Вёска
Грэбень
± | ||||||||||||||||||||||
Грэ́бень[1] (трансліт.: Hrebień, руск.: Гребень) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 38 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 30 км ад Мінска, 15 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, на рацэ Пціч (прыток Прыпяці).
Назва
Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва Грэбень можа паходзіць ад тэрміна грэбень — пералом схілу грады, пагорка, таксама ўзвышаная паласа сярод забалочанай мясцовасці. Таксама назва магла ўтварыцца ад пераасэнсавання асновы грэбля — дарога цераз балота, з канавамі, часам пасыпаная хворастам.
На думку краязнаўцы Аляксандра Ельскага, назва магла пайсці ад слова грэбці, бо тут у старажытнасці павінен быў быць рачны паром, які дзейнічаў з дапамогай вёсел[2].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
На старых картах і дакументах Грэбень называўся Грэбня. У старажытнасці тут быў тракт, які злучаў поўдзень і поўнач Русі Літоўскай. На думку Аляксандра Ельскага, ля Грэбеня мусіў быць рачны перавоз. Пазней тут з’явіўся ўмацаваны мост[2].
У пісьмовых крыніцах вядомае з XVI ст. У 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. У 1633 годзе вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў дакумент, які дазваляў уладальніку Грэбеня Крыштафу Валадковічу, пісару менскага ваяводства, браць мыта за праезд па мосце[3].
У XVI стагоддзі Грэбень належаў Адахоўскім, і гэта быў іх фундум (галоўны фальварак, які належаў толькі гаспадару). У 1621 годзе Рафал Адахоўскі прадаў Грэбень Янушу Быхаўцу (?—1653) шляхецкага роду Быхаўцаў герба «Магіла», які паходзіў са Смаленскай зямлі, і яго жонцы Ганне з Горскіх. Праз дзесяць гадоў Грэбень быў у валоданні Валадковічаў. Ад пачатку XVIII ст. Грэбенем валодалі Радзівілы, фундум каторых быў у недалёкім Анопалі. У 1743 годзе была пабудаваная царква. У канцы XVIII ст. Грэбень з суседнімі Берчукамі, Яськевічамі і Слабадой набыў Станіслаў Ельскі, палкоўнік пяцігорскі і скарбовы камісар у Вялікім Княстве Літоўскім[3].
Пад уладай Расійскай імперыі
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі.
У 1800 годзе ў вёсцы царква Раства Багародзіцы, карчма, вадзяны млын, сукнавальня. У першай чвэрці XIX ст. праз эксдывізарскі суд Грэбень стаў уласнасцю Кабылінскіх, а праз вена Ганны Кабылінскай перайшоў да Лыкаў[3].
У 1839 годзе на сродкі памешчыцы А. Лыкавай пабудаваная драўляная царква. У 1858 годзе сяло і маёнтак у Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, прыватная ўласнасць. У 1861 годзе адкрытае народнае вучылішча. У канцы XIX ст. ёсць хлебазапасны магазін, млын, піцейны дом, царква.
Найноўшы час
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.
Да пачатку 1920 года створаная школа 1-й ступені. У 1930 годзе створаны калгас «Світанне», была кузня, стальмашня, рымарня. З 1938 года вёска.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.
У 2002 годзе вёска ў Навапольскім сельсавеце.
Насельніцтва
- 1800 — 30 двароў, 209 жыхароў
- 1858 — 153 жыхары
- 1897 — 60 двароў, 375 жыхароў; маёнтак — 2 двары, 43 жыхары
- пач. XX ст. — 54 двары, 349 жыхароў; маёнтак — 104 жыхары
- 1917 — сяло — 202 жыхары; вёска — 77 жыхароў; маёнтак — 104 жыхары
- 1960 — 296 жыхароў
- 1999 — 109 жыхароў
- 2002 — 41 двор, 74 жыхары
- 2010 — 33 двары, 62 жыхароў
- 2012 — 24 гаспадаркі, 43 жыхары
Інфраструктура
Эканоміка
- Цэнтр калгаса «Навапольскі»
- Майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі
- Аддзяленне сувязі
Адукацыя
- Сярэдняя школа
Медыцына
- Фельчарска-акушэрскі пункт
- Ветэрынарны ўчастак
Культура
- Дом культуры
- Бібліятэка
Славутасці
Славутасці
- Курганны могільнік. На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Курганы, побач з балотам месціцца археалагічны помнік — курганны могільнік.
Страчаная спадчына
- Капліца
- Царква Святога Міхаіла Архангела (?—1922)
- Сядзіба (XVIII/XIX — 1917)
Спіс вуліц
- Цэнтральная вуліца[4]
Вядомыя асобы
- Валянціна Іванаўна Міронава (нар. 1953) — беларуская дзяржаўная дзяячка.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Грабе́ня, ж. (за Грабе́няю)
- 1 2 Jelski A. 1882, с. 174.
- 1 2 3 Jelski A. 1882, с. 175.
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса . Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т.3. Дадатак. А-Я /рэдкал.:Т. У. Бялова (гал.рэд). Мінск: Беларус. Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2010. с.91
- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
- Jelski A. Hrebień // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — 1882. — С. 174—175. — 960 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Грэбень (Пухавіцкі раён)