Зефір і Гіяцынт, атычная пасудзіна з Тарквініі, каля 480 да н.э., Бостанскі Музей Мастацтва
Партал: ЛГБТ
Радужны сцяг
Радужны сцяг
ЛГБТ
Гомасексуальнасць
Бісексуальнасць
Гендар · Трансгендарнасць
Гісторыя ЛГБТ
Розныя гістарычныя эпохі
ЛГБТ-арганізацыі
ЛГБТ-правы
Культура
ЛГБТ-супольнасць · Камінг-аўт
Гомасексуальнасць і рэлігія
Квір-даследаванні
Гей-квартал · Гейдар · Гей- гімн
Сімволіка · Гей-парад · СМІ
Травесці · Гей-гульні · Гей-турызм
Заканадаўства
Аднаполыя шлюбы і саюзы
Усынаўленне
Прапаганда гамафобіі
Крымінальнае праследаванне
Педэрастыя
Катэгорыі

Гомасексуальнасць — сексуальная арыентацыя, якая выяўляецца ў рамантычнай ці сексуальнай цязе, або сексуальных паводзінах паміж асобамі аднаго полу або гендару[1][2][3]. Таксама гэтае паняцце можа адносіцца да самаідэнтыфікацыі чалавека, якая грунтуецца на цязе, звязаных з ёй паводзінах, і далучэнні да супольнасці тых, хто падзяляе тую ж ідэнтычнасць[4][5].

Каханне і яго сексуальнае выяўленне паміж асобамі аднаго і таго ж полу вядомае ў большасці культур ад самых ранніх часоў. Аднак, да XIX стагоддзя такія дзеянні і адносіны не разглядаліся як вызначальныя для пэўнага тыпу людзей з выразнай і параўнальна стабільнай сексуальнай арыентацыяй. Першы вядомы выпадак ужывання слова гомасексуал (1869) належыць аўстрыйскаму публіцысту Карлу М. Кертбені. У 1886 г. Рычард Ф. фон Крафт-Эбінг выдаў кнігу «Psychopathia Sexualis», у якой папулярызаваў гомасексуальнасць як паняцце.

З тых часоў гомасексуальнасць стала прадметам шматлікіх даследаванняў і дыскусій. Гомасексуальнасць першапачаткова прымалася за паталогію, але цяпер гомасексуальнасць найчасцей разглядаецца ў кантэксце біялагічных, псіхалагічных, палітычных, гістарычных і культурных варыяцый сексуальнай практыкі і ідэнтычнасці. Паводле меркавання пэўных грамадстваў, гомасексуальнасць ёсць псіхічным захворваннем. Прававое і сацыяльнае становішча людзей, якія практыкуюць аднаполыя сексуальныя стасункі і (або) ідэнтыфікуюць сябе як гомасексуалы (або геі ці лесбіянкі), істотна розніцца ў розных частках свету і застаецца прадметам гарачых дэбатаў.

Гомасексуалы часам робяцца ахвярамі злачынстваў на глебе нянавісці. У некаторых аўтаратырных краінах аднаполае каханне караецца, у тым ліку смяротным пакараннем. Гістарычна гомасексуалы траплялі пад пераслед у многіх краінах, у першую чаргу фашысцкімі, бальшавісцкімі, рэлігійна-фундаменталісцкімі рэжымамі.

Этымалогія і ўжыванне паняцця

Паняцце гомасексуалізм (лац. homosexualismus), як і паняцце гомасексуальнасць (ням. Homosexualitat), было ўведзена ў шырокае выкарыстанне ў канцы XIX ст. венгерскім урачом Бенкертам і пазначала палавую цягу індывіда да асоб аднаго з ім полу і сексуальныя сувязі паміж імі.

Тэрміны, выкарыстоўваныя ў беларускай мове для пазначэння паняцця, змяняліся, гэтак жа, як і ўтрыманне гэтых тэрмінаў. Так, выкарыстоўвалася назва «садомскі грэх» (у цяперашні час гэта эўфемізм), пры гэтым меўся ў выглядзе толькі мужчынскі гомасексуалізм. Для азначэння жанчын, мелых схільнасць да свайго полу, ужывалася слова лесбіянка, і паняцці гэтыя не аб’ядноўваліся.

У Малым Энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Ефрона: «Уранізм, інакш гомасексуалізм, греч., палавая схільнасць да асобы свайго жа полу. Мужчыны, якім уласціва такое палавое скрыўленне, назыв. педэрастамі або ўрнінгамі, жанчыны, маючыя цягу да лесбійскага кахання, наз. трыбадамі».

Як сінонім мужчынскага гомасексуалізму, у слоўніках выкарыстоўваецца слова «педэрастыя», якое ў цяперашні час мае некалькі іншы сэнс.

Паняцце гомасексуальнасць паходзіць ад двух слоў: грэчаскага ὁμός (го́мас) — той самы, аднолькавы, — і лацінскага sexus — пол. Яно азначае сексуальную арыентацыю, якая выяўляецца ў дамінантнай або выключнай эмацыйнай і сексуальнай схільнасці да асоб таго самага полу, у адрозненне ад гетэрасексуальнасці і бісексуальнасці.

Гомасексуал(-ка) — чалавек з гомасексуальнай арыентацыяй.

Ад часоў Савецкага Саюза і дагэтуль шырока ўжываюцца таксама формы гомасексуалізм і гомасексуаліст. Іх ужыванне часта нясе негатыўнае адценне, падкрэслівае прыналежнасць да ідэалагічнай групы (пар. сацыялізм, камуніст) і паталагічны характар.

Гомасексуалізм таксама ўжываецца ў значэнні гомасексуальных практыкаў і субкультуры («пеналізацыя / дэкрыміналізацыя гомасексуалізму» — К. Лінхат. Легалізацыя аднаполых шлюбаў: Амерыканская і нямецкая мадэлі / Праўнік, 1(2) — 2006, с. 81) і таксама можа мець падкрэслена негатыўнае адценне.

У сувязі з шматзначнасцю паняцця гомасексуальнасць у навуковай літаратуры апошнім часам прынята карыстацца больш вузкімі тэрмінамі, напр. гомасексуальная арыентацыя, гомасексуальныя паводзіны або адпаведнікам аднаполы, напр. аднаполае партнёрства.

Іншыя тэрміны

Паколькі паняцце гомасексуал і вытворныя ад яго формы першапачаткова ўжываліся ў кантэксце медыцынскай паталогіі, многія людзі гомасексуальнай арыентацыі схільныя ўжываць слова гей (радзей гейка — для азначэння жанчыны, прым. гейскі) і лесбіянка (жанчына гомасексуальнай арыентацыі, прым. лесбійскі).

Тэрміны педэрастыя (педэраст і яго форма підар), блакітны і мужалоства запазычаныя з рускай і маюць абразлівы характар. Радзей ужываецца садамія (або садомія, таксама садаміт і садомскі) у значэнні аднаполых сексуальных стасункаў і таксама мае абразлівы характар.

Словам «підар» часам перакладаюць англійскае queer, якое таксама ўжываюць у запазычанай форме — квір.

У тым самым значэнні, што і гомасексуальнасць, зрэдку ўжываецца слова гамафілія.

МСМ — адпаведнік англійскага MSM (men who have sex with men — мужчыны, якія маюць секс з мужчынамі). Па-англійску ўжываецца ў медыцынскай літаратуры для апісання сексуальных паводзін. Сустракаецца ў беларускім рускамоўным інтэрнэце.

Прыметнік гомаэратычны звычайна ўжываецца ў мастацкім кантэксце для апісання ўсяго, што мае дачыненне да гомасексуальных пачуццяў і эстэтыкі.

Статыстыка

Паводле сусветнага даследавання сексуальных паводзін Архівавана 30 красавіка 2008., праведзенага кампаніяй Durex у 2005, прыблізна 12 % людзей мелі досвед аднаполых сексуальных стасункаў.

Паводзіны, аднак, не заўсёды з’яўляюцца паказчыкам унутранай скіраванасці ў чалавеку. Так, напрыклад, колькасць тых, хто ідэнтыфікуе сябе як асобу з гомасексуальнай арыентацыяй, нашмат меншая за тых, хто меў нават неаднаразовы досвед аднаполага сексу. У монасексуальных асяродках (вязніцы, армія, семінарыі) аднаполыя сексуальныя практыкі распаўсюджаныя шырэй і часта носяць адметны характар, чым па-за імі. Таксама сацыяльны ціск уплывае як на паводзіны, так і самавызначэнне чалавека. Паводзіны і самавызначэнне кепска карэлююць з двума іншымі крытэрыямі, якія выкарыстоўваюцца ў класіфікацыі паводле сексуальнай арыентацыі: на падставе рэгістрацыі пачуццяў (фантазій і жаданняў), і генітальных і мазгавых рэакцый (фізіялагічна вымяральнай узбуджанасці ў адказ на мужчынскія і жаночыя вобразы). Паасобку, ніводны з гэтых крытэрыяў не дае абсалютна верагодных лічбаў. Даследаванні, якія грунтуюцца на рэгістрацыі пачуццяў, выкарыстоўваюцца найбольш часта.

Кансэнсусу пра колькасць людзей з гомасексуальнай арыентацыяй няма. Абагульненая статыстыка даследаванняў, якія кіраваліся крытэрыем рэгістрацыі пачуццяў, кажа, што 2-3,5 % мужчын і 0,5-1,5 % жанчын маюць гомасексуальную арыентацыю.

Даследаванні гомасексуальнасці

Біялогія

Існуе шэраг даследванняў, якія паказваюць на магчымыя фактары, што ўплываюць на фарміраванне сексуальнай арыентацыі. Перадусім гэта асаблівасці генетычнага складу дзіцяці і гарманальных працэсаў у целе маці падчас цяжарнасці. Некаторыя навукоўцы лічуць, што «няма падстаў сцвярджаць, што гомасексуальная арыентацыя — вынік паталагічных з’яў». Гены, якія маюць ролю ў фарміраванні сексуальнай арыентацыі, не ідэнтыфікаваныя. Найбольш верагодна, што гэта тыя гены, якія вызначаюць мазгавыя рэакцыі на гармоны або энзімы (ферменты). Існаванне такіх генаў на працягу тысячагоддзяў сведчыць пра тое, што іх прысутнасць можа мець пазітыўную ролю. Найбольш верагодна, што іх захаванне з’яўляецца вынікам дзеяння механізму збалансаванага полімарфізму. Іншыя даследаванні паказваюць на значны ўплыў на фарміраванне сексуальнай арыентацыі прэнатальных (антынатальных, дародавых) гармонаў.[6]

Гомасексуальнасць у Беларусі

Многія беларусы прытрымліваюцца гамафобных поглядаў, пры гэтым маладзейшыя пакаленні больш талерантныя[7]. 61,9 % жыхароў Беларусі ў 2009 г. выказаліся супраць права гомасексуалаў на публічныя акцыі ў абарону грамадзянскіх правоў[8]. Беларускае заканадаўства не дае права на аднаполыя шлюбы ці грамадзянскія партнёрствы, службу ў арміі адкрытым гомасексуалам, адопцыю дзяцей аднаполымі парамі. Таксама адсутнічае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства па прыкмеце сексуальнай арыентацыі. Аднаполыя стасункі паміж поўнагадовымі асобамі былі дэкрыміналізаваныя ў 1994 г. У Беларусі існуе некалькі незарэгістраваных праваабарончых і інфармацыйных ЛГБТ ініцыятыў, напрыклад ГейБеларусь.

Зноскі

  1. Definitions Related to Sexual Orientation and Gender Diversity in APA Documents (англ.). American Psychological Association (10 красавіка 2015). — «Сексуальная арыентацыя адносіцца да полу тых, да каго чалавек адчувае рамантычную ці сексуальную цягу. ... [Гэта] трывалая сексуальная цяга да партнёраў-мужчын, партнёрак-жанчын або і тых і тых. Сексуальная арыентацыя можа быць гетэрасексуальнай, аднаполай (гей ці лесбіянка) або бісексуальнай. ... Чалавека могуць прыцягваць мужчыны, жанчыны, абодва ці ні адзін пол, гендарквіры, андрагіны, або тыя, хто маюць іншую гендарную ідэнтычнасць. Асобы могуць ідэнтыфікаваць сябе як лесбіянак, геяў, гетэрасексуалаў, бісексуалаў, квір, пансексуалаў ці асексуалаў і інш. ... Катэгорыі сексуальнай арыентацыі звычайна ўключалі цягу да асобаў свайго полу (геі ці лесбіянкі), цягу да прадстаўнікоў іншага полу (гетэрасексуалы) і цягу да прадстаўнікоў абодвух палоў (бісексуалы). Нягледзячы на тое, што гэтыя катэгорыі працягваюць шырока выкарыстоўвацца, даследаванні паказалі, што сексуальная арыентацыя не заўсёды акрэсліваецца ў такіх катэгорыях, а замест гэтага можа змяшчацца ў спектры ... Некаторыя людзі вызначаюць сваю сексуальную арыентацыю як пансексуальнасць ці квір, гэта значыць па-за межамі бінарнага падзелу на «мужчын» і «жанчын». (англ.: Sexual orientation refers to the sex of those to whom one is sexually and romantically attracted. ... [It is] one's enduring sexual attraction to male partners, female partners, or both. Sexual orientation may be heterosexual, samesex (gay or lesbian), or bisexual. ... A person may be attracted to men, women, both, neither, or to people who are genderqueer, androgynous, or have other gender identities. Individuals may identify as lesbian, gay, heterosexual, bisexual, queer, pansexual, or asexual, among others. ... Categories of sexual orientation typically have included attraction to members of one's own sex (gay men or lesbians), attraction to members of the other sex (heterosexuals), and attraction to members of both sexes (bisexuals). While these categories continue to be widely used, research has suggested that sexual orientation does not always appear in such definable categories and instead occurs on a continuum .... Some people identify as pansexual or queer in terms of their sexual orientation, which means they define their sexual orientation outside of the gender binary of 'male' and 'female' only.  Архівавана з першакрыніцы 19 April 2022. Праверана 6 February 2020.
  2. Eric B. Shiraev; David A. Levy (2016). Cross-Cultural Psychology: Critical Thinking and Contemporary Applications, Sixth Edition. Taylor & Francis. p. 216. ISBN 978-1134871315. Архівавана з арыгінала 24 November 2021. Праверана 15 September 2021. Сексуальная арыентацыя датычыцца рамантычнай або сексуальнай цягі да асоб пэўнага полу або гендару. ... Гетэрасексуальнасць разам з бісексуальнасцю і гомасексуальнасцю складаюць прынамсі тры асноўныя катэгорыі спектру сексуальнай арыентацыі. ... Гомасексуальнасць — гэта рамантычная або сексуальная цяга паміж асобамі аднаго полу або гендару. (англ.: Sexual orientation refers to romantic or sexual attraction to people of a specific sex or gender. ... Heterosexuality, along with bisexuality and homosexuality are at least three main categories of the continuum of sexual orientation. ... Homosexuality is a romantic or sexual attraction between persons of the same sex or gender.)
  3. James R. Lehman; Kristine Diaz; Henry Ng; Elizabeth M. Petty; Meena Thatikunta; Kristen Eckstrand, рэд-ры (2019). The Equal Curriculum: The Student and Educator Guide to LGBTQ Health. Springer Nature. p. 5. ISBN 978-3030240257. Архівавана з арыгінала 24 November 2021. Праверана 15 September 2021. Гомасексуальны, што даслоўна азначае «аднаполы», выкарыстоўваецца як прыметнік для апісання цягі да таго ж полу або гендару ... Тэрмін уносіць двухсэнсоўнасць, бо часта ўжываецца ў якасці ярлыка да асобы або групы на аснове іх паводзін, а не самаідэнтыфікаванай сексуальнай арыентацыі ці сексуальных жаданняў ... у дадатак да патэнцыйна негатыўных канатацый, няясна, якую канкрэтна групу людзей апісвае тэрмін «гомасексуал»... (англ.: Homosexual, literally meaning "same sex", is used as an adjective to describe same-sex or same-gender attraction. ... The term introduces ambiguity because is often applied as an identity label to a person or group based on their behaviors, not because of self-identified sexual orientation or sexual desires. ... in addition to having potentially negative connotations, homosexual is unclear as to what group of people it describes...)
  4. Sexual orientation, homosexuality and bisexuality. American Psychological Association. Архівавана з першакрыніцы 8 August 2013. Праверана 10 August 2013.
  5. Case No. S147999 in the Supreme Court of the State of California, In re Marriage Cases Judicial Council Coordination Proceeding No. 4365... – APA California Amicus Brief — As Filed. Архівавана з першакрыніцы 3 January 2020. Праверана 21 December 2010.
  6. Wilson G. & Rahman Q. Born Gay: The Psychobiology of Sex Orientation. London, 2005, p. 145
  7. http://www.belarus.by/en/travel/gay-travellers Архівавана 25 кастрычніка 2012.
  8. http://gaybelarus.by/naviny/slavic-pride/42-zhyharou-minska-ne-suprac-pravyadzennya-publichnyh-akcyi-seksmenshascyau.html Архівавана 18 кастрычніка 2011.

Літаратура

  • Аляксандраў А. А. Псіхагенетыка: Вучэбны дапаможнік. — СПб.: Піцер, 2006, Серыя «Вучэбны дапаможнік», ISBN5-94723-662-1

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.