Геаграфія Кот-д’Івуара | |
---|---|
| |
Частка свету | Афрыка |
Рэгіён | Субсахарская Афрыка |
Каардынаты | 8°0'N, 500'W |
Плошча |
|
Берагавая лінія | 515 км |
Граніцы | 3 458 км |
Найвышэйшы пункт | Німба (1 752 м) |
Найніжэйшы пункт | Гвінейскі заліў (0 м) |
Найбуйнейшая рака | Бандама |
Найбуйнейшае возера | Косу (1 855 км²) |
Рэспубліка Кот-д’Івуар (да 1986 назва афіцыйна перакладалася на беларускую мову як Бераг Слановай Косткі) — субсахарская дзяржава на поўдні Заходняй Афрыкі. Краіна мае прыкладна квадратную форму. Яе паўднёвай граніца, працягласцю 515 км, абмываецца водамі Гвінейскага заліва ў паўночна-ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна. З трох іншых бакоў краіна дзеліць з пяццю іншымі афрыканскімі краінамі граніцу агульнай працягласці 3458 км: 778 км з Ліберыяй на паўднёвым захадзе, 816 км з Гвінеяй на паўночным захадзе, 599 км з Малі на паўночна-паўночным захадзе, 545 км з Буркіна-Фасо на паўночна-паўночным усходзе і 720 км з Ганай на ўсходзе.
Кот-д’Івуар займае плошчу 322 463 км², з якіх 318 003 км² займае суша і 4 460 км² водная роўнядзь, што робіць краіну супастаўнай з памерам Германіі.
Найвышэйшы пункт — гара Німба (1752 м). Галоўныя рэкі — Сасандра, Бандама, Камаэ. Клімат — трапічны.
Марскія ўладанні
Кот-д’Івуар заяўляе марскія прэтэнзіі на 200 марскіх міль (370 км) у якасці выключнай эканамічнай зоны, 12 марскіх міль (22 км) тэрытарыяльнага мора і 200 марскіх міль (370 км) мацерыковай водмелі.
Рэльеф і тапаграфія
Рэльеф Кот-д’Івуара ў цэлым можна апісаць як суцэльнае плато, якое плаўна падымаецца ад узроўню мора на прыбярэжным поўдні да вышыні амаль 500 м на поўначы. Прыродныя рэсурсы краіны зрабілі яе параўнальна квітнеючай дзяржавай у агульнаафрыканскай эканоміцы. Паўднёва-ўсходні рэгіён Кот-д’Івуара адзначаны прыбярэжнымі ўнутранымі лагунамі, якія пачынаюцца ля граніцы з Ганай і цягнуцца на 300 км уздоўж усходняй паловы ўзбярэжжа. Паўднёвы рэгіён, асабліва паўднёвы захад, пакрыты густым вільготным трапічным лесам. Усяго лясы займаюць 32,7 % тэрыторыі краіны.
Рэльеф у асноўным раўнінны або ўзгорысты, з гарамі на паўночным захадзе. Найніжэйшы пункт Кот-д’Івуара знаходзіцца на ўзроўні мора ля ўзбярэжжа. Найвышэйшы пункт — гара Німба вышынёй 1752 метра на крайнім захадзе краіны, на стыку граніц з Гвінеяй і Ліберыяй.
Біёмы
Так званы экарэгіён усходнегвінейскіх лясоў распасціраецца ад ракі Сасандра праз паўднёва-цэнтральную і паўднёва-ўсходнюю частку Кот-д’Івуара і на ўсход да Ганы, а заходнегвінейскія нізінныя лясы распасціраюцца на захад ад ракі Сасандра да Ліберыі і паўднёва-ўсходняй Гвінеі. Па гарах рэгіёну Дыз-юіт Мантань на захадзе краіны, недалёка ад граніцы з Гвінеяй і Ліберыяй, распасціраецца экарэгіён гвінейскіх горных лясоў.
Мазаічны пояс гвінейскай лесасаваны распасціраецца праз цэнтр краіны з усходу на захад і з’яўляецца пераходнай зонай паміж прыбярэжнымі лясамі і ўнутранымі саваннамі. Лесасавана, што зразумела з назвы, пераплятае ў сабе лясы, саваны і лугі. Паўночны Кот-д’Івуар з’яўляецца часткай экарэгіёна заходнесуданскіх саван біёма трапічных і субтрапічных лугоў, саван і хмызнякоў. Гэта зона латэрытных ці пяшчаных глеб з памяншэннем расліннасці з поўдня на поўнач.
Рэкі
Амаль усе рэкі Кот-д’Івуара працякаюць з поўначы на поўдзень, упадаючы ў Гвінейскі заліў Атлантычнага акіяна.
Рака Кавала працякае па заходняй граніцы Кот-д’Івуара і ўсходняй Ліберыі. Яна ўтварае паўднёвыя дзве трэці міжнароднай граніцы паміж Ліберыяй і Кот-д’Івуарам.
Рака Сасандра ўтвараецца ў Гвінейскім сугор’і на паўночным захадзе і працякае праз амаль усю заходнюю частку краіны на ўсход ад ракі Кавала.
Рака Бандама — найдаўшая рака ў Кот-д’Івуары даўжынёй каля 800 км, якая цячэ праз цэнтральна-ўсходнюю частку краіны. У 1973 годзе на Бандаме, каля паселішча Косу, была пабудавана плаціна Косу, дзякуючы чаму ўтварылася аднайменнае возера-вадасховішча. Сталіца Ямусукра размешчана недалёка ад ракі на поўдзень ад вадасховішча.
Рака Камаэ бярэ пачатак на плато Сікаса ў Буркіна-Фасо[1] і некаторы час працякае па граніцы паміж Буркіна-Фасо і Кот-д’Івуарам, перш чым цалкам перайсці ў Кот-д’Івуар. Яна працякае праз паўночна-ўсходнюю і ўсходнюю часткі краіны, а затым упадае ва ўсходні ўскраек лагуны Эбры і, у канчатковым выніку, у Гвінейскі заліў. На рацэ знаходзіцца нацыянальны парк Камаэ.[2]
Клімат
Клімат Кот-д’Івуара ў цэлым цёплы і вільготны: ад экватарыяльнага на паўднёвым узбярэжжы да трапічнага ў сярэдняй паласе краіны і напаўзасушлівага на крайняй поўначы. Паводле класіфікацыі кліматаў Кёпэна, практычна ўся тэрыторыя Кот-д’Івуара падпадае пад пояс трапічнага клімату саван (Aw) і толькі паўднёва-заходні і крайне паўднёва-ўсходні «куты» краіны — пад клімат трапічных мусонаў (Am) і трапічных вільготных лясоў (Af). У годзе выдзяляюцца тры сезоны: цёплы і сухі (з лістапада па сакавік), гарачы і сухі (з сакавіка па май) і гарачы і вільготны (з чэрвеня па кастрычнік). Сярэдняя тэмпература складае ад 25 да 32 °C, а крайнія тэмпературы розняцца ад 10 да 40 °C.
Клімат Абіджана | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 35,0 | 35,7 | 34,9 | 35,0 | 34,9 | 36,2 | 34,0 | 32,0 | 32,1 | 32,8 | 35,0 | 33,7 | 36,2 |
Сярэдні максімум, °C | 30,5 | 31,0 | 31,1 | 31,2 | 30,4 | 28,7 | 27,4 | 26,9 | 27,6 | 29,2 | 30,5 | 30,3 | 29,6 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 26,8 | 27,7 | 27,9 | 27,7 | 26,9 | 25,8 | 24,7 | 24,5 | 25,6 | 26,8 | 27,4 | 27,0 | 26,6 |
Сярэдні мінімум, °C | 23,5 | 24,6 | 24,9 | 24,9 | 24,6 | 23,7 | 22,9 | 22,1 | 22,3 | 23,6 | 24,4 | 23,8 | 23,8 |
Абсалютны мінімум, °C | 14,7 | 16,0 | 19,0 | 15,9 | 18,5 | 18,6 | 17,1 | 17,2 | 15,2 | 17,5 | 19,5 | 16,5 | 14,7 |
Норма ападкаў, мм | 16,3 | 48,9 | 106,7 | 141,3 | 293,5 | 561,8 | 205,7 | 36,8 | 80,5 | 137,7 | 143,3 | 75,1 | 1 847,6 |
Тэмпература вады, °C | 27 | 27 | 28 | 28 | 28 | 27 | 26 | 24 | 25 | 25 | 27 | 27 | 27 |
Крыніца: Deutscher Wetterdienst[3] і Дацкі метэаралагічны інстытут[4] |
Клімат Ямусукры | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдні максімум, °C | 31,5 | 33,5 | 33,5 | 32,9 | 31,7 | 30,1 | 28,6 | 28,5 | 29,3 | 30,1 | 30,7 | 30,1 | 30,9 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 25,2 | 27,3 | 27,6 | 27,3 | 26,5 | 25,6 | 24,5 | 24,5 | 24,8 | 25,2 | 25,5 | 24,5 | 25,7 |
Сярэдні мінімум, °C | 18,9 | 21,2 | 21,8 | 21,8 | 21,3 | 21,1 | 20,4 | 20,6 | 20,4 | 20,4 | 20,3 | 19 | 20,6 |
Норма ападкаў, мм | 13 | 42 | 108 | 126 | 155 | 165 | 88 | 83 | 170 | 125 | 36 | 15 | 1 126 |
Крыніца: Climate-Data.org, вышыня: 236 м[5] |
Прыродныя рэсурсы
Кот-д’Івуар мае буйную лясную прамысловасць дзякуючы вялікаму лясному покрыву. Экспарт цвёрдай драўніны ў краіне адпавядае экспарту Бразіліі. У апошнія гады існуе сур’ёзная занепакоенасць наконт хуткіх тэмпаў абязлесення. Тэмпы высечкі дажджавых лясоў, паводле некаторых ацэнак, з’яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце. Адзіны лес у Кот-д’Івуары, які застаўся цалкам некранутым, рассціліўся ў нацыянальным парку Таі (фр.: Parc National de Taï) — тэрыторыя плошчай 3600 км² на крайнім паўднёвым захадзе краіны, дзе жыве больш за 150 эндэмічных відаў, сярод якіх і віды пад пагрозай знікнення, такія як карлікавы бегемот і 11 відаў малпаў.
Дзевяць працэнтаў тэрыторыі краіны займаюць ворныя землі. Кот-д’Івуар з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам какавы, асноўнай нацыянальнай таварнай культуры. Іншыя асноўныя культуры ўключаюць каву, бананы і алейныя пальмы, з якіх вырабляюць пальмавы алей і ядры. Прыродныя рэсурсы нетраў уключаюць нафту, прыродны газ, алмазы, марганец, жалеза, кобальт, баксіты, медзь, золата, нікель, тантал, кварцавы пясок і гліну.
Стыхійныя бедствы
Прыродныя небяспекі ўключаюць моцны прыбой і адсутнасць натуральных гаваняў на ўзбярэжжа. У сезон дажджоў небяспеку ўяўляюць праліўныя разводдзя.
Зноскі
- ↑ (англ.) Rupley, Lawrence A.; Bangali, Lamissa; Diamitani, Boureima (2013). "Sikasso Plateau". Historical Dictionary of Burkina Faso. Lanham, Maryland: Scarecrow Press. p. 197. ISBN 978-0-8108-6770-3.
- ↑ (англ.) Mepham, Robert (1991). IUCN Directory of African Wetlands. Pinter Pub. Ltd. ISBN 2-88032-949-3.
- ↑ (ням.) Klimatafel von Abidjan / Elfenbeinküste . Федэральнае міністэрства транспарту і лічбавай інфраструктуры. Праверана 8 лістапада 2016.
- ↑ (дацк.) STATIONSNUMMER 65578 . Міністэрства энергетыкі, камунальных паслуг і клімату. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2013. Праверана 8 лістапада 2016.
- ↑ (англ.) Climate: Yamoussoukro – Climate graph, Temperature graph, Climate table . Climate-Data.org. Праверана 2 верасня 2013.
Крыніцы
- Гэты артыкул змяшчае матэрыялы з Сусветнай кнігі фактаў ЦРУ (выданне 2023 года), якія публікуюцца ўрадам ЗША як грамадскі здабытак.