Генадзь Нафрановіч | |
---|---|
Род дзейнасці | удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху |
Дата нараджэння | 1929 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | красавік 1950 |
Месца смерці | |
Месца пахавання |
Генадзь Нафрановіч (1929 — красавік 1950) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да мядзельскай групы арганізацыі.[1]
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1929 г. у в. Юшкавічы Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы.
Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе. Там у 1948 г. далучыўся да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху. Арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў.
У арганізацыі Генадзь Нафрановіч удзельнічаў у распаўсюдзе ўлётак і назапашванні зброі. Меў пісталет вальтэр, які ён украў у дырэктара школы. У 1949 годзе далучыўся да антыкамуністычнай партызанскай групы, якая дзейнічала на поўначы Мядзельшчыны.
У красавіку 1950 г. застрэліўся, калі быў асочаны і абкружаны міліцыяй на сядзібе родзіча ў в. Палуяны. Паводле аповедаў Віктара Шабовіча гэта адбылося так: «Прыехала з Мядзела міліцыя, а ён быў не дома, а ў другога Нафрановіча, што ў пачатку Палуянаў жыў. Сядзеў на гарышчы. Кажа: «Я вам не здамся!» І ён сам сябе застрэліў».
Пахаваны ў родных Юшкавічах.
Зноскі
- ↑ Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. С. 16
Літаратура
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
- Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
- Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.