Граф Дуку

Граф Дуку
Дзейнасць былы джэдай, потым лорд сітхаў, лідар Канфедэрацыі незалежных сістэм
Родная планета Серэна
Раса Чалавек
Пол Мужчына
Рост 193 см
Валасы Цёмна-рудыя, потым сівыя
Вочы Рудыя
Зброя чырвоны светлавы меч
Прыналежнасць Ордэн сітхаў, Канфедэрацыя незалежных сістэм
Акцёр Крыстафер Лі (Эпізод II: Атака клонаў і Эпізод III: Помста сітхаў)
Агучка Коры Бертан

Граф Ду́ку (англ.: Count Dooku), ён жа Дарт Тыра́нус (англ.: Darth Tyranus) — персанаж «Зорных войнаў», былы майстар джэдай, які пакінуў Ордэн джэдаяў, каб стаць сітхам, вядомым пад імем Дарт Тыранус, а таксама лідарам Канфедэрацыі незалежных сістэм[1].

Біяграфія

Дуку паходзіў з шляхецкага роду з планеты Серэна. Калісьці ён быў адным з самых магутных і паважаных у гісторыі Ордэна джэдаяў, але потым падаўся на цёмны бок Сілы.

Дуку патрапіў у Ордэн джэдаяў у маленстве, бо ў ім адчувалася Сіла. Ён праходзіў навучанне ў магістра Ёды. У маладосці ў яго было некалькі сяброў. Адным з іх быў Лорыян Нод. Лорыян, яшчэ будучы падаванам, здрадзіў Ордэну і падаўся да сітхаў. Дуку адчуў здраду і стаў асцярожней ставіцца да выбару сяброў. Крок Лорыяна паўплываў на Дуку, і той пачаў прыглядацца да цёмнага боку Сілы, што ў рэшце рэшт зрабіла з яго сітха.

У дваццаць год Дуку стаў джэдаем. І першым яго падаванам быў Квай-Гон Джын. Пазней у Дуку былі і іншыя вучні, такія як Камары Восу.

Дуку незвычайна глядзеў на свет. У яго былі вельмі своеасаблівыя меркаванні наконт Сілы і таго, як яе трэба вывучаць і карыстацца ёй. І таму не ўсе яго тэорыі былі прыняты Ордэнам. Большасць з іх не знайшла падтрымкі сярод іншых джэдаяў Ордэна. Дуку па сваёй існасці быў ідэалістам. Ён выступаў супраць бюракратыі, якая панавала на той момант у Галактычным сенаце, і абураўся бяздзеяннем джэдаяў. Апошняй кропляй для Дуку стала смерць Квай-Гона. У выніку Дуку адмовіўся быць джэдаем і сыйшоў з Ордэна. Пасля ён падаўся ў палітыку і прыняў тытул графа, бо паходзіў родам з шляхецкай сям’і з Серэны. У хуткім часе Дуку стаў сепаратыстам з-за сваіх ідэалістычных поглядаў на палітыку. Пад час сваёй палітычнай кар’еры ў яго атрымалася перацягнуць на свой бок шмат зорных сістэм і запэўніць іх у неабходнасці распачаць вайну супраць Рэспублікі. У выніку ствараецца Канфедэрацыя незалежных сістэм, альбо Сепаратысты.

У другім эпізодзе Дуку ляціць на планету Джэанозіс, дзе дамаўляецца стварыць касмічны флот Гандлёвай федэрацыі — вялізарныя зорныя крэйсеры, а таксама вялікую армію баявых дроідаў. Таемны план Дуку выкрывай малады рыцар джэдай Обі-Ван Кенобі, які трапляе на Джэанозіс, калі сочыць за Джанга Фетам. Дуку бярэ ў палон Обі-Вана і распавядае яму пра тое, што Рэспублікай даўно кіруе ўладар сітхаў, але Обі-Ван не верыць Дуку, бо перакананы, што сітхі заўжды хлусяць. Уратавацца Обі-Вану дапамагаюць яго вучань Энакін Скайуокер і прынцэса Падмэ Амідала, якія накіроўваюцца на Джэанозіс за Обі-Ванам. Урэшце паміж графам Дуку і Обі-Ванам Кенобі адбываецца бойка на светлавых мячах, у якой Дуку перамагае Обі-Вана. Але ж уцякае з-за нечаканага з’яўлення магістра Ёды. Дуку бяжыць на планету Карусант, бліжэй да свайго пана і настаўніка ўладара сітхаў. Разам з сабой ён бярэ і схемы сакрэтнай зброі, якая ў будучыні стане вялікай праблемай для Паўстанцаў. Пасля распачатай вайны клонаў граф Дуку бярэ ў палон вярхоўнага канцлера Палпаціна, каб заманіць у пастку маладога джэдая Энакіна Скайуокера, зробленую ўладаром сітхаў. Энакін і яго настаўнік Обі-Ван трапляюць у гэту пастку. У выніку план уладара спрацоўвае: паміж імі ізноў адбываецца бой, але на гэты раз перамагай малады Скайуокер. Энакін забівае Дуку, але робіць гэта як сітх, абяззброіўшы яго.

Сіла

Граф Дуку адзін з самых магутных герояў у новай трылогіі «Зорных войнаў». Ён здольны кіраваць аб’ектамі на адлегласці, падманваць розум, а таксама забіваць ворагаў маланкамі. Дуку выдатна валодае светлавым мячом.

Зброя

Чырвоны светлавы меч з выгнутай дзяржальняй.

Зноскі

Спасылкі

  • Dooku на Вукіпедыі: Вікі пра Зорныя Войны
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.