галаву для надання валасам цёмнага адцення[5].
Іншае выкарыстанне
Лісце ўтрымлівае горкія і араматычныя рэчывы, выпарэнні якіх прычыняюць некаторым галаўны боль. Яны ўжываюцца ў Закаўказзі для адурэння рыбы (фарэлі) у горных рэчках.
Уся расліна мае інсектыцыдныя і фітанцыдныя ўласцівасці[5]. Адвар лісця ўжываюць для барацьбы з павуціннай моллю пладовых раслін. Лісце грэцкага арэха валодае высокімі фітанцыднымі ўласцівасцямі, адпуджвае мух[11].
Шкарлупінне арэхаў змяшчае шмат дубільных рэчываў і выкарыстоўваецца для дублення скуры. Алей выкарыстоўваецца для вытворчасці высакаякасных мастацкіх фарбаў, а таксама ў паліграфічнай прамысловасці.
Зялёныя абалонкі пладоў выкарыстоўваюць для афарбоўкі тканін у розныя адценні карычневага колеру. Як фарбавальнікі ўжываюць таксама і галы на лісці. З экстракту лісця і лупіны зялёных пладоў атрымліваюць устойлівы, экалагічна чысты фарбавальнік.
Абалонка грэцкіх арэхаў выкарыстоўваецца для вырабу актываванага вугалю, шліфавальнага каменя, лінолеўма, толя[9].
Пчолы збіраюць з арэха досыць пажыўны пылок.
Агратэхніка
Арэхавы сад на ранчы ў Каліфорніі, ЗША |
Грэцкі арэх у Францыі |
Цепла- і святлолюбівая культура. Дрэнна пладаносіць ва ўшчыльненых пасадках, якія недастаткова праветрываюцца і асвятляюцца. Для нармальнага росту і развіцця грэцкаму арэху неабходны вегетацыйны перыяд працягласцю не менш як 150 дзён з сумай тэмператур (вышэй за 10°°C) каля 2000 °C. У крытычныя зімы дрэвы падмярзаюць: тычынкавыя пупышкі пашкоджваюцца пры −21,5 °C, верхавінкавыя — пры −22 −23 °C. У перыяд утварэння пылку крытычная тэмпература для тычынкавых кветак 2,8 °C. Аднак у грэцкага арэха добрая аднаўленчая здольнасць (праз 2—3 гады)[15].
Паколькі арэхавае дрэва занадта зацяняе іншыя дрэвы, то яго трэба саджаць на краі саду.
Да глеб арэх мала разборлівы, хоць аддае перавагу глыбокай і друзлай пескавата-камяністай глебе, не вельмі сухой, прытым поўнай вапнай. На вырошчванне непрыдатныя забалочаныя, пераўвільготненыя і моцна глеістыя глебы. Насаджэнні найбольш прадукцыйныя на ўрадлівых, дастаткова ўвільготненых глебах.
Развядзенне
Парастак грэцкага арэха |
Грэцкі арэх разводзіцца амаль выключна насеннем. Насенне (арэхі) высейваюць без падсушвання ў кастрычніку або рана вясной пасля 2-3-месячнай стратыфікацыі на глыбіню 7-10 см. Пры пасеве лепш за ўсё арэхі класці ў грунт бокам на шво.
Французскаму садоўніку Ф. Трэйву ўдалося знайсці надзейны спосаб прышчэпкі арэха ў расшчэп да аднагадовага або двугадовага сеянца, які высаджваюць услед за прышчэпкай ў парнік. Магчыма прышчапляць сартавы арэх на 2-3-гадовыя сеянцы грэцкага, шэрага або чорнага арэхаў.
Лепшы спосаб прышчэпкі «напаўтрубкаю». Прышчапляюць у другой палове чэрвеня — у ліпені, калі добра адстае кара, Для прышчэпкі згаданым спосабам на аднагадовых прыростах шчэпы выразаюць трубку кары, даўжынёй 3-3,5 см, з вочкам пасярэдзіне і ўстаўляюць на месца выразанай кары такога ж памеру ў прышчэпы. На прышчэпе кару здымаюць толькі на палове акружнасці стволіка, таму дыяметр тронка-шчэпы павінен быць значна меншым. Месца прышчэпкі абвязваюць плёнкай.
Маладое дрэўца |
Саджанцы перасаджваюць на пастаяннае месца не пазней за 2-3-гадовага ўзрост[11]. Пасадку праводзяць вясной прышчэпленымі саджанцамі або 3—5-гадовымі сеянцамі. Мінімальная адлегласць паміж дрэвамі 8 м. Крону фарміруюць з 5—6 шкілетных галін, абрэзку робяць ранняй вясной, да пачатку руху сокаў. Азотныя ўгнаенні ўносяць кожны год, калійныя і фосфарныя — адзін раз у 2—3 гады[15].
Лепш за ўсё расце грэцкі арэх на супясчаных, досыць увільготненыхі урадлівых глебах[11].
Паспяванне тычынак і песцікаў у грэцкага арэха адбываецца ў розны час, што выключае самаапыленне. Гэта ўласцівасць спрыяе перакрыжаванаму апыленню і атрыманню паўнавартасных арэхаў. У некаторых сартоў тэрміны цвіцення жаночых і мужчынскіх кветак перакрываюцца, звычайна гэта адбываецца, калі першымі заквітаюць жаночыя кветкі. Дрэва, у якога першымі раскрываюцца мужчынскія кветкі, з'яўляецца самастэрыльным, паколькі каташак можа пыліць ад некалькі гадзін у гарачыя дні да 7 дзён у пахмурнае надвор'е.
На сёмы — восьмы год дрэва дае плады і захоўвае гэтую здольнасць да 500 гадоў. Ураджайнасць можа дасягаць 25-30 цэнтнераў з гектара.
Грэцкі арэх непатрабавальны, не патрабуе адмысловага догляду. Пакуль дрэвы не пачалі цалкам плоданасіць, у міжраддзях вырошчваюць іншыя сельскагаспадарчыя культуры (напрыклад, кукурузу).
Сарты
Саспелыя плод і насенне грэцкага арэха |
Гісторыя
Па звестках ЭСБЭ, з сартоў грэцкага арэха найбольш распаўсюджаны ў Крыму быў ‘angulosa’ з цвердаскурымі пладамі сярэдняй велічыні, які лепш за іншых расце ў паўднёвай Расіі. Вышэй яго па якасцях пладоў танкаскуры сорт ‘tenera’; потым ішлі сорт карга-бурун з востраканечнымі пладамі і ‘maxima’ з вельмі буйнымі пладамі, але вельмі дробнымі зернямі або насеннем, прыдатнымі да ўжывання толькі ў свежым выглядзе; яго называлі «ёлачны арэх», ён ішоў на ўпрыгожванне навагодніх елак. Выдатны таксама сорт ‘serotina’, у якога позна распускаецца лісце і з'яўляюцца кветкі, а таму ён менш, чым іншыя, пакутуе ад маразоў, да ўплыву якога грэцкі арэх наогул вельмі адчувальны; а таксама ўрадлівы ‘praeparturiens’ — маларослы, які адрозніваецца раннім плоданашэннем — часам у трох-чатырохгадовым узросце. Вельмі пладаноснымі лічыліся таксама сарты ‘racemosa’, у якога па 10-13 арэхаў сядзяць разам у выглядзе гронкі, і ‘microcarpa’. Як дэкаратыўны сорт — ‘heterophylla’ і амерыканскія разнавіднасці ( ‘cinerea’, ‘nigra’ і іншыя).
Сучаснасць
Ва Украіне раянаваны наступныя сарты: Бомба, Гроздевий, Паперовий[11]. Плады расліны сорта Бомба — вялікія, з тоўстай шкарлупінай, а Паперові — з тонкай шкарлупінай[7].
Ураджайнасць
Плоданашэнне ў грэцкага арэха пачынаецца з 8-10-гадовага ўзросту (пры правільным фарміраванні кроны і добрым доглядзе плоданасіць і з 4-5-гадовага ўзросту), але больш багата з 15-20 гадоў і працягваецца да 150—200 гадоў і больш позняга ўзросту. Збор арэхаў дасягае ў Малдове да 1,5-2 тысяч штук з дрэва, у Вінніцкай і Хмяльніцкай абласцях Украіны — да 25 кілаграмаў, а часам звыш 150 кілаграмаў, у Крыме 25-40-гадовыя дрэвы даюць штогод 2-2,5 тысячы арэхаў.
Збор, перапрацоўка і захоўванне
Сабраныя плады |
Збіраюць арэхі ў верасні — кастрычніку, пасля ападу іх на зямлю. З сабраных арэхаў здымаюць зялёны каляплоднік, сушаць на сонцы або ў сушыльных камерах пры тэмпературы не вышэй 60 °C. Вільготнасць прасушаных арэхаў не павінна перавышаць 10 %. З дапамогай калібровачных машын арэхі сартуюць, правяраюць на якасць і складаюць у папяровыя або тканевыя мяшкі вагой 30-50 кг. Тэрмін захоўвання два-тры гады.
Выхад ядра ад танкасценных арэхаў складае каля 50 % ад масы пладоў, таўстасценных — 30-35 %[9]. Па якасці грэцкія арэхі падзяляюць на тры гатункі (ДАСТ 16832-71), што залежыць ад памеру арэхаў. Да вышэйшага гатунку ставяцца арэхі з дыяметрам 28, першаг — 25, другога — 20 мм. Выхад зерня з арэхаў складае (%): вышэйшага гатунку 50, першага — 45, другога — 35[9].
Лісце збіраюць вясной і ў пачатку лета ў сухое надвор'е і пасля таго, як знікне раса. Яго абрываюць і складаюць у кошыкі або мяшкі, затым сушаць на сонцы або пад намётамі, рассцілаючы тонкім пластом (23 см) на паперы або тканіне[5]. Счарнелае лісце адкідаюць. Сухой сыравіны атрымліваецца 23-25 %. Захоўваюць у сухіх прахалодных памяшканнях.
Каляплоднікі збіраюць пры нарыхтоўцы пладоў, разразаючы іх напалову, адкідаючы пашкоджаныя часткі. Сушаць у сушылках пры тэмпературы 30-40°. Сухой сыравіны атрымліваецца 2 %. Сыравіну пакуюць у мяшкі і захоўваюць звычайным спосабам.
Зялёныя, недаспелыя плады збіраюць у перыяд малочна-васковай спеласці, калі ўнутраная абалонка яшчэ лёгка разразаецца нажом.
Промыслы
Грэцкі арэх на паштовай марцы Украіны |
Па звестках ЭСБЭ, на Каўказе існаваў промысел, заснаваны на зрэзванні з арэхавага дрэва нарастаў, якія высока шанаваліся сталярамі. Звычайна такія нарасты былі каля 1,2 метра ў даўжыню і вагой 330—660 кг, але трапляліся кавалкі даўжынёй у 2,1 метра і вагой у 1300—1640 кг. У пачатку XX стагоддзя экспарт такіх нарастаў з Расіі складаў каля 1600 т на суму звыш 250 000 руб. Здабыча нарастаў вялася нядбайна, так што ў большасці выпадкаў адбывалася гібель дрэва.
Шкоднікі
Пашкоджанні ад Aceria erinea на адваротным баку лісця грэцкага арэха |
Сляды ад Gnomonia leptostyla |
- Aceria erinea
- Leiopus nebulosus
- Ophiognomonia leptostyla
- Rhagoletis completa
- Xyleborus saxeseni
- Xyleborus dispar
У мастацтве
Плады грэцкага арэха можна бачыць на карцінах такіх мастакоў, як Абрахам ван Калраэт, Альфрэд Сіслей, Антоніа Перэда, Флорыс ван Шутэн, Флорыс ван Дэйк, Георг Флегель, Ян ван Хёйсум, Якаб ван Эс, Жан Батыст Сімяон Шардэн, Джон Данстал, Луіс Мелендэс, Марыя Аўэрсперг Атэмс, Вілем ван Алст, Франц Ніклаўс Кёніг і іншых
Галерэя
- Альфрэд Сіслей. «Нацюрморт, вінаград і арэхі», каля 1880
- «Суніцы і грэцкі арэх», каля 1840
- Якаб ван Эс. «Нацюрморт з вавёркай і папугаем (фрагмент)», XVII стагоддзе
- Каравэла, зробленая з паловы шкарлупіны грэцкага арэха
- Вілем ван Алст. «Нацюрморт з мышшу і свечкай», 1647
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 69. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Орех грецкий // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 89-91. — 200 с. — 130 000 экз.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Орех грецкий // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 106-108. — 592 с. — 120 000 экз.
- 1 2 Українські страви (Третє видання) — Київ: Державне видавництво технічної літератури УРСР, 1960
- ↑ Фэст грэцкага арэха
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Поперечний А. М., Корнійчук В. Г. Цінність горіхової сировини та передумови до процесів її переробки / Обладнання та технології харчових виробництв Збірник наукових праць(недаступная спасылка). — 2009, Вип. 20.
- 1 2 3 4 Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь: Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 183. — ISBN 5-06-000085-0.
- 1 2 3 4 5 6 7 Советы по ведению приусадебного хозяйства / Ф. Я. Попович, Б. К. Гапоненко, Н. М. Коваль и др.; Под ред. Ф. Я. Поповича. — Киев: Урожай, 1985. — с.664, ил. Тираж 120 000 екз.
- 1 2 3 Ковальчук Х. І. Вплив нетрадиційної сировини на мінеральний склад нових кексів // Обладнання та технології харчових виробництв Збірник наукових праць(недаступная спасылка) — 2012. — Вип. 28
- ↑ Лекарственные свойства сельскохозяйственных растений / Под ред. Борисова М. И.. — Мн.: Ураджай, 1974. — С. 244. — 336 с.
- ↑ Rubin R.. Walnuts May Improve Sperm Quality in Healthy Men. Researchers Now Want to See Whether Walnuts Can Help Men With Fertility Issues Become Fathers (англ.)(недаступная спасылка). WebMD Health News. WebMD, LLC (15 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2018. Праверана 12 сакавіка 2013.
- 1 2 3 Энцыклапедыя сельскага гаспадара. Мн., 1993.
- 1 2 Лікарські рослини: Енциклопедичний довідник/ Відп. ред. А. М. Гродзінський.—К.: Видавництво «Українська енциклопедія» ім. М. П. Бажана, Український виробничо-комерційний центр «Олімп», 1992.—544с.
- 1 2 Товстуха Є. С. Фітотерапія. — К.: Здоров'я, 1990 —304 с., іл., 6,55 арк. іл. Тир. 75 000 прим.
- ↑ D. Grosser, W. Teetz. Einheimische Nutzhölzer (Loseblattsammlung). — Herausgeber: CMA und AG Holz, 1985. — ISSN 0446-2114.
Літаратура
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.
- Єлін Ю. Я., Зерова М. Я., Лушпа В. І., Шабарова С. І. Дари лісів.. — Київ, 1979. — 440 с.
- Товстуха Є. С. Фітотерапія. — К.: Здоров’я, 1990.-304 с., іл., 6,55 арк. іл. ISBN 5-311-00418-5
- В. И. Чопик, Л. Г. Дудченко, А. М. Краснова; «Дикорастущие полезные растения Украины» Справочник; Киев, Навукова думка, 1983. (руск.)
- Грецкий орех // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Грецкий орех (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
Спасылкі
- Орех грецкий: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)
- ГОРІХ ГРЕЦЬКИЙ //Фармацевтична енциклопедія
- ОЛІЯ ГОРІХА ВОЛОСЬКОГО //Фармацевтична енциклопедія
- http://www.orehi.net.ua/ Грецкий орех Архівавана 22 лістапада 2010. (руск.)