Генеральны план — адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабудаўнічага аб’екта — горада, гарадскога пасёлка ці іншага населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адміністрацыйнага раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабудаўнічага аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сацыяльных, эканамічных, інжынерна-тэхнічных, экалагічных і эстэтычных задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, транспартнай і інжынернай інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў.
Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асноўныя палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абласныя органы ўлады. На Беларусі генеральныя планы распрацоўваюць інстытут «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абласныя праектныя арганізацыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т.л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.
Літаратура
- Генеральны план // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Генеральны план