Абазначэнне груп армій NATO

Група армій (ням.: Heeresgruppe, англ.: army group), вышэйшае аператыўна-стратэгічнае аб'яднанне сухапутных войскаў на тэатры ваенных дзеянняў ва ўзброеных сілах некаторых дзяржаў, у Савецкім Саюзе аналагам быў фронт.

Камандаванне

Камандаванне групай армій ажыццяўляе камандуючы ў званні генерал-фельдмаршала, або генерал-палкоўніка. У якасці першага памочніка выступае начальнік штаба.

Найменне

Адзінага варыянту наймення груп армій няма. У назве групы армій можа адлюстроўвацца геаграфічнае становішча: група армій Афрыка, група армій «Курляндыя». Падчас Першай сусветнай вайны групы армій часта зваліся ў гонар свайго камандуючага (група армій спадчыннага прынца). Часам групы армій зваліся толькі адной літарай: група армій «B», група армій «F». Ва ўзброеных сілах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая падчас Другой сусветнай вайны выкарыстоўваліся нумарныя абазначэнні груп армій (3-я група армій, 6-я група армій і г. д.)

Гісторыя

Група армій як форма аб'яднання сухапутных войскаў і як форма кіравання імі ўзнікла ў канцы 1914 — пачатку 1915 гадоў, падчас Першай сусветнай вайны, у англа-французскай і германскай арміях. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія сухапутныя войскі аб'ядноўваліся ў некалькі груп армій, у склад кожнай групы армій уваходзілі 2—4 палявыя арміі і сродкі ўзмацнення. З 1942 года ў нямецкай арміі існавалі таксама армейскія групы (ням.: Armeegruppe) — часовыя аб'яднанні звычайна з 2 армій, якія выконвалі задачы на якім-небудзь аперацыйным кірунку. Англа-амерыканскія войскі на заходнееўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў у 19441945 гадах аб'ядноўваліся ў 3 групы армій, якія зваліся армейскімі групамі. У Германіі за час Другой сусветнай вайны было 20 груп армій. У паваенны час ва ўзброеных сілах ЗША і ў аб'яднаных узброеных сілах НАТА ў склад групы армій уваходзяць палявыя арміі, асобныя армейскія карпусы і інш. злучэнні сухапутных войскаў.

Напачатку XXI стагоддзя групы армій перастаюць выкарыстоўвацца, а ім на змену прыходзяць драбнейшыя ваенныя фарміраванні.

З групай армій, як правіла, узаемадзейнічае тактычнае авіяцыйнае камандаванне.

Спасылкі

Вялікая савецкая энцыклапедыя


This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.