Гро́дзенская музычна-тэатральная школа Тызенга́ўза — тэатральная школа, якая існавала ў 1774—1780 гадах у г. Гродне. Створана падскарбіем надворным літоўскім А. Тызенгаўзам для задавальнення патрэб Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Працавала ў спецыяльным будынку на Гарадніцы.
Гісторыя
Адкрыццю школы папярэднічала падрыхтоўка музыкантаў скрыпачом Гродзенскай капэлы Т.Вежбаловічам (дагавор з ім заключаны 24 чэрвеня 1769 года). Навучаліся дзеці прыгонных сялян і мяшчан (ад 8—10-гадовага ўзросту), якіх падбіралі паводле музычных здольнасцей па загаду Тызенгаўза.
Былі тры класы. Вучні набывалі навыкі ігры на скрыпцы, альце, віяланчэлі, кантрабасе, віёле, флейце, габоі, кларнеце, фагоце, валторне, трубе, клавікордзе. У праграму заняткаў уваходзілі таксама спевы, танец, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя. Выкладаліся і некаторыя агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арыфметыка, французская і італьянская мовы, рысаванне), рукадзелле; чыталіся лекцыі па выхаванні.
Кіраўніком школы быў скрыпач і капельмайстар Л.Сітанскі, педагогамі — італьянскі кампазітар К.Абатэ, польскія і беларускія музыканты Д.Пташынскі, Б. і С. Сітанскія, А.Тумін, Геранім, Вежбаловіч, Е.Барковіч, Ф. Бірон, С.Швед, Я.Пашкоўскі, а таксама найбольш здольныя вучні М.Гжанкоўскі, Ю.Вайткевіч, М.Яленіч, італьянскі харэограф Г.Петынеці (1774—1779).
Школа давала добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спектаклях тэатра (балеты Петынеці «Сялянскі балет», «Квартэт дудароў», «Балет пекараў», усе ў 1778 годзе). Выхаванцы школы — танцоўшчыкі Е.Валінскі, Д.Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, спявачка М.Сітанская праславіліся ў польскім тэатры.
З адстаўкай Тызенгаўза ад усіх пасад у 1780 годзе школа пераведзена ў Паставы і існавала да яго смерці ў 1785 годзе. У гэты час рыхтаваліся пераважна танцоўшчыкі (16 дзяўчат і 18 юнакоў), а таксама вакалісты і інструменталісты. Танец выкладалі Ф. Г. Ле Ду, прыгонны танцоўшчык Рымінскі. Ставіліся школьныя балетныя спектаклі (балет Ле Ду «Гілас і Сільвія» паказаны ў 1785 годзе ў Варшаве).
Літаратура
- Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — Т. 1. — 565 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0255-5.