Аграгарадок
Грозава ![]()
Грозава на карце Беларусі ± ![]() ![]() | ||||||||||||||||||
Гро́зава[2] (трансліт.: Hrozava, руск.: Грозово) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Вужанка. Уваходзіць у склад Грозаўскага сельсавета. Насельніцтва 427 чал. (2010). Знаходзіцца за 18 км ад Капылю, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; на аўтамабільнай дарозе Узда — Старыца.
Назва
Тапонім «Грозаў»[3] утварыўся ад імя Гроза[4]. Традыцыйная назва за савецкім часам была зменена на Грозава[5].
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Грозаў упамінаецца ў першай палове XVI стагоддзя як вёска Слуцкага княства, уладанне Алелькавічаў. У 1538 годзе зямля Грозаўская падаравана Жыгімонтам Старым П. Корбуту «…за верныя і жыглівыя яго паслугі».
У 1582 годзе існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасць. У другой палове XVI — першай палове XVII стагоддзяў мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Валадковічаў. У 1600 годзе існаваў старажытны праваслаўны храм — Мікалаеўскі мужчынскі манастыр. У 1639 годзе памешчык Новагародскага павета Р. Валадковіч ахвяраваў манастыру некалькі маёнткаў. Фундушы храму давала і падстоліна Горват (1748).
У першай трэці XVII стагоддзя Валадковічы заснавалі тут яшчэ адзін мужчынскі прыстанак у імя Яна Багаслова (скасаваны ў 1860 годзе, далучаны да Слуцкага Троіцкага манастыра)
Паводле інвентара 1650 года, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоў) і фальварак, былі бровар, млын і гумно.
У другой палове XVII стагоддзя Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 год тут было 66 двароў. У XVIII стагоддзі Грозаў знаходзіўся ва ўладанні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 годзе мясцовасць увайшла ў склад Случарэцкага павета.
Расійская імперыя
![](../I/Hroza%C5%AD%252C_Mier%C5%BEyje%C5%ADski._%D0%93%D1%80%D0%BE%D0%B7%D0%B0%D1%9E%252C_%D0%9C%D0%B5%D1%80%D0%B6%D1%8B%D0%B5%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96_(N._Orda%252C_8.08.1864-76).jpg.webp)
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Грозаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерні.
У пачатку XIX стагоддзя Грозавам валодаў Сарвацый Станіслаў Антон Горват, якому належаў родавы маёнтак Бабоўня[6].
На 1800 год тут было 30 двароў, дзейнічалі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Успення Багародзіцы і Святога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі.
Паводле рэвізіі 1833 года маёнтак Грозава — уласнасць І. Мержыеўскага, 37 цяглых двароў, 427 душ.
Паводле інвентару Грозава 1845 г., у мястэчку было 19 сялянскіх двароў (52 мужчынскіх, 45 жаночых), якія мелі 4 моргі 140 прэнтаў пляцавай зямлі, памеры надзелаў розніліся: 100, 80, 60 і менш прэнтаў. Грозаўцы паншчыны не выконвалі, а плацілі чынш, неслі натуральную дарожную павіннасць і старажоўшчыну[7].
Павел Шпілеўскі ў «Падарожжы па Палессі і Беларускаму краю» (1853—1855) пакінуў наступнае апісанне Грозава:
Грозаў досыць ахайны: тут ёсць некалькі невялікіх лавак, вельмі прыстойных будынкаў і пастаялых двароў… Як і ўсялякае беларускае мястэчка, Грозаў напоўнены жыдамі, якія, праўда, жывуць на асобнай вуліцы і не маюць права сяліцца каля манастыра[8].
У сярэдзіне XIX стагоддзя уласнікам быў Севярын Мержыеўскі, які служыў міравым пасярэднікам. Падчас паўстання западозраны ў палітычнай недабранадзейнасці і высланы адміністрацыйным парадкам пад нагляд паліцыі ў Пензенскую губернію. Яго маёмасць на падставе ўказа ад 10.12.1865 падлягала абавязковаму продажу[9].
10 лістапада 1867 года Грозава набывае Людвіг Вітгенштэйн, муж Стэфаніі Радзівіл. Наступным уласнікам становіцца іх зяць Хлодвіг Гагенлоэ-Шылінгфурст. Набыты маёнтак быў аддадзены Вітгенштэйнамі ў арэнду Каралю Каліноўскаму (зяцю Севярына Мержыеўскага і брату святога Рафала Каліноўскага), які пасяліўся ў суседнім Гразоўку. У Грозаве ж у 1868 годзе ён пасяліў свайго бацьку Андрэя, былога дырэктара Шляхецкага Інстытута ў Вільні, у трэцім шлюбе жанатага на Сафіі Путкамер, дачцэ Марыі Верашчакі. Доўгі час Грозава было цэнтрам жыцця сям’і Каліноўскіх, крэўных Мержыеўскім, хоць фармальна ім не належала[10]. Андрэй (пам. 1878) і Караль (пам. 1886) Каліноўскія пахаваныя на могілках у Грозаве[11].
У 1864 годзе ў Грозаве адкрыта народнае вучылішча.
На 1870 год — 99 двароў, 376 жыхароў, 3 праваслаўныя царквы, касцёл, капліца, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся з мястэчкамі Капыль, Бабоўня, Новы Свержань і горадам Нясвіж. На 1886 год — 3 праваслаўныя царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народнае вучылішча, 2 яўрэйскія школы. Згодна з вынікамі перапісу (1897), у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народнае вучылішча, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пачатку XX стагоддзя 177 двароў.
На 1905 год маем наступнае апісанне:
Мястэчка Грозаў знаходзіцца пры рацэ Вужанка на даволі высокім месцы і мае некалькі прыстойных будынкаў… У Грозаве дзве праваслаўныя цэрквы, праваслаўны манастыр, касцёл, два яўрэйскія малітоўныя дамы, сельская школа, крамы і бровар. У захаваных актах згадваецца завяшчанне падстоліны Горватавай ад 1748 года, у якім гаворыцца аб двух цэрквах у Грозаве — Мікалаеўскай і Ірынінскай і манастыры. Абедзве гэтыя цэрквы існуюць і ў наш час, а манастыр невялікі, але ўсё ў ім добра і вытанчана…[12]
У 1912 годзе працавалі 2-класнае сельскае і 1-класнае народнае вучылішчы. На 1917 год — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы.
Найноўшы час
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года мястэчка занялі нямецкія войскі, у жніўні 1919 — ліпені 1920 годаў і кастрычніку — лістападзе 1920 года — польскае войска.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 года ў Слуцку і мястэчку Семежава з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[13]. Да здушэння паўстання бальшавікамі (4 снежня 1920 года) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
На 1921 год у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фельчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 год — 7-гадовая і яўрэйская школы, хата-чытальня, фельчар, 6 рамеснікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 года Грозава стала цэнтрам сельсавета Грэскага раёна, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 года мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёна (з 12 лютага 1935 года да 17 снежня 1956 года зноў у Грэскім раёне). У 1930-я гады ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасня 1938 года статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з 29 чэрвеня 1941 года да 1 ліпеня 1944 года Грозава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
На 1971 год у Грозаве было 189 двароў, на 1997 год — 197 гаспадарак, машынны двор, ветэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я гады Грозава атрымала афіцыйны статус аграгарадка. На 2007 год — 167 гаспадарак, на 2010 год — 159.
- Мястэчка на старых здымках
- Палац, да 1914 г.
- Царква, 1917 г.
- Царква і местачкоўцы, 1918 г.
- Вуліца, да 1939 г.
Насельніцтва
- XVIII стагоддзе: 1763 год — 267 чал.[4]
- XIX стагоддзе: 1800 год — 166 чал.; 1845 год — 97 чал.; 1870 год — 376 чал.; 1886 год — 156 чал.; 1897 год — 861 чал. у мястэчку Грозаў, 41 чал. у маёнтку Грозаў
- XX стагоддзе: 1901 год — 1032 чал.; 1917 год — 1194 чал.; 1924 год — 1007 чал.; 1960 год — 656 чал.; 1971 год — 587 чал.; 1992 год — 498 чал.[14]; 1997 год — 481 чал.[15]
- XXI стагоддзе: 2007 год — 428 чал.[16]; 2010 год — 427 чал.
Інфраструктура
У Грозаве працуюць школа, дашкольная ўстанова, бальніца, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта.
Славутасці
![](../I/%D0%A4%D0%BE%D1%82%D0%BE_%D0%BF%D1%83%D1%82%D0%B5%D1%88%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B8%D1%8F_%D0%BF%D0%BE_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8_157.jpg.webp)
- Вінакурня (пачатак XX стагоддзя).
- Гандлёвыя рады (другая палова XIX стагоддзя).
- Касцёл у Гонар Зняцця Збаўцы з Крыжа (1802; цяпер клуб).
- Могілкі яўрэйскія.
- Палац Мержыеўскіх (другая палова XVIII стагоддзя).
- Дуб-волат — былы батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Узрост каля 200 гадоў.
- На колішняй плошчы Рынак, каля будынка былога касцёла пастаўлены мемарыяльны крыж у гонар абаронцаў незалежнасці Беларусі.
Страчаная спадчына
- Манастыр Святога Яна Багаслова
- Царква Святога Мікалая
Вядомыя асобы
- Ісаак Рэйнгольд
- Дзмітрый Сабалеўскі — дзеяч беларускага руху 1917—1918 гадоў[17]
- Барыс Уладзіміравіч Фінкельштэйн (нар. 1910) — савецкі матэматык.
Галерэя
- Краявіды Грозава
- Гандлёвыя рады
- Могілкі яўрэйскія
Крыніцы
- ↑ http://www.kopyl.minsk-region.by/uploads/files/11-01-2018-1.pdf
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Гро́заў, м.
- ↑ БелЭн 1997.
- 1 2 ГВБ 2011, с. 160.
- ↑ Падарожжы Свабоды: Грозаў . Радыё Свабода. Праверана 21 лютага 2014.
- ↑ Грозов, усадьба Мержеевских // Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — С. 162—163. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7. С. 172.
- ↑ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. С. 229.
- ↑ Матвейчык Дзмітрый. Удзельнікі паўстання 1863-64 гадоў: біяграфічны слоўнік. Мінск: Беларусь, 2016. С. 381.
- ↑ Hrozów, [w:] Roman Aftanazy, Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, wyd. drugie przejrzane i uzupełnione, t. 2: Województwa brzesko-litewskie, nowogrodzkie, Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1993, s. 217—219
- ↑ Gil Czesław. Wychwalajcie mężów sławnych. Wspomnienia o św. Rafale Kalinowskim. Bielsko-Biała: Wydawnictwo Karmelitów Bosych, 2013.
- ↑ http://www.kopylmuzey.by/projects.php
- ↑ Грыцкевіч А. Грозаўскі полк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 155. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ ЭГБ 1996. sfn error: шмат якараў (2×): CITEREFЭГБ1996 (даведка)
- ↑ ГВБ 2011, с. 161.
- ↑ ГВБ 2011, с. 162.
- ↑ Аляксандр Горны. Фота яшчэ аднаго вельмі цікавага і крышачку забытага цяпер дзеяча беларускага руху перыяду 1917-1918 гадоў Зміцера Сабалеўскага . Запісы беларусаведа -- facebook.com (28 студзеня 2024). Праверана 9 лютага 2024.
Літаратура
- Грозаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 447. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — С. 160—162. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0554-6.
- Шаблюк В. Грозава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 155. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Hrozów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. — S. 178.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Грозава