Аграгарадок
Гасцілавічы
± | ||||||||||||||||||||||
Гасці́лавічы[1] (трансліт.: Hascilavičy, руск.: Гостиловичи) — аграгарадок у Лагойскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Гайна, за 4 км на ўсход ад Лагойска, на шашы Р3. Уваходзіць у склад Лагойскага сельсавета.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
У пісьмовых крыніцах вёска згадваецца ў XIV ст. як маёнтак у Лагойскім удзельным княстве. У 1395 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт падараваў Гасцілавічы віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду, што ў 1407 годзе было пацверджана навечна.
Пасля смерці Манівіда ў 1424 годзе вёска перайшла да яго сына Яна (Івашкі) Манівідавіча, а пасля да Войцеха Янавіча Манівіда. На ім мужчынская лінія Манівідаў скончылася. Праз шлюб з Ядвігай Манівід — сястрой апошняга Манівідавіча — спадчыннікам паловы вялізных уладанняў Манівідаў, у там ліку і Гасцілавіч, стаў Алехна Судзімонтавіч. У 1491 годзе Гасцілавічы перайшлі ў спадчыну да яго дачкі Ядвігі. Апошняя мела дачку Ганну ад свайго першага шлюбу са Станіславам Барташавічам Монтаўтам. Гэтая Ганна пазней выйшла за пана Яна Юр’евіча Глябовіча і ўнесла яму ў пасаг бацькоўскія вотчыны. Пасля яго смерці Гасцілавічы дасталіся дачцэ Яна Глябовіча Соф’і, жонцы полацкага кашталяна Юрыя Мікалаевіча Зяновіча. Ён жа аддаў вёску ў заклад уладальніку суседняга Лагожска Васілю Цішкевічу, а той у сваю чаргу перазаклаў свайму сыну Астафію, у карыстанні якога яны і знаходзіліся ў 1567 годзе. Такім чынам Гасцілавічы апынуліся ў складзе Лагойскага графства Тышкевічаў, ва ўласнасці якіх былі да пачатку XX стагоддзя.
Паводле рэвізіі 1795 года ў вёсцы 23 двары, 170 жыхароў.
Расійская імперыя
У 19 ст. вёска, уласнасць Тышкевічаў. У 1811 годзе — 81 рэвіская душа мужчынскага полу, уладанне графа Пія Тышкевіча. У 1833 годзе вёска ў складзе маёнтка Лагойск. У 1844 годзе — 16 двароў, 102 жыхары, уласнасць графа Канстанціна Тышкевіча, мелася карчма, даход з якой складаў 90 рублёў срэбрам. У 1870 годзе — вёска, 73 рэвізскія душы мужчынскага полу, пры рацэ Гайна, у Лагойскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні.
Вяскоўцы былі прыхаджанамі Лагойскага праваслаўнага прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы. На пачатку 20 ст. — вёска, цэнтр Гасцілавіцкай сельскай грамады, у якую ўваходзілі 18 гаспадарак, што мелі 237,4 дзесяціны зямлі. У 1912 годзе дзейнічала народнае аднакласнае вучылішча.
Найноўшы час
У 1917 годзе ў вёсцы налічвалася 44 двары, 256 жыхароў, на базе народнага вучылішча адкрыта пачатковая школа. Настаўнікам Іванам Бабкоўскім створаны першы на Лагойшчыне культурна-асветніцкі гурток. З 20 кастрычніка 1924 года вёска ў Лагойскім сельсавеце Мінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Мінскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Прафінтэрн», працавала кузня. З 1938 года — центр калгаса «8 Сакавіка». У 1941 годзе налічвалася 90 двароў, 450 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы знішчылі 2 двары, загубілі 4 жыхара, 15 вяскоўцаў загінулі на фронце, 11 — у партызанскай барацьбе. У 1969 годзе налічвалася 120 двароў, 391 жыхар. З 2006 года цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства СК «Лагойскі».
Насельніцтва
Інфраструктура
У вёсцы працуе сярэдняя школа, дзіцячы сад, сельскі дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, аўтазаправачная станцыя, крама, вясковы стадыён. З’яўляюцца цэнтрам сельскагаспадарчага прадпрыемства СК «Лагойскі» філіяла РДУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт».
Помнікі
Курганны могільнік
За 3 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Тур’я (былы хутар), у лесе 9 насыпаў дыяметрам 8 — 10 м, вышынёй 1,2 м. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613В000244. Прысвоена 3 катэгорыя каштоўнасці. Ахоўваецца дзяржавай[2]. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613В000244
Вядомыя выхадцы
- Уладзімір Анісковіч — літаратар, крытык, перакладчык.
- Віктар Анатольевіч Гайсёнак — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у вобласці навукі і тэхнікі, пасол Рэспублікі Беларусь у Польшчы.
- Мікалай Жалабковіч — харэограф, мастацкі кіраўнік ансамбля народнага танца «Лявоніха».
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Напісана паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Архівавана 6 мая 2009.
Літаратура
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага раёна. У 2 кнігах. Кн. 1-я. — Мн., 2003.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гасцілавічы (Лагойскі раён)
- Прагноз надвор’я ў в. Гасцілавічы(недаступная спасылка)