Ілюстрацыя голаду ў паўночнай Швецыі, голад у Фінляндыі 1866–1868

Голад у Фінляндыі 1866–1868 гг. — апошні масавы голад у Фінляндыі, і апошні масавы голад у Заходняй Еўропе, выкліканы натуральнымі прычынамі. У фінскай гісторыі з'ява вядома як Гады вялікага голаду (фін. Suuret nälkävuodet

Каля 15 % усяго насельніцтва Вялікага княства Фінляндскага загінула; а ў раёнах, дзе голад лютаваў — да 20 %[1].

Перадумовы

Ва ўмовах халоднага клімату, бедных глеб, масавы голад на тэрыторыі Фінляндыі перыядычна здараўся. Так, голад 1696–97 гг., з вялікай падставай можа быць названы Вялікім[2] — па некаторых падліках, ён забраў жыццё кожнага трэцяга фіна[3] (паводле больш праўдападобных даных — насельніцтва Фінляндыі скарацілася на пятую частку[4]).

Прычыны голаду

Лета 1866 аказалася надзвычай дажджлівым, з прычыны чаго ўраджай збожжавых культур, бульбы і гародніны апынуўся вельмі нізкім, а сабраны ўраджай было цяжка захаваць. Вялікія праблемы з харчаваннем пачаліся ўжо восенню 1866, хоць масавых смерцяў ад голаду яшчэ не было. Спадзяваліся на ўраджай наступнага года.

Але вясна ў 1867 г. пачалася вельмі позна: так, сярэдняя тэмпература ў Хельсінкі ў маі 1867 была на 8 градусаў ніжэй, чым звычайна, а рэкі і азёры былі пакрытыя лёдам да пачатку чэрвеня. Да гэтага дадаліся моцныя замаразкі, якія ўдарылі ў пачатку верасня, і ўраджаі збожжавых культур загінулі. Ужо восенню пачаўся масавы голад[5].

Дзеянні ўладаў

Урад Вялікага княства Фінляндскага не валодаў сродкамі для закупкі прадуктаў харчавання ў неабходных аб'ёмах.

Вялікую ролю адыграў неспрыяльны збег абставін: фінансавая сістэма Вялікага княства была ў стадыі станаўлення.

Так, фінская марка толькі ў 1865 годзе, то бок, за год да пачатку голаду, была аддзеленая ад рубля і прывязаная да міжнароднага сярэбранага стандарту, стаўшы па-сапраўднаму незалежнай валютай .

«Бацька фінскай маркі», міністр фінансаў Юхан Вільгельм Снельман ў такой сітуацыі адкрыта баяўся вялікіх знешніх запазычанняў.

Толькі ў канцы 1867, калі голад ужо лютаваў на ўсю моц, улады Вялікага княства, нарэшце, вырашылі ўзяць «экстранную» пазыку ў Банку Ротшыльдаў[6], пачаўшы закупкі прадуктаў харчавання ў Еўропе. Але да таго часу, збольшага з-за спекуляцыйных махінацый, а збольшага з-за сезоннага павышэння коштаў, кошт збожжа ўжо значна павысілася.

Калі прадукты харчавання, хоць і ў недастатковай колькасці, паступілі, выявілася наступная праблема: слабое развіццё камунікацый. Часта прадукты харчавання было немагчыма даставіць да галадаючых раёнаў.

У выніку, у тэрміновым парадку былі пачаты многія грамадскія праекты па будаўніцтве дарог і партоў; самым значным было будаўніцтва 348-кіламетровай чыгункі Рійхімякі — Санкт-Пецярбург.

У 1868 годзе надвор'е вярнулася да сярэднегадавых значэнняў, і ўраджай быў досыць добры, аднак інфекцыйныя хваробы, якія распаўсюдзіліся («спадарожнікі голаду»), унеслі яшчэ шмат жыццяў.

Наступствы

Няспрытнасць уладаў Вялікага княства ў барацьбе з голадам была відавочнай, але да вялікіх палітычных наступстваў ён не прывёў. Зрэшты, Юхан Снельман ў 1868 г. усе ж быў вымушаны сысці з Сената .

Да 1870-х гадоў гарадское насельніцтва Фінляндыі было мінімальным, працоўны клас амаль адсутнічаў, а палітычных плыняў, якія маглі б спекуляваць на тэме голаду, амаль не існавала. Сялянства ўспрыняла голад хутчэй як «нябесную кару». Згуляла ролю і лаяльнасць фінаў да ўласнай улады ва ўмовах станаўлення фінскага самасвядомасці.

У любым выпадку, немагчыма не прызнаць, што ўрад Вялікага княства валодаў вялікім пачуццём адказнасці перад уласным народам, і на працягу наступных гадоў прыклаў ўсе сілы, каб голад больш не паўтарыўся. Прысутнічала і пэўнае пачуццё віны за ўласную бяздзейнасць у самы разгар голаду.

Так ці інакш, на працягу наступных гадоў:

  1. Былі праведзены карэнныя пераўтварэнні сельскай гаспадаркі Вялікага княства, накіраваныя на інтэнсіфікацыю існуючых сельскагаспадарчых культур, на павышэнне іх разнастайнасці (для зніжэння залежнасці ад прыродных фактараў), і т.д. Па сутнасці, менавіта ў гады пасля голаду 1866–1868 гг. была закладзена аснова цяперашняга росквіту сельскай гаспадаркі Фінляндыі.
  2. Пачата інтэнсіўнае будаўніцтва ўнутраных камунікацый (у асноўным — чыгунак).
  3. Зніжаны падаткі, лібералізавана эканоміка і г.д.
  4. Стала практыкавацца выдача мэтавых крэдытаў фізічным асобам, у тым ліку - сялянскім гаспадаркам

У цэлым, у фінскай літаратуры адзначаецца, што нягледзячы на страшныя наступствы, голад 1866–1868 гг. паслужыў і своеасаблівым «узварушэннем», штуршком у развіцці краіны.

Эміграцыя

Голад выклікаў хвалю эміграцыі фінскага насельніцтва, накіраваную перш за ўсё ў ЗША, дзе ўтварыўся цэлы раён, празваны «фінская пятля» (Finn-Loop). У асноўным фіны працавалі ў горнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, лесанарыхтоўцы, гэта значыць у тых галінах, якія былі развітыя ў Фінляндыі. Нямала фінаў, ратуючыся ад голаду, з'ехалі ў Санкт-Пецярбург.

Іншыя факты

Паколькі навукі былі дастаткова развітымі, а Вялікае княства — адкрытай для даследавання тэрыторыяй, голад 1866–1868 гг. пасля старанна аналізаваўся як фінамі, так і заходнееўрапейскімі навукоўцамі. У выніку, у сусветнай навуцы ўзнікла лепшае разуменне ролі голаду ў распаўсюдзе інфекцыйных хвароб, лепшае разуменне дэмаграфічных працэсаў, і г.д.

Зноскі

  1. Finland: Facts, Discussion Forum, and Encyclopedia Article
  2. References
  3. http://www.smh.com.au/travel/travel-factsheet/finland--culture-amp-history-20081128-6kwq.html(недаступная+спасылка)
  4. FINNISH HISTORY Архівавана 25 сакавіка 2009.
  5. en:Finnish famine of 1866–1868
  6. У сувязі з падступаючым голадам, Юхан Снельман звяртаўся за крэдытам і да ўрада Расіі. Аднак, як заўсёды, Ротшыльды прапанавалі лепшыя ўмовы (6 % гадавых замест прапанаваных Расіяй 9-ці, і маментальнае вылучэнне сумы). Нядзіўна, такім чынам, што і да, і пасля 1867 франкфурцкі банкірскі дом Ротшыльдаў быў асноўным займадаўцам Вялікага княства Фінляндскага, пасля саступіўшы гэта месца толькі шведскаму «Stockholms Enskilda Bank» (дынастыя Валенбергаў).

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.