Гару́чыя сла́нцы — карысныя выкапні, асадкавыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці.

Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Складаюцца з кварцу, кальцыту, гліністых мінералаў і інш. Маюць 10-50% па вазе арганічных рэчываў, да 7-10% вадароду, 30-80% лятучых кампанентаў, бітумы.

Гаручыя сланцы выкарыстоўваюцца як паліва, для вытворчасці бытавога газу, сыравіна для хімічнай прамысловасці (сінтэтычныя дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.).

Эксплуатуюцца галоўным чынам у Эстоніі.

Агульныя патэнцыяльныя запасы гаручых сланцаў у свеце ацэненыя ў 650 трлн. т. Асноўныя рэсурсы — 430—450 трлн. т — сканцэнтраваныя ў ЗША (штаты Каларада, Юта, Ваёмінг). Вялікія запасы гаручых сланцаў ёсць у Бразіліі і КНР.

На Беларусі паклады гаручых сланцаў выяўлены ў Прыпяцкім прагіне, у асноўным на тэрыторыі Гомельскай і Мінскай абласцей. Агульныя прагнозныя запасы - да 8 млрд. т. Глыбіня залягання 50-600 м, магутнасць пласта 0,5-3 м. Папярэдне разведана Тураўскае радовішча гаручых сланцаў. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай апрацоўкі, здабыча не вядзецца.



This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.