Група Мікуліча (Філістовіча) — узброенная група на тэрыторыі Ілянскага раёна БССР у перыяд 1949—1953 гг. Камандзір групы — С. Мікуліч, пазней — Янка Філістовіч.
Група была ўтворана ў 1949 годзе. Складалася з 6 былых супрацоўнікаў паліцыі і салдат Беларускай Краёвай Абароны з часоў нямецкай акупацыі. Выконвала напады на крамы і на адзіночных асоб. На пачатку 1952 г. з групай навязаў кантакт і стаў кіраўніком Янка Філістовіч, эмісар Беларускай Народнай Рэспублікі, які на пачатку верасня 1951 года быў скінуты на парашуце спецслужбамі ЗША ў раёне Маладзечна з мэтай разведвальнай дзейнасці, а таксама арганізацыі падпольнай друкарні для выпуску антысавецкіх улётак і іншых агітацыйных матэрыялаў. Філістовіч прабаваў ператварыць групу ў падпольную вайскова-палітычную арганізацыю, надаўшы ёй назву «Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы»: праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, увёў дысцыпліну, забараніў рабіць напады на мясцовы актыў і займацца грабяжом, распачаў падрыхтоўку да палітычна-прапагандысцкай дзейнасці.[1]
У красавіку 1952 г. атрад зрабіў у в. Вязыні каля Маладзечна напад на друкарню, якая займалася друкам камуністычнай газеты «Шлях да камунізму». У выніку ўдалося забраць друкарскую машыну і дзякуючы гэтаму атрад планаваў друкаваць газету «Жыве Беларусь!», але план скончыўся няўдачай праз адсутнасць некаторых элементаў і нястачу друкарскага досведу. Акрамя гэтага ўдалося арганізаваць некалькі ўзброеных акцый, у тым ліку напад на двух фінансавых агентаў і атрымаць 6 тыс. рублёў.
У ноч з 4 на 5 верасня 1952 года ў адной з вёсак група Мікуліча ў выніку здрады была схоплена супрацоўнікамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР. Камандзір Мікуліч быў забіты, а іншыя члены групы былі арыштаваныя. Янка Філістовіч змог збегчы, але быў схоплены 9 верасня пры спробе пераходу польскай мяжы. Судовы працэс пачаўся 17 кастрычніка 1953 г. у Мінску. Падчас судовага працэсу яго вазілі па беларускіх гарадах, беспаспяхова спрабуючы намовіць да жыцця ў савецкіх умовах. Філістовіч спрабаваў напісаць касацыйную скаргу ў Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, якая датуецца 11 лістапада 1953 г. Пасля, як мяркуецца, Філістовіч быў расстраляны. Астатнія члены групы былі асуджаны на доўгія тэрміны турэмнага зняволення.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Ст. Галковский. Контрразведчик // Беларусь сегодня, № 81, 2014
Літаратура
- Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. — Мн., 2002.