Горад
Герцыке
Jersika
|
Герцыке, Герцык, Герсіке, Ерсіка (лац.: Gercike) — колішні горад на правым беразе Заходняй Дзвіны, за 180 км ад Полацка. Паселішча 2-й паловы XI — 1-й паловы XIII ст., належала Полацкаму княству як фарпост і цэнтр уладанняў у Ніжнім Падзвінні[1].
Назва
Назву горада А. Кунік, Г. Пабст, А. Білeнштэйн і іншыя даследчыкі набліжалі да град (параўн. польск.: grod, руск.: город). Найбольш грунтоўная думка Г. Пабста заснавана, напэўна, на справаздачы ганзейскага пасольства ад 26.3.1292 года пра сваю дзейнасць у Ноўгарадзе ў 1291 годзе[2]. Паводле справаздачы, паслы Любека, Вісбі і Рыгі жылі не ў самім Ноўгарадзе, а ў Gerceke, які называлі «дваром князя» (curia regia), а наўгародцы ездзілі да іх на перамовы. Няма сумневаў, curia regia паблізу Ноўгарада — княжацкая рэзідэнцыя Гарадзішча, цяпер вядомая як Рурыкава Гарадзішча[3]. З гэтага вынікае, калі Гарадзішча на Волхаве звалася па-нямецку Gerceke, напэўна, і Gercike на Дзвіне звалася Гарадзішчам.[4]
Гісторыя
Паселішча на месцы Герцыке існавала з X ст., археалагічнымі раскопкамі зафіксавана 10 будаўнічых гарызонтаў. У XI ст. былі пабудаваны земляныя ўмацаванні — гарадзішча авальнай формы (70x100 м). На гарадзішчы выяўлены рэшткі драўляных пабудоў з печамі, знойдзены рэчы тыповыя для балтаў і славян, характэрныя для гарадоў Полацкай зямлі. Пасад (750x200 м) быў заселены ў XI—XII ст. і знаходзіўся на поўнач ад гарадзішча. Знойдзены крыжыкі і некаторыя ўпрыгожанні, характэрныя для славян. Насельніцтва складалася пераважна з латгалаў, жыла і нязначная колькасць русінаў. Паблізу выяўлены могільнік X—XII ст., пахавальны абрад — трупапалажэнне, жаночыя ўпрыгожанні ў большасці латгальскія.[1]
Упершыню горад згадваецца «Хронікай Лівоніі» пад 1203 годам як багатая княжацкая рэзідэнцыя з праваслаўнымі цэрквамі, цэнтр княства пад кіраваннем князя Усевалада, падпарадкаванага Полацку.[1] У 1209, 1214 і 1215 гадах на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 годзе перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля XIV ст. крыніцамі не згадваецца.
Зноскі
Літаратура
- Balodis F. Jersika // Senatne un Maksla. -- Riga, 1936. № 4.
- Balodis F. Jersikas un tai 1939. Gada izdaritie izrakumi. -- Riga, 1940.
- Клейнберг И. О топониме Gercike в источниках ХІІІ в. // Вспомагательные исторические дисциплины, IV. -- Ленинград, 1972. -- С. 127.
- Лицкевич, О. В. Княжества Кукенойс и Герцике и их отношение к Полоцку в начале ХІIІ в.: некоторые наблюдения и данные // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Полацк, 1–2 лістапада 2022 г.). — Полацк: Полацкае кніжнае выдавецтва, 2022. — С. 181–195.
- Штыхов Г. В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). — Мн., 1978. — С. 62.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі
- Carogród // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 526.
- Carogród // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo (польск.). — Warszawa, 1900. — S. 291.