Гродзенская медыцынская акадэмія
Будынак медыцынскай акадэміі, мал. Н. Орды
Будынак медыцынскай акадэміі, мал. Н. Орды
Заснаваны 1775
Год закрыцця 1781

Гродзенская медыцынская акадэмія, Гродзенская медыцынская школа — першая на Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы медыцынскага персаналу. Існавала ў 1775—1781 гадах у Гродне.

Адкрыта па ініцыятыве А. Тызенгаўза ў спецыяльна ўзведзеным трохпавярховым будынку. Арганізатарам і кіраўніком акадэміі быў французскі ўрач, вучоны-натураліст Ж. Э. Жылібер. Мела 3 аддзяленні: падрыхтоўкі «сучасных урачоў для гарадоў» (10 чал.), падрыхтоўкі правінцыяльных урачоў і хірургаў (20 чал.), аддзяленне павітух (спачатку на 5, пазней на 17 чал.). Навучэнцы ўтрымліваліся за кошт казны, пасля заканчэння вучобы павінны былі працаваць у Брэсцкім, Гродзенскім, Оліцкім, Шавельскім каралеўскіх уладаннях, адкуль і набіраліся. Навучанне мела акадэмічны характар. Працавалі 5 выкладчыкаў, 2 фельчары і акушэрка. Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь на 60 ложкаў, анатамічны тэатр і музей, кабінет прыродазнаўства, аптэка, бібліятэка, батанічны сад (першы на тэрыторыі Беларусі і ў Рэчы Паспалітай). Ж. Э. Жылібер падтрымліваў навуковыя сувязі з Расійскай акадэміяй навук. У 1778 ён паведамляў аб першым выпуску (12 чал.). Пасля таго, як А. Тызенгаўз у 1780 быў змешчаны з пасады гродзенскага старосты, Ж. Э. Жылібер разам са сваімі вучнямі пераехаў у Вільню. Школа стала базай для стварэння ў 1781 медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта.

Зноскі

    Літаратура

    • Грицкевич В. С факелом Гиппократа: Из истории белорусской медицины. Мн., 1987.
    • Цішчанка Я. Гродзенская медыцынская акадэмія // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.