Грыгорый Цамблак

Дзейнасць святар, пісьменнік
Нараджэнне 1365[1]
Смерць 1420[3]
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Грыгорый (Рыгор) Цамблак, Цамвлах, Цымівлах, Семівлах, свецкае імя Гаўрыіл (~1364, Тырнава, Балгарыя — зіма 1419/1420) — дзеяч праваслаўнай царквы, мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, мітрапаліт малдова-валашскі, пісьменнік.

Жыццё і дзейнасць

Паходзіў з абалгаранага валашскага баярскага роду. Адукацыю атрымаў у Тырнаўскім манастыры св. Тройцы пад кіраўніцтвам патрыярха Еўфімія, а таксама ў Канстанцінопалі, дзе займаўся перапіскай і перакладам на царкоўнаславянскую мову агіяграфічных твораў. Светапогляд Грыгорыя Цамблака сфарміраваўся пад уплывам візантыйскай культуры. У час турэцкай агрэсіі на Балканы, у 1394 годзе пакінуў Балгарыю, каля 1400 года ўзяў манаства і ўступіў у манастыр пад імем Грыгорыя. Займаўся прапаведніцкай дзейнасцю ў манастырах Візантыі, пэўны час быў ігуменам Дзечанскага манастыра ў Сербіі, прэсвітэрам у Сучаве ў Малдавіі. У 1406 годзе праездам быў у Вялікім Княстве Літоўскім, падчас паездкі да свайго дзядзькі — мітрапаліта усяе Русі Кіпрыяна, але на Нёмане атрымаў вестку пра яго смерць, на пэўны час затрымаўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, пазнаёміўся з вялікім князем Вітаўтам.

Зноў Грыгорый Цамблак з’явіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1410-х гадах. Вялікі князь Вітаўт, працягваючы Альгердаву палітыку на ўзнаўленне Кіеўскай мітраполіі, асобнай ад Масквы (гл. пра т.зв. «Літоўскую мітраполію»), прапанаваў сабору праваслаўных епіскапаў Вялікага Княства Літоўскага вылучыць кандыдатуру Грыгорыя Цамблака на кіеўскі мітрапалічы сталец. Для пасвячэння Грыгорый Цамблак паехаў у Канстанцінопаль, але безвынікова. Не мелі поспеху і два вітаўтавы пасольствы ў Канстанцінопаль, як і ў часы Альгерда, спроба ўзнаўлення Кіеўскай мітраполіі сустрэла моцнае супраціўленне Вялікага княства Маскоўскага. Тым часам Маскоўская мітраполія ахоплівала яшчэ ўсю тэрыторыю Кіеўскай мітраполіі і мітрапаліт Фоцій не хацеў зракацца ўлады над Кіевам і Галічам, пастаўленне ў Кіеў асобнага «літоўскага» кіеўскага мітрапаліта прывяло да канфлікту паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам.

Нягледзячы на анафемы канстанцінопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція, царкоўны сабор у Навагрудку (15.11.1415), дзе прысутнічаў увесь праваслаўны епіскапат Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, пасвяціў Грыгорыя Цамблака ў мітрапаліты кіеўскія. Гэтае рашэнне сабор тлумачыў тым, што Фоцій не клапоціцца пра стан вялікалітоўскай часткі мітраполіі, а таксама царкоўнымі канонамі. Абвінавачванні, што выбары Грыгорыя Цамблака адбыліся пад ціскам вялікага князя Вітаўта на епіскапаў, паводле меркавання К. Хадыніцкага, абапіраюцца на пазнейшыя сведчанні тэндэнцыйнага Ніканаўскага летапісу, аўтар якога хацеў паказаць нелігітымнасць абрання Грыгорыя Цамблака. Па нагаворы Фоція канстанцінопальскі патрыярх наклаў праклён на Грыгорыя Цамблака і разам з візантыйскім імператарам звярнуўся да вялікага князя Вітаўта, каб той прызнаваў духоўную ўладу выключна Фоція.

Вясной 1416 года, калі Кіеў быў абложаны татарамі Едзігея, Грыгорый Цамблак перанёс кафедру ў Вільню ў Багародзіцкую царкву, а рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак. Не атрымаўшы пастаўлення ад Канстанцінопаля, вялікі князь Вітаўт, гледзячы на ўнійныя тэндэнцыі, паслаў Грыгорыя Цамблака на 16-ты Сусветны сабор, які праходзіў 5.11.1414 — 22.4.1418 года ў Канстанцы. Грыгорый Цамблак 19.2.1418 года ўрачыста ўехаў у Канстанц на чале дэлегацыі з 300 прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, Ноўгарада, Малдавіі і Вялікай Арды. У Канстанцы Грыгорый Цамблак меў аўдыенцыю Папы Марціна V, 25.2.1418 года выступіў з дзвюма прамовамі: «Прывітальнае слова Папу Марціну V» і «Прывітальнае слова айцам Канстанцкага сабора», у якіх засведчыў сваё, а таксама караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта, жаданне ўніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і прапанаваў з мэтай яе заключэння склікаць агульны сабор прадстаўнікоў абодвух веравызнанняў. Але прамова Грыгорыя Цамблака не мела поспеху, на саборы ў першую чаргу абмяркоўвалася ўнутраная рэформа каталіцкай царквы.

Апошнія звесткі пра Грыгорыя Цамблака датуюцца 5-18.5.1418 года, калі ён быў ў Кракаве, вяртаючыся з Канстанца ў Навагрудак. Пазнейшыя звесткі крыніц кажуць ужо пра памерлага Грыгорыя Цамблака. Пасля смерці Грыгорыя Цамблака і абвастрэння адносін Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у пачатку 1420-х гадоў пытанне ўзнаўлення Кіеўскай мітраполіі страціла вастрыню, вялікі князь Вітаўт прызнаў царкоўную ўладу Фоція над праваслаўнымі епархіямі Вялікага Княства Літоўскага.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Грыгорый Цамблак не памёр у 1419 годзе, а з-за пагроз і ганенняў часткi праваслаўных епіскапаў, якія не хацелі раздзелу адзінай мітраполіі хоць і з цэнтрам у Маскве, ён пакінуў Вялікае Княства Літоўскае каля 1420 года і выехаў у Малдову, дзе пражыў у манастыры да 1450 года.

Творчасць

Творы Грыгорыя Цамблака на царкоўнаславянскай мове адносяць да літаратур балгарскай, сербскай, малдоўскай, румынскай, старажытнарускай, старабеларускай і стараўкраінскай. Грыгорый Цамблак лічыцца аўтарам больш за 50 твораў, з якіх захаваліся і вядомы 26, у т.л. 10 твораў напісаных у т.зв. «літоўскі» перыяд. Пераважна творы Грыгорыя Цамблака — дыдактычна-панегірычныя, урачыстыя словы, казанні на розныя святы і асобныя падзеі рэлігійнага жыцця. Сярод твораў Грыгорыя Цамблака «Надмагільнае слова мітрапаліту Кіпрыяну», «Пахвальнае слова Еўфімію Тырнаўскаму», «Як трымаюць веру немцы» і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе слова Г. Цамблака пра мукі Іаана Новага ў Белаградзе — важная крыніца па гісторыі Бесарабіі і паўднёвага берага Чорнага мора, упершыню апублікаваная ў працы румынскага епіскапа Мельхіседэка, жыццяпісе Г. Цамблака «Vie’ta si scrierile lui Grigorie Tamblacu» (Бухарэст, 1884). Грыгорый Цамблак браў удзел у складанні «Акруговай граматы» і «Апраўдальнага паслання заходнярускіх епіскапаў». Таксама займаўся перапісваннем богаслужэбных кніг.

Творы Грыгорыя Цамблака былі папулярныя і ў Маскве, ужо ў XV стагоддзі яго казанні былі ўнесены у зборнікі царкоўных павучанняў нараўне з казаннямі Іаана Златавуста і іншых святых айцоў, хоць і ананімна, у XVI стагоддзі казанні Г. Цамблака ўносіліся ў зборнікі ўжо вельмі часта, але пад рознымі імёнамі. Нарэшце, мітрапаліт Макарый унёс творы Грыгорыя Цамблака ў сваю Чэццю-Мінею, змясціўшы пад рознымі чысламі, а потым злучыўшы вялікую частку іх у канцы ліпеньскай кнігі пад загалоўкам «Кніга Грыгорыя Самвлака». Як прапаведнік, Грыгорый Цамблак часта пільнаваўся візантыйскім узорам і даходзіў да такой напышлівасці, што часам рабіўся малазразумелым.

Творы Грыгорыя Цамблака актыўна перапісваліся ў манастырах (Супрасльскім, Слуцкім, Жыровіцкім, Аршанскім, Лаўрышаўскім) і браліся за ўзор, захаваліся ў шматлікіх рукапісных зборніках 15—19 ст.

Ушанаванне памяці

Яго імя носіць Дзяржаўны ўніверсітэт імя Рыгора Цамблака ў Таракліі.

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 снежня 2014.
  3. Grigorij Camblak // NUKAT — 2002.
  4. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.

Літаратура

  • Цамблак Грыгорый // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 82. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
  • Chodynicki K. Camblak Grzegorz // Polski słownik biograficzny. — T. II. — Kraków, 1937. — S. 193—194.
  • Антонаў В. В. Цамблак Грыгорый // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. — С. 348.
  • Григорий Цамблак: Живот и творчество. — София, 1984.
  • Хаўратовіч І. П. Цамблак Грыгорый // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. — С. 151—154.
  • Яцимирский А. И. Г. Цамблак. Очерк его жизни, административной и книжной деятельности. // Православный собеседник. — Казань, 1905, апрель. С. 752.
  • Григорий Цамблак // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). СПб., 1890—1907.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.