Гедзімінавічы, Гедымінавічы (літ.: Gediminaičiai, польск.: Giedyminowicze) — шматлікі і разгалінаваны арыстакратычны род, найвышэйшая арыстакратыя ў Вялікім Княстве Літоўскім, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі і Маскоўскай дзяржаве (пазней Расіі), нашчадкі сыноў, унукаў і праўнукаў вялікага князя літоўскага Гедзіміна.
Кожны з сыноў Гедзіміна (апроч Монвіда або Мантоўта) пакінуў нашчадкаў, якія мусілі ўтварыць асобныя ўдзельныя дынастыі ў княствах, якімі валодалі іх бацькі. Але ва ўмовах ўтварэння цэнтралізаванай дзяржавы наступныя па Гедзіміне вялікія князі імкнуліся ўнікнуць утварэння ўдзелаў асабліва ў цэнтральнай частцы краіны. Так, Новагародак пасля смерці Карыята Гедзімінавіча перайшоў у велікакняжацкую ўласнасць, а Карыятавічы атрымалі ўдзелы на Падоллі, адваяваным Альгердам у татар. Увогуле Альгерд імкнуўся рассадзіць сваіх шматлікіх сыноў і пляменнікаў на новадалучаных тэрыторыях (якіх набыў шмат, выкарыстаўшы часовае аслабленне Залатой Арды).
Альгерд аддаў Полацк свайму старэйшаму сыну Андрэю, а яшчэ чацвёра Альгердавічаў атрымалі княствы ў Бранску, Кіеве, Чарнігаве і Ратне (апошняе вылучана з Валыні). Кейстут для сваіх сыноў вылучыў часткі ўласных уладанняў: Гродна і Берасце (пазней Кейстутавічы валодалі і Новагародкам). З сыноў Нарымонта старэйшы, Васіль, захаваў за сабой бацькоўскі Пінск, іншыя сыны атрымалі Белз на захадзе Валыні і правы на тыя вотчыны, якія Нарымонт атрымаў ад Вялікага Ноўгарада. Сыны Яўнута захавалі Заслаўскае княства, а іх нашчадкі праз шлюб набылі яшчэ і Мсціслаўскае княства.
Вынікам усходняй палітыкі Гедзіміна стала хрышчэнне большасці яго нашчадкаў ў праваслаўе. Паступова яны пранікаліся інтарэсамі сваіх княстваў і практычна цалкам русіфікаваліся, таму часта у крыніцах называліся «рускімі князямі» і «русінамі». Некаторыя з Гедзімінавічы з розных прычыны мелі сімпатыі да Вялікага Княства Маскоўскага — асноўнага канкурэнта ВКЛ у падпарадкаванні княстваў колішняй Русі і выязджалі туды часовы або заставаліся на заўсёды. Часова ў Маскву выязджалі Яўнут Гедзімінавіч, Андрэй, Дзмітрый і Свідрыгайла Альгердавічы, а Патрыкей Нарымонтавіч з двума малодшымі сынамі, Фёдарам і Юрыем, увогуле застаўся там назаўсёды. Абодва Патрыкеевічы сталі важнымі маскоўскімі баярамі. Ад Фёдара пайшоў род князёў Хаванскіх, а ад Юрыя — князёў Патрыкеевых, якія пазней падзяліліся на князёў Галіцыных і Куракіных (гэтыя роды пакінулі значны след у гісторыі Расіі).
Пераемнікам Альгерда ў выніку жорсткай міжусобнай барацьбы стаў яго сын з другой жонкай (Ульянай Цвярской) -- Ягайла. У 1386 годзе ён абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслава II. Велікакняжацкі сталец Ягайла перадаў малодшаму брату Скіргайлу, але ў 1392 годзе сын Кейстута Вітаўт дамогся каб Ягайла прызнаў яго вялікім князем. Пасля Крэўскай уніі 1385 года на змену русіфікацзыі прыйшла паланізацыя Гедзімінавічаў і працягвалася два наступныя стагоддзі. Пасля смерці Вітаўта у 1430 годз вялікім князем стаў самы малодшы сын Альгерда — Свідрыгайла. Ён спрабаваў апірацца на прыхільнікаў незалежнасці, але пацярпеў паражэнне. Яго канкурэнт — брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, працягваў прапольскую палітыку.
Альгердавічы і Кейстутавічы карысталіся, апроч герба «Калюмны», асабістым гербам караля Уладзіслава Ягайлы, вядомым пазней як «Пагоня». Пазней іх нашчадкі пачалі ўжываць «Пагоню» як родавы герб. «Пагоня» стала і эмблемай дынастыі Ягелонаў ужо ад сыноў яе пачынальнікаў -- Уладзіслава і Казіміра. Прадстаўнікі іншых галін Гедзімінавічаў дзейнічалі побач Ягелонаў як найвышэйшая арыстакратыя.
Радавод вялікіх князёў літоўскіх з Гедзімінавічаў
Свідрыгайла (1430—1432) | |||||||||||||||||||||||
Альгерд (1345—1377) | Ягайла (1377—1392) | ||||||||||||||||||||||
Гедзімін (1316—1347) | Кейстут (1381—1382) | Вітаўт (1392—1430) | |||||||||||||||||||||
Жыгімонт (1432—1440) | |||||||||||||||||||||||
Яўнут (1341—1345) | |||||||||||||||||||||||
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.