Вёска
Гарадзішча
± | ||||||||||||||||||||||
Гарадзі́шча[1] (трансліт.: Haradzišča, руск.: Городище) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Шчомысліцкага сельсавета.
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў Метрыцы ВКЛ у 1547 годзе. У Попісу войска ВКЛ 1567 года ёсць звесткі, што з гарадзішчанскага маёнтка ставілі 2 "коні". У 1582 годзе мястэчка, панскі двор, стадола, праводзіліся таргі.
Вёскай валодалі Палубінскія, Статкевічы, пазней на працягу 250 гадоў Пішчалы.
У XVIII ст. у Гарадзішчы была карчма і млын. У 1756 годзе пабудавана драўляная ўніяцкая Мікалаеўская царква.
У 1839 годзе царква пераведзена ў праваслаўе. Да 1864 года Гарадзішча было цэнтрам Гарадзішчанскай воласці. У 1894 годзе каля храма пабудавана званіца.
Царква зачынена савецкай уладай і разбурана ў 2-ю сусветную вайну.
У 2017 годзе на плошчы у вёсцы ўстаноўлены памятны знак з нагоды 470-годдзя паселішча (адлічанага ад 1547 года).
Вядомыя асобы
- Рудольф Пішчала (1788—1868) — падрадчык будаўніцтва ў 1825 годзе гарадской турмы ў Мінску (цяпер СІЗА-1), пазней вядомай пад назвамі «Пішчалаўскі замак» і «Валадарка». Памёр і пахаваны ў Гарадзішчы.
- Станіслаў Пішчала (памёр 20 лістапада 1807) — харунжы коннай гвардыі войскаў ВКЛ. Памёр і пахаваны ў Гарадзішчы.
- Дамінік Пішчала (нар. 1710) — оберст-лейтэнант войскаў ВКЛ.
Выдатныя мясціны
- Гарадзішча на Менцы, мясцовая назва "Вал"
- Рака Менка, якая дала назву сталіцы Беларусі Мінску (Менску) -- правы прыток ракі Пціч. Бярэ свой пачатак у Гарадзішчы. У раёне Гарадзішча на Менцы ў раку некалі ўпадаў ручай Дунай (цяпер перасох, засталося рэчышча).
- Могілкі сярэдзіны XVI ст. (археалагічны аб'ект). Даследаваныя археолагамі ў 2012 годзе, аднесеныя да самага ранняга перыяду існавання вёскі. Месцяцца з супрацьлеглага ад Менскі выхаду з вала, на цяперашні час ніяк не абазначаныя на мясцовасці.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 8, кн. 3. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9 — С. 377—378.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гарадзішча (Шчомысліцкі сельсавет)