Генадзь Валер’евіч Шутаў
Імя пры нараджэнні руск.: Геннадий Валерьевич Шутов
Род дзейнасці кіроўца, дальнабойшчык, матацыкліст
Дата нараджэння 25 лістапада 1975(1975-11-25)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 жніўня 2020(2020-08-19) (44 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Узнагароды і прэміі
Медаль Ордэна Пагоні
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Генадзь Валер’евіч Шутаў (25 лістапада 1975, г. Брэст19 жніўня 2020, г. Мінск) — удзельнік пратэстаў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. Трэцяя афіцыйна прызнаная ахвяра пры задушэнні пратэстаў 9—12 жніўня і першая ад агнястрэльнай зброі[2][3][4][5].

Гібель

Паводле міліцыі, увечары 11 жніўня Генадзь Шутаў разам з іншым мужчынам напаў на праваахоўнікаў у Брэсце ў раёне каля адміністрацыі Маскоўскага раёна, білі іх металічнай трубой, а таксама маніліся забраць зброю. Адзін з праваахоўнікаў, баючыся за сваё жыццё, стрэліў нападніку ў плячо, але, паколькі той супраціўляўся, «ненаўмысля параніў яго ў вобласць галавы». Параненага даставілі ў шпіталь. 13 жніўня яго ў цяжкім стане перавялі ў шпіталь Міністэрства абароны, дзе 19 жніўня а 10:20 ён памёр. Следчыя паабяцалі даць «прававую ацэнку» дзеянням нападнікаў і правамернасці ўжывання зброі[6].

Дачка Шутава Наста расказала СМІ інакшую версію: «Ён пазваніў, што едзе дахаты, і з таго часу мы яго шукалі два дні і не маглі знайсці. Яго тэлефон быў недаступны… У бацьку стралялі са спіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненне костак»[7][8].

Жанчына, што жыве непадалёк ад месца забойства, расказала, што пачула тры стрэлы і выйшла на балкон, адкуль убачыла, што мужчына ляжыць у лужыне крыві і ад яго адыходзіць малады чалавек у цывільнай вопратцы. «Ён падышоў да яго, паспрабаваў нагой піхнуць, але, заўважыўшы кроў, яго агарнула паніка, ён паклікаў сваіх хлапцоў. Адзін з іх падбег і пачаў трымаць галаву, шыю, відаць, што спынялі кроў. А гэты малады чалавек, які страляў, падышоў да лавы і выклікаў хуткую. Ён быў вельмі напружаны, нерваваўся, нават крычаў. Людзі тут хацелі падысці, але ён іх не падпускаў. Лаяўся на іх. Потым сюды падышлі другія хлопцы, мяркую, што гэта яго людзі былі, бо іншых ён не падпускаў. Потым другі раз патэлефанаваў у хуткую, каб яны барзджэй ехалі. Мажліва, што ў хуткай удакладнілі, якім чынам адбылося агнястрэльнае раненне. Бо ён расказваў, што на яго напалі і гэта была самаабарона. Гэтым часам пачалі сходзіцца людзі, фатаграфаваць яго. Ён прыкрыўся кашуляй, дастаў пісталет і стаў накіроўваць зброю на людзей, пасылаючы іх далей. Людзі адрэагавалі на гэта досыць агрэсіўна. І гэта зразумела». Сведка таксама адзначае, што стрэл быў у патыліцу, бо мужчына ляжаў на зямлі тварам уніз[9].

У даведцы пра смерць Шутава сказана, што яе прычынай стаў траўматычны ацёк галаўнога мозгу. У графе «знешняя прычына смерці» паказаны код Y22 — у міжнароднай класіфікацыі хвароб ён расшыфроўваецца як «пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі»[3]. 21 верасня «Медиазоной» быў апублікаваны відэазапіс з камеры на пад’ездзе дома 334 на Маскоўскай вуліцы ў Брэсце, пад вокнамі якога 11 жніўня адзін з міліцыянтаў у цывільным адзенні стрэліў Генадзю Шутаву ў патыліцу. Гэты запіс з’яўляецца пацвярджэннем таго, што афіцыйная версія Следчага камітэта пра тое, што байкер і яго сябар з металічнымі трубамі ў руках напалі на міліцыянтаў і паспрабавалі адабраць у іх зброю, з’яўляецца фальшывай. У руках у Шутава і яго сябра Кардзюкова не было ні арматуры, ні металічных труб, і ніякіх папераджальных стрэлаў уверх з боку сілавікоў таксама не было. Таксама яны не нападалі на «ціхароў», а тыя самі да іх падышлі[4].

6 кастрычніка на сустрэчы са студэнтамі БрДТУ пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў адмовіўся падзяліцца вынікамі расследавання, спаслаўшыся на таямніцу следства[10]. Як напісала «Брестская газета», адзіны сведка забойства Шутава Аляксандр Кардзюкоў затрыманы 13 жніўня і з тых часоў не выходзіць на сувязь[10].

У канцы першай дэкады лістапада 2020 года сваякі забітага атрымалі адказ ад Следчага камітэта, што для адкрыцця крымінальнай справы па факту забойства «няма падстаў»[11][12][13].

Станам на 28 снежня 2020 года крымінальная справа па факце забойства самога Шутава не была распачатая, у той час як Следчы камітэт яшчэ не закрыў справу супраць Шутава за супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў. Адначасова ў замаху на забойства быў абвінавачаны Аляксандр Кардзюкоў, сведка забойства Шутава, які быў арыштаваны і першапачаткова абвінавачаны ў супраціве супрацоўніку міліцыі[14]. Чаму артыкул быў зменены, не патлумачылі, але сястра Кардзюкова лічыць, што гэта магло быць зроблена для поўнага апраўдання тых, хто страляў[15].

Суд

2 лютага 2021 года стала вядома, што Аляксандра Кардзюкова будуць судзіць за замах на забойства, у той час як крымінальная справа па факце забойства самога Генадзя Шутава не вядзецца[16].

На судзе Кардзюкова 16 лютага 2021 года высветлілася, што 11 жніўня 2020 года на Маскоўскай вуліцы ў Брэсце ў патыліцу Шутаву стрэліў вайсковец 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, капітан Раман Гаўрылаў, які быў у цывільным і меў пры сабе пісталет Макарава[17][18][19].

25 лютага 2021 года Брэсцкі абласны суд (суддзя — Святлана Крамянеўская) прызнаў вінаватымі Шутава ў супраціве з ужываннем гвалту, а Кардзюкова таксама і ў замаху на забойства[20]. Забітаму Шутаву вынеслі абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання, а Кардзюкова асудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, як запрасіў дзяржабвінаваўца Генадзь Буры[21]. Пацярпелымі прызналі ваеннаслужачых 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Рамана Гаўрылава і прапаршчыка Арсенія Галіцына, якія стралялі па абодвум на паражэнне[20].

Блізкія родзічы Шутава і Кардзюкова назвалі прыгавор абсурдам і паставілі пад сумнеў сумленнасць суда[22][23]. Тураваў ім і брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які назваў суд «шырмай карных задач», таму што ён не адказваў крытэрыям бесстароннасці і незалежнасці, а сама справа вялася дзеля абароны вайскоўцаў ад справядлівага суда[23].

Дачка забітага Генадзя Шутава Анастасія Баранчук сама абараняла ў судзе нябожчыка[24]. Яна адзначыла, што па справе не дапыталі сведак, а пацярпелыя блыталіся ў паказаннях[24]. Тое, што Гаўрылаў распавядаў, цалкам было абвергнута дзякуючы відэа з месца забойства, на якім было бачна, што бацька з Гаўрылавым адзін на адзін быў усяго чатыры секунды[24]. За гэты час, як сцвярджаў Гаўрылаў, Шутаў накінуўся на таго, схапіў за ногі, спрабаваў зваліць на зямлю, забраць пісталет і ўцячы, што проста немагчыма, да таго ж добра было відаць на відэа, што бацька рухаўся не на Гаўрылава, але ад таго[24]. Таксама яна звяртала ўвагу, што на трубе, якой нібыта ўдарылі па твары Гаўрылава, няма ніякіх слядоў тканін Гаўрылава і гэта засведчыла экспертыза[24]. Гаўрылаў сказаў на судзе, што не біў пісталетам, таму што баяўся, што будзе самаадвольны стрэл, таму вымушаны быў страляць, але экспертыза даказала, што такога не магло адбыцца[24].

« Мне здаецца, што нават сумлення ў іх няма, бо ён паводзіў сябе такім чынам, што быццам у яго сям’і загінуў чалавек, а мы ўсе вінаватыя ў гэтым. Не было ў іх відаць збянтэжанасці, перажыванняў. Але мне здаецца, што іх проста падрыхтавалі да гэтага, каб яны сябе паводзілі такім чынам. Бо часам яны нават агрызаліся з Аляксандрам [Кардзюковым], калі быў допыт. Мне таксама спрабавалі адказваць вельмі груба[24]. »
« Падчас вынясення прысуду на апошнім пасяджэнні суддзі выйшлі з апушчанымі галовамі. Ніхто з трох суддзяў не паглядзеў у залу. А ў суддзі, якая зачытвала прысуд, нават голас пачаў дрыжаць. Спачатку выглядала, што суддзі ўсё слухаюць, робяць нейкія высновы. Здавалася, што яны цалкам разумеюць сітуацыю, што няма доказаў, якія агучвае абвінавачванне. На апошняе пасяджэнне Гаўрылаў з Галіцыным нават не з’явіліся. Тады мы і зразумелі, што нічога добрага не будзе. Я не выключаю, што яны ўжо нават загадзя ведалі, што скажуць суддзі[24]. »

14 мая 2021 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь падтрымаў раней вынесеныя прысуды забітаму Шутаву і Кардзюкову[25]. Паводле ацэнкі Рамана Кісляка, разгляд скаргі ў Вярхоўным судзе не адпавядаў крытэрыю незалежнасці: усё слуханне было прызначана для вызвалення вайскоўцаў ад пакарання за забойства і прымяненне зброі[26].

Пахаванне

20 жніўня дачка забітага паведаміла, што бацькава цела сваякам дагэтуль не аддалі, таму дзень пахавання пакуль што невядомы. Сваякі хацелі пахаваць Генадзя Шутава ў Жабінцы, бо ў гэтым горадзе жыве яго маці[27]. 24 жніўня забітага там і пахавалі[28][29].

Асабістае жыццё

Генадзь Шутаў быў жанаты, меў пяцёра дзяцей і ўнука[3][30].

Рэакцыя

Быдгашч, 3 кастрычнка 2021. Акцыя салідарнасці з Беларуссю: Вітольд Ашурак (злева), Генадзь Шутаў (справа)

17 верасня 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да правядзення «незалежнага і эфектыўнага расследавання» звязанай з пратэстамі смерці Генадзя Шутава[31].

19 лістапада 2020 года жыхары Брэста запісалі відэазварот у сувязі з эксалацыяй гвалту на Беларусі, які сярод іншага акцэнтаваў увагу ўлад на неабходнасці раследвання забойства Генадзя Шутава, каб вінаватыя ў ім панеслі пакаранне ў адпаведнасці з законам[32]. 26 лістапада Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, з заклікам да «хуткага, дбайнага, бесстаронняга і незалежнага расследавання» забойстваў падчас пратэстаў у Беларусі, у тым ліку Генадзя Шутава, падтрымаў ініцыятыву брэстаўчан[33].

25 лютага 2021 года Святлана Ціханоўская ўзважыла рашэнне суда, заняўшы бок сродкаў масавай інфармацыі і актывістаў, якія лічаць, што абвінавачванні былі надуманыя ў рамках рэпрэсій, накіраваных на ўтрыманне пры ўладзе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі: «Мірны дэманстрант Генадзь Шутаў быў застрэлены сілавікамі ў цывільным у мінулым жніўні. Яго сябар Аляксандр Кардзюкоў быў сведкам гэтага і ўцёк. Сёння суд прыгаварыў Кардзюкова да 10 гадоў пазбаўлення волі. Забітага Шутава назвалі вінаватым, а яго забойцу — ахвярай»[34].

Аксана Колб, галоўны рэдактар «Новага Часу», напісала: «Дзесяць гадоў атрымаў Аляксандр Кардзюкоў, сябра Генадзя Шутава, які стаў сведкам забойства. Больш за тое, сам Генадзь прызнаны вінаватым. Шкада, што кідаць за краты нябожчыкаў яшчэ не навучыліся…»[35]. «Ахвяру ператварылі ў злачынцу», — пракаментаваў прысуд праваабаронца Алесь Бяляцкі[36].

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

6 мая 2021 года эксперты і аналітыкі Праваабарончага цэнтра «Вясна» апублікавалі заключэнне па крымінальнай справе Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова[37]. Юрысты «Вясны» прыйшлі да высновы, што мелі месца парушэнні заканадаўства ў прыцягненні сіл спецыяльных аперацый для падаўлення пратэстных акцый, у прыватнасці артыкула 3 Закона «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», артыкулаў 16 і 17 закона «Аб надзвычайным становішчы», Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», у той час як сакрэтны неапублікаваны ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 99-З «Аб зацвярджэнні Палажэння аб дзяржаўнай сістэме рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі» ад 23 лютага 2012 года «не можа мець значэння для ацэнкі правамернасці ўзаемных дзеянняў грамадзян і вайскоўцаў і не можа быць падставай для ўскладання абавязкаў на грамадзян або абмежавання іх правоў»[37]. Эксперты таксама спаслаліся на свае папярэднія заявы, згодна з якімі ў Беларусі адсутнічалі масавыя беспарадкі пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года, а мелі месца з большага мірныя пратэсты, удзельнікі якіх неабгрунтавана падвяргаліся жорсткаму абыходжанню і катаванням; рэжымаў ваеннага ці надзвычайнага становішча, узброенага канфлікту не было[37].

Незаконнасць і беспадстаўнасць прысуду, паводле экспертнай ацэнкі «Вясны», грунтуецца як на адсутнасці намеру ў Аляксандра Кардзюкова на забойства, бо «нават устаноўленага прысудам факту нанясення Кардзюковым удару трубой па галаве пацярпеламу Гаўрылаву недастаткова для таго, каб прыйсці да высновы аб намеры забіць пацярпелага», у той час як іншых доказаў таго, што Кардзюкоў жадаў забіць Гаўрылава няма, што выключае выснову аб наяўнасці прамога намеру (да таго ж замаху на забойства пры ўскосным намеры не можа быць), так і на адсутнасці неабвержных доказаў нанясення ўдару ў галаву пацярпеламу Раману Гаўрылаву, бо дакументальна пацвярджаны і тры іншыя версіі атрымання ім пашкоджанняў у іншы час і пры іншых абставінах, якія былі неаб’ектыўна ацэнены судом у парушэнне прэзумпцыі невінаватасці Кардзюкова[37]. Прамая зацікаўленасць Рамана Гаўрылава і Арсенія Галіцына, пасля праверкі дзеянняў якіх Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з прычыненнем смерці Генадзю Шутаву, у зыходзе судовага працэсу, магла прывесці да маніпуляцыі доказамі «для абгрунтавання законнасці дзеянняў Гаўрылава, які з розных варыянтаў процідзеяння супраціву Шутава абраў стрэл яму ў тулава з трапленнем у патыліцу, і Галіцына, які папераджальным стрэлам з пісталета паставіў пад пагрозу жыццё і здароўе людзей у кватэры, куды ў столь, прабіўшы шкло, трапіла куля»[37].

Абарона Гаўрылавым законнага характару сваіх дзеянняў будавалася на тым, што яго стрэлу ў патыліцу Шутава папярэднічаў нечаканы ўдар Кардзюкова трубой па галаве, які пазбавіў яго магчымасці пераадолець супраціў Шутава (які, па версіі Гаўрылава, абхапіў яго ногі, але, па версіі Кардзюкова, стаяў на каленях з паднятымі рукамі спіной да Гаўрылава)[37]. Адначасова з гэтым цялесныя пашкоджанні Гаўрылава прыблізна адпавядалі паказанай Кардзюковым акалічнасці выкарыстання трубы: пасля падзення з лаўкі, якое Кардзюкоў звязаў з дзеяннямі Гаўрылава і Галіцына, ён нанёс удар аднаму з іх трубою ў вобласць сцягна, так што драпіна на левым перадплеччы Гаўрылава, якая размешчана на ўзроўні сцягна ў стане, калі ў чалавека спушчаныя рукі, магла быць вынікам блакавання ўдару рукой па сцягне[37]. Акрамя таго, Галіцын на папярэднім следстве скрываў сваё падзенне падчас пагоні за Кардзюковым, а выяўленае ў вайскоўца цялеснае пашкоджанне, згодна з заключэннем судмедэксперта, магло адбыцца пры падзенні з вышыні свайго росту, аднак Галіцын сцвярджаў, што пашкоджанне прычыніў яму Кардзюкоў шляхам кідка трубы, што дазволіла яму таксама стаць пацярпелым, каб апраўдаць стральбу ў мірны час[37].

Згодна артыкулам 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб статусе ваеннаслужачых» вайскоўцы абавязаны «заўсёды быць па форме, чыста i акуратна апранутымі», у той час як спартыўнага целаскладу з паяснымі сумкамі ў цывільнай адзежы і кепках Гаўрылаў і Галіцын трымаліся разам і адно бачанне іх на скрыжаванні, на думку суда, дазволіла Шутаву і Кардзюкову зразумець, што тыя «не проста прысутныя грамадзяне, а знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку», каб класіфікаваць злачынства[37]. Але тое, што Гаўрылаў і Галіцын самі мімікрыравалі пад пратэстоўцаў (пляскалі ў далоні, пры набліжэнні міліцыі ўцякалі і д.т.п.), на думку экспертаў «Вясны», не магло дазволіць вызначыць у іх спецыяльных суб’ектаў злачынства[37]. Акрамя таго, суд у сваім прысудзе не ўказаў, што ўмацаваць такую ўпэўненасць былі закліканы крыкі пацярпелых «Я..[тварам]..лам уніз, вырадкі, завалю!», «Ляжаць пысай у падлогу, вырадак», стральба ў паветра, у столь кухні суседняга дома і ў патыліцу Шутава[37]. Кардзюкоў запэўніў, што ўдар у вобласць сцягна Гаўрылава ён нанёс не ў сувязі з выкананнем тым абавязкаў па ахове грамадскага парадку, а інстынктыўна, таму што «атрымаў удар (або палічыў, што атрымаў удар)» ад апошняга[37]. Да таго ж ніякіх прэтэнзій з нагоды парушэння грамадскага парадку пацярпелыя абвінавачаным не прад’яўлялі, роўна як не прад’яўлялі такіх прэтэнзій у законнай форме і пасля канфлікту[37].

На падставе заключэння 7 мая 2021 года сумеснай заявай сямі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Аляксандр Кардзюкоў быў прызнаны палітычным зняволеным[38][39]. 23 ліпеня 2021 года шэфства над ім узяла дэпутатка Рыксдага Элізабет Фалькхавен[40].

Памяць

24 лістапада 2022 года Шутаў быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[41]

Зноскі

  1. https://binkl.by/read/vybory/kak-na-samom-dele-umer-brestchanin-gennadij-shutov-versiya-ochevidtsev-i-militsii-oni-ne-sovpadayut/
  2. TUT.BY. В госпитале умер мужчина из Бреста, в которого силовики выстрелили на протестах. Ему было 44 года(нявызн.)(недаступная спасылка гісторыя ). Архівавана 17 лістапада 2020. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2020. Праверана 15 студзеня 2022.
  3. 1 2 3 Шунтов, Алексей. Выстрел на Московской улице. Что мы знаем о смерти Геннадия Шутова (руск.). Медиазона (3 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2020. Праверана 5 кастрычніка 2020.
  4. 1 2 Шунтов, Алексей. Убийство Геннадия Шутова в Бресте. Что мы узнали из записи камеры видеонаблюдения (руск.). Медиазона (21 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2020. Праверана 5 кастрычніка 2020.
  5. Занько, Настасья. В Минске умер брестчанин, который получил огнестрельное ранение во время митингов (руск.). Onliner.by (19 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2020. Праверана 21 снежня 2020.
  6. Сьледчы камітэт апісаў абставіны забойства берасьцейца падчас акцыі пратэсту (бел. (тар.)). Радыё Свабода (19 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2020. Праверана 10 верасня 2020.
  7. Берасьцейцы нясуць кветкі на месца гібелі Генадзя Шутава. ФОТА (бел. (тар.)). Радыё Свабода (20 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2020. Праверана 10 верасня 2020.
  8. Дашчынскі, Алесь. «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галаву (бел. (тар.)). Радыё Свабода (19 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2020. Праверана 10 верасня 2020.
  9. CK. Сведкі расказалі, што адбывалася пасля таго, як стрэлілі ў Генадзя Шутава. Белсат (20 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2020. Праверана 10 верасня 2020.
  10. 1 2 «Когда будет суд, всё узнаете»(руск.) // Брестская газета : газета. — 2020. — № 41 (930). — С. 2.
  11. Оснований для возбуждения уголовного дела не имеется(руск.) // Брестская газета : газета. — 2020. — № 46 (935). — С. 2.
  12. Служба информации «БГ». Близкие Геннадия Шутова получили ответ от СК: «Достаточных оснований для возбуждения уголовного дела не имеется» (руск.). Брестская газета (11 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2020. Праверана 14 лістапада 2020.
  13. Борисевич, Катерина. «Сломаны ребра, грудина, но причина смерти — проблемы с сердцем». Что СК ответил семьям погибших на протестах (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (10 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 14 лістапада 2020. Праверана 14 лістапада 2020.
  14. Служба информации «БГ». Вместо сопротивления сотруднику покушение на убийство: свидетелю смертельного ранения Шутова изменили обвинение (руск.). Брестская газета (28 снежня 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 снежня 2020. Праверана 28 снежня 2020.
  15. Радыё Свабода. Відавочцу сьмерці Генадзя Шутава абвінавацілі ў замаху на забойства (бел. (тар.)). Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода. Архівавана з першакрыніцы 28 снежня 2020. Праверана 28 снежня 2020.
  16. Брестчанина, который был вместе с Геннадием Шутовым 11 августа, этапировали из минского СИЗО в брестское (руск.). Брестская газета (2 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2021. Праверана 2 лютага 2021.
  17. Служба информации «БГ». В Бресте судят Александа Кордюкова, который был вместе с Геннадием Шутовым, когда того смертельно ранили (руск.). Брестская газета (16 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2021. Праверана 17 лютага 2021.
  18. На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў (бел. (тар.)). Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (17 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2021. Праверана 18 лютага 2021.
  19. «Хацеў стрэліць у перадплечча». На судзе ў Берасьці стала вядома, хто забіў Генадзя Шутава (бел. (тар.)). Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (16 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2021. Праверана 18 лютага 2021.
  20. 1 2 Погибшего Шутова признали виновным, Кордюкову дали 10 лет. По делу о выстреле в Бресте огласили приговор (руск.). TUT.BY (25 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2021. Праверана 26 лютага 2021.
  21. Александра Кордюкова и застреленного Геннадия Шутова признали виновными в сопротивлении сотрудникам при исполнении (руск.). Брестская газета (25 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2021. Праверана 26 лютага 2021.
  22. 10 лет по делу о выстреле в Бресте. Что рассказывают родные осужденных и адвокат (руск.). TUT.BY (25 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2021. Праверана 26 лютага 2021.
  23. 1 2 Родные Шутова и Кордюкова назвали суд и приговор абсурдом, правозащитник – ширмой карательных задач (руск.). Брестская газета (25 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2021. Праверана 26 лютага 2021.
  24. 1 2 3 4 5 6 7 8 Егоров, Сергей; AA. «Должны пройти все ступени здесь». Дочь убитого силовиками Геннадия Шутова намерена обратиться в Международный суд (руск.). Белсат (18 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2021. Праверана 17 мая 2021.
  25. Виновен посмертно. Верховный суд рассмотрел апелляцию по делу застреленного силовиками Шутова и его друга (руск.). TUT.BY (14 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2021. Праверана 14 мая 2021.
  26. The Supreme Court rejected the appeal in the case of Shutov, shot by a serviceman. Witness to the murder — 10 years in prison (англ.). Белсат (16 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2021. Праверана 17 мая 2021.
  27. Дашчынскі, Алесь. У Жабінцы зладзілі вечар памяці берасьцейца, які загінуў падчас пратэстаў (бел. (тар.)). Радыё Свабода (20 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2020. Праверана 10 верасня 2020.
  28. В Жабинке простились с погибшим(руск.) // Брестская газета : газета. — 2020. — № 35 (924). — С. 3.
  29. В Жабинке простились с мужчиной, который умер от огнестрельного ранения в голову во время протестов в Бресте (руск.). TUT.BY (24 жніўня 2020). Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2020. Праверана 21 снежня 2020.
  30. «В отца стрелял не милиционер, не ОМОН, а военный». Дочь погибшего во время протестов в Бресте — о трагедии и действиях властей (руск.). Настоящее время (5 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2021. Праверана 28 лютага 2021.
  31. Европарламент принял резолюцию по Беларуси и вмешательству России (руск.). Міжнароднае французскае радыё (17 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 17 лютага 2021.
  32. «Хватит, надоело, баста. Пора браться за ум, а не за полицейские дубинки»: Жители Бреста записали видеообращение (руск.). Брестская газета (19 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2020. Праверана 20 лістапада 2020.
  33. Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси (руск.). TUT.BY (26 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 26 лістапада 2020.
  34. Williams, Matthias; Nebehay, Stephanie; Fletcher, Philippa. Protester jailed in Belarus for 10 years as U.N. warns of 'human rights crisis' (англ.). Reuters (25 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2021. Праверана 26 лютага 2021.
  35. Колб, Аксана (2021-03-05). "Мы не маем права спыняцца". Новы Час (9 (717)): 1. ISSN 2218-2244. {{cite journal}}: Праверце значэнне |issn= (даведка)
  36. Brunner, Simone. Weißrussland - Kafka in Minsk: Lukaschenkos Säuberungen (ням.). Wiener Zeitung (15 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
  37. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (6 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
  38. Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні Аляксандра Кардзюкова палітычным зняволеным. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (7 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
  39. Aliaksandr Kardziukou is political prisoner (англ.). Праваабарончы цэнтр «Вясна» (7 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
  40. Members of Parliament from Germany, Ireland and Sweden adopt political prisoners Yauhen Hovar, Yegor Dudnikov and Aliaksandr Kardziukou (англ.). Libereco — Partnership for Human Rights (23 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2021. Праверана 23 ліпеня 2021.
  41. Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні

Гл. таксама

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.