Герб Добруша | |
---|---|
![]() |
|
Дэталі | |
Шчыт |
французскі |
Заснаванне | 6 красавіка 2001 |
Герб Добруша — афіцыйны геральдычны сімвал горада Добруша.
Апісанне: у зялёным полі французскага шчыта тры бухты каната сярэбранага колеру з чорнымі швамі.
Герб адноўлены паводле архіўных дакументаў. Аўтар рэканстукцыі — М. М. Ялінская.
На аснове герба быў таксама распрацаваны сцяг Добруша з выкарыстаннем тых жа колераў і асноўных элементаў.
Герб і сцяг Добруша зарэгістраваныя ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 красавіка 2001 г. пад № 54.
Гісторыя
Вытокі сімволікі
Горад Добруш вядомы з 1560 г. у Вялікім Княстве Літоўскім як вёска Гомельскага староства Рэчыцкага павета. З 1772 года, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, у складзе Расійскай імперыі. Каля 1795 годзе тут было заснавана некалькі мануфактур, у тым ліку палатняна-парусінавая, на якой у 1812 г. працавала 60 рабочых. Да 1834 г. Добруш знаходзіўся ў складзе Гомельскага маёнтка графа П. А. Румянцава-Задунайскага. Пазней гэта маёнтак набыў граф І. Ф. Паскевіч, нашчадкі якога ў 1870 годзе тут заснавалі Добрушскую папяровую фабрыку, якая стала пазней добра вядомай. У канцы XIX ст. ў Добрушы пражывала больш за 1 тыс. жыхароў, мелася некалькі невялікіх прамысловых прадпрыемстваў, царква, школа, бальніца, крамы, аднак статус горада Добруш атрымаў толькі у 1927 годзе.
Аднаўленне герба
Зафіксаваны ў гістарычных крыніцах з сярэдзіны XVI ст., Добруш не валодаў магдэбургскім правам, і таму не было падстаў спадзявацца на існаванне гістарычнага герба. Аднак калі 1 чэрвеня 2000 года Добрушскі райвыканкам звярнуўся ў Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай распрацаваць герб горада, то супрацоўнікам аддзела геральдыкі і генеалогіі ўдалося знайсці цікавыя звесткі пра мінулае Добруша. У часопісе «Гербовед», які выдаецца Рускай Геральдычнай калегіяй, гаворыцца, што Добруш развіўся «з прамысловага, акружанага з усіх бакоў лясамі, мястэчка, вядомага вытворчасцю канатаў, парусоў і драўляных вырабаў». І далей:
![]() |
«У ... (дата не ўказана) годзе быў Найвысачэйша зацверджаны герб Добрушу з наступным апісаннем: «У зялёным полі тры бухты каната сярэбранага колеру з чорнымі швамі». Арыгінальны тэкст (руск.)
«В … (дата не указана) году был Высочайше утвержден герб Добрушу со следующим описанием: «В зеленом поле три бухты каната серебряного цвета с черными швами» |
![]() |
Дараванне герба Добруша, на думку С. Я. Рассадзіна, «адбылося ў час валадарання Кацярыны Другой, у канцы XVIII ст., бо іменна тады афіцыйна зацвярджаецца цэлая серыя гарадскіх гербаў, распрацаваных Расійскай геральдмейстэрскай канторай у такім жа стылі. Гербы такога роду адлюстроўвалі вытворча-эканамічную спецыфіку населенага пункта».
Такім чынам, стаяла задача не стварэння, а аднаўлення гістарычнага герба. Аднак, узнікла натуральнае пытанне: што ўяўлялі з сябе гэтыя бухты каната, якія вырабляліся ў Добрушы і ішлі на продаж два стагоддзі назад? Асноўная цяжкасць пры рэканструкцыі герба заключалася іменна ў правільнай перадачы выявы. У энцыклапедычным слоўніку Ф. А. Бракгаўза і І. А. Ефрона, выдадзеным у 1891 г., прыводзіцца наступнае апісанне[1]: «Бухта — так называецца ўсякая снасць (трос, вяроўка), складзеная ў выглядзе колаў, цыліндраў, эліпсаў ці іншай формы. У продаж гэты тавар (канат) паступае наматаным у клубкі, на цыліндрычныя дзеравяшкі». Па правілах геральдыкі гербавая выява павінна займаць найбольшую плошчу шчыта, таму лагічна было размясціць тры бухты каната так, як яны прадстаўлены ў эталонным варыянце герба.
Зноскі
- ↑ Бухта, вид укладки снасти // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Літаратура
- Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.
Спасылкі
- г. Добруш і Добрушскі раён . Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. gs.archives.gov.by.