Герб БССР | |
---|---|
Дэталі | |
Зацверджаны | 30 сакавіка 1927[1] |
Заснаванне | 1981 |
Дэвіз |
Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! — надпіс на беларускай і рускай мовах |
Іншыя элементы | Узыходзячае сонца, серп і молат, чырвоная зорка, вянок з жытніх каласоў, пераплеценых канюшынай і лёнам, чырвоная стужка, абрэвіятура "БССР". |
Выкарыстанне | са зменамі выкарыстоўваўся ў 1919-1991 гадах. |
Герб Беларускай ССР — дзяржаўны сімвал Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Герб Беларускай ССР грунтуецца на гербе Савецкага Саюза. Быў прыняты 30 сакавіка 1927 года на пасяджэнні Саўнаркама БССР. 11 красавіка 1927 года малюнак дзяржаўнага герба БССР і яго апісанне былі прыняты VIII з’ездам Саветаў БССР і ўнесены ў Канстытуцыю. Апошняя рэдакцыя герба была зацверджана ў 1981 годзе.
Гісторыя герба
Канстытуцыя ССРБ (3 лютага 1919) у артыкуле 31 апісвала герб Беларусі:
залатыя серп і молат на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонца, вакол — вянок з каласоў і надпісы: «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь» і «Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!».
А. Н. Лупол і Е. І. Каменцава ў Савецкай Гістарычнай Энцыклапедыі (т.4, М, 1963) прыводзяць малюнак дзяржаўнага герба Беларускай ССР 1919 года, які практычна цалкам супадае з гербам РСФСР і адрозніваецца ад яго толькі надпісамі «Б. С. С. Р.» і дэвізам «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!».
У 1924 годзе Сакратарыят ЦВК Беларускай ССР абвясціў конкурс на лепшы праект дзяржаўнага герба рэспублікі. Ён павінен быў адбіць прыродныя і гаспадарчыя асаблівасці Беларусі, яе непарыўную сувязь з Савецкім Саюзам. 22 кастрычніка 1924 года былі прынятыя асноўныя палажэнні аб гербе. 24 лістапада 1926 года СНК БССР, разгледзеўшы прадстаўленыя праекты герба, прапанаваў Наркампрасу дапрацаваць праект. 27 снежня 1926 года СНК БССР прызнаў удалым малюнак герба, выкананы кіраўніком Беларускага мастацкага тэхнікума Віцебска Валянцінам Віктаравічам Волкавым. Саўнаркам унёс некаторыя папраўкі ў малюнак, тое ж было зроблена і Прэзідыумам ЦВК 5 лютага 1927 года.
У пастанове Саўнаркама было сказана:
Прыняць праект дзяржаўнага герба БССР, які складаецца з малюнка на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонца сярпа і молата, змешчаных крыж-накрыж дзяржальнямі дадолу і акружаных вянком, якія складаюцца злева з жытніх каласоў, абвітых канюшынай, і справа — з дубовай галінкі; знізу — паміж абедзвюма паловамі вянка знаходзіцца частка зямнога шара з тэрыторыяй Беларускай ССР. Абедзве паловы вянка абвіты чырвонай стужкай, на якой змешчаныя надпісы на чатырох мовах: «Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!» — і ніжэй «Б. С. С. Р.» Наверсе герба — пяціканцовая зорка.
Тэкст дэвізу на беларускай мове з 1927 года выглядаў як: «Пролятары ўсіх краін, злучайцеся!» (да 1927 года было: «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!»). З 1937 года дэвіз на беларускай мове выглядаў як: «Пролетарыі ўсіх краін, злучайцеся!»)
5 красавіка 1937 года пастановай Прэзідыума ЦВК БССР «Аб дзяржаўным гербе і сцягу БССР» быў замацаваны афіцыйны малюнак герба. У жніўні 1938 года быў зацверджаны новы варыянт герба БССР, паводле рэкамендацый Камісіі пры Прэзідыуме ВС СССР дэвіз стаў адлюстроўвацца толькі на двух мовах: беларускай і рускай (прыбралі надпісы на польскай і на ідыш), дубовая галіна была замененая каласамі іржы, пераплеценымі льном. Малюнак перапрацаваў В. В. Волкаў. Указам Прэзідыума ВС БССР ад 20 лістапада 1938 года быў удакладнены пераклад на беларускую мову дэвізу, ён стаў чытацца як: «Пролетарыі ўсіх краін, еднайцеся!», таксама былі занесеныя папраўкі ў малюнак (змененая групоўка сонечных прамянёў).
Ініцыятарам змен лозунга і наўмыснага ўвядзення ў яго арфаграфічнай памылкі была Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Надзея Грэкава. Аўген Калубовіч апісваў гэта наступным чынам:
— Ну а Грэкава? — зноў перапыніў яго Я. Колас. Відаць было, што ён спяшаўся. Грэкава, працягваў К. Гурскі, загадала ўнесці ў правапіс дзве зробленыя ёю «папраўкі» ў лозунг «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» Па-першае, слова «злучайцеся» замяніць на «еднайцеся», бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». Па-другое, у слове «яднайцеся» пачатнае «я», хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца праз «е», бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэта пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсці «яд-». Для палітычнага лозунга гэта недапушчальнае і ЦК партыі на гэта не можа згадзіцца. Я. Колас нічога не адказаў.[2] Аўген Калубовіч Якуб Колас і Янка Купала. Крокі гісторыі |
11 красавіка 1927 года малюнак дзяржаўнага герба БССР і яго апісанне былі прынятыя VIII з’ездам Саветаў БССР і занесеныя ў Канстытуцыю. Паводле Канстытуцыі, прынятай XI з’ездам Саветаў БССР 19 лютага 1937 года, геральдычная абрэвіятура рэспублікі «Б. С. С. Р.» стала расшыфроўвацца як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. 5 красавіка 1937 года пастановай Прэзідыума ЦВК БССР «Аб дзяржаўным гербе і сцягу БССР» быў замацаваны афіцыйны малюнак герба.
У 1950-я гады народным мастаком Савецкага Саюза Іванам Дубасавым быў распрацаваны новы, крыху зменены праект герба. Лён на гербе БССР стаў адлюстроўвацца не са скрыначкамі, а з кветкамі. З 1956 года абрэвіятура назвы рэспублікі не падзяляецца кропкамі. 28 лютага 1958 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў указ аб чарговым удакладненні беларускага тэксту дэвізу, з тых часоў ён выглядае як: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».
Апошняе ўдакладненне герба БССР адбылося ў 1981 годзе, тады былі трохі зменены малюнкі кветак лёну і сонечных прамянёў.
19 верасня 1991 года быў заменены на герб «Пагоня», у мінулым — герб Вялікага княства Літоўскага і БНР.
Сучасны герб Беларусі, прыняты на рэферэндуме 1995 года, засноўваецца на гербе БССР з заменай малюнка сярпа і молата на контуры Беларусі.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Гербы БССР . Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2020. Праверана 20 верасня 2020.
- ↑ Аўген Калубовіч. Якуб Колас і Янка Купала. Крокі гісторыі. Мінск, 1993.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Герб Беларускай ССР