Герб Армянскай ССР | |
---|---|
Дэталі | |
Зацверджаны | 23 сакавіка 1937 |
Заснаванне | 1937 |
Дэвіз |
«Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» на армянскай і рускай мовах |
Раннія версіі |
Герб ССР Арменія, зацверджаны 2 лютага 1922 года |
Выкарыстанне |
23 сакавіка 1937 г. — 19 красавіка 1992 г. |
Герб Армянскай ССР — дзяржаўны сімвал Армянскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Герб Армянскай ССР грунтуецца на гербе Савецкага Саюза.
Апісанне
Дзяржаўны герб Армянскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі складаўся з выявы Вялікага і Малога Арарата, зверху серп і молат на пяціканцовай зорцы, абкружанай прамянямі. У падножжа гор куст вінаградніка з лазой і лісцем, справа і злева каласы пшаніцы. Вакол герба на палях надпіс на армянскай мове «Армянская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка». Знізу на чырвоным фоне надпім на армянскай і рускай мовах «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»
Гісторыя герба
Канстытуцыя, прынятая I з’ездам Рад Арменіі 2 лютага 1922 года, зацвердзіла апісанне гербу Арменіі. Герб уяўляў сабой малюнак хрыбтоў Вялікага і Малога Масіса (Арарата), над якімі ў прамянях ранішняга сонца размяшчаліся серп і молат, у падножжа — куст вінаграду з лазой і лісцем, каласы пшаніцы, галінкі масліны. Вакол гербу на палях размяшчаліся надпісы на армянскай мове «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Арменія» і «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Малюнак гербу выканалі Мартырас Сар’ян і Акоп Каджаян.
Назва рэспублікі па-армянску на гербе 1922 года чыталася як «г-Аястані Соціалістакан Хоргрдайін г-Анрапетуцюн» (Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Арменія). 3 красавіка 1927 года V з’езд Рад ССР Арменіі прыняў новую рэдакцыю Канстытуцыі, паводле якой назва змянілася на «Армянская ССР» і абрэвіятура гэтай назвы на армянскай мове была ўключаная ў герб замест ранейшай.
Пасля скасавання Закаўказскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі (ЗСФСР) і ўваходжання Армянскай ССР непасрэдна ў склад СССР на 23 сакавіка 1937 года Надзвычайным IX з’ездзе Рад Армянскай ССР была прынятая новая Канстытуцыя. Герб быў крыху зменены: аліўкавы вянок заменены хлебным калассем, выдалены з малюнка дыск ранішняга сонца і яго прамяні, серп і молат сталі асвятляцца пяціканцовай зоркай, вакол гербу размяшчаліся надпісы «Армянская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на армянскай мове), а ўнізе: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (на армянскай і расійскай мовах).
З 1937 па 1940 год надпіс на гербе чытаўся па-армянску як «г-Айкакан Хоргрдайін Соціалістакан г-Анрапетуцюн» (Армянская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У 1940 годзе армянскія тэрміны «савецкая» і «рэспубліка» былі змененыя. Новы варыянт назвы рэспублікі па-армянску: «г-Айкакан Советакан Соціалистакан Республіка». З 1966 года ізноў сталі перакладаць па-старому слова «Рэспубліка» і да канца існавання Армянскай ССР і першы час незалежнасці на гербе быў надпіс «г-Айкакан Советакан Соціалистакан г-Анрапетуцюн».
Артыкул 120 Канстытуцыі Армянскай ССР апісваў герб рэспублікі так:
Дзяржаўны герб Армянскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі складаецца з малюнка Вялікага і Малога Арарата, зверху серп і молат на пяціканцовай зорцы, акружанай прамянямі. Ля падножжа гор куст вінаградніку з лазой і лісцем, справа і злева каласы пшаніцы. Вакол гербу на палях надпіс на армянскай мове «Армянская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка». Унізе на чырвоным фоне надпіс на армянскай і рускай мовах «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»
У Канстытуцыі 1977 года было ўдакладнена, што прамяні на гербе сонечныя.