Гетэрозіс — паскарэнне росту і павелічэнне памераў, павышэнне жыццястойкасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення пры розных скрыжаваннях як жывёл, так і раслін. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна згасае. Адрозніваюць гетэрозіс сапраўдны — здольнасць гібрыдаў пакідаць вялікую колькасць пладавітых нашчадкаў, і гігантызм - павелічэнне ўсяго гібрыднага арганізма або асобных яго частак. Гетэрозіс выяўлены ў разнастайных мнагаклетачных жывёл і раслін (у тым ліку і самаапыляльнікаў). Падобныя з гетэрозісам з’явы назіраюцца пры палавым працэсе і ў некаторых аднаклетачных. У сельскагаспадарчых жывёл і вырошчваемых раслін гетэрозіс нярэдка прыводзіць да значнага павышэння прадукцыйнасці і ўраджайнасці.

Гетэрозіс і адваротная яму інбрэдная дэпрэсія (імбрыдынг) былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам, у прыватнасці Арыстоцелю. Першыя навуковыя даследаванні гетэрозісу ў раслін праведзены нямецкім батанікам І. Кельрэйтэрам (1760). Чарлз Дарвін абагульніў назіранні аб карысці скрыжаванняў (1876). Тэрмін "Гетэрозіс" прапанаваў амерыканскі генетык Г. Шэл (1914); ён першы атрымаў "двайныя" міжлінейныя гібрыды кукурузы. Асновы метаду прамысловага вырошчвання гэтых гібрыдаў распрацаваў Д. Джонс (1917 г.). Выкарыстанне гібрыдызацыі ў сельскай гаспадарцы пашыраецца з году ў год, што стымулюе і тэарэтычныя даследаванні гетэрозісу. Асобіны з моцна выяўленым гетэрозісам маюць перавагі пры натуральным адборы, і таму праявы гетэрозісу ўзмацняюцца, што спрыяе павелічэнню генетычнай зменлівасці. Нярэдка ўзнікаюць ўстойлівыя генетычныя сістэмы, якія забяспечваюць пераважнае выжыванне гетэразігот па многіх генах.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.