Гарадзішча, селішча — помнікі археалогіі каля в. Мыто Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.
Гарадзішча
Гарадзішча другой паловы I тысячагоддзя да н.э. размешчана за 1,5 км на паўночны захад ад вёскі, у пойме правага берага р. Дзітва. Яно займае ўзгорак, які ўзвышаецца над далінай ракі на 20 м. Пляцоўка авальнай формы выцягнута з захаду на ўсход, памерам 30 х 20 м. Схілы гарадзішча моцна абараны, а пляцоўка пашкоджана ямамі. Пры зачыстцы сценак ям знойдзена ляпная кераміка. Археолагі мяркуюць, што у тут было гарадзішча — сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. Валоў і равоў гарадзішча не мела і верагодна агароджвалася драўлянай сцяной.
Селішча
Побач з гарадзішчам у полі знаходзіцца селішча канца 1 тысячагоддзя да н.э. Плошча каля 1 га. Культурны пласт моцна пашкоджаны пры ворыве. Знойдзена ляпная кераміка, кавалкі абпаленай глінянай абмазкі.
Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. З-за гаспадарчай дзейнасці у 1980-х гадоў значная частка гарадзішча разбурана.
Валун
На поўнач ад гарадзішча Мыто ляжыць валун, які на сваёй паверхні мае даволі вялікае паглыбленне ў выглядзе чашы. Мясцовыя людзі расказваюць, што ў выемцы гэтага незвычайнага каменя заўсёды стаіць вада, і яна не высыхае нават у самую спёку, і вада гэтая гаючая — лечыць бародаўкі і «канапушкі». Колькі людзі сябе памятаюць, яны хадзілі да гэтага каменя лекавацца і пасёння водзяць сюды дзетак. У 1988 ці 1989 гг. моладзь з менскай «Талакі» была тут у вандроўцы, і імі былі запісаны расказы мясцовых людзей пра гэты камень, які мае назву «Чара Багародзіцы». Адна з бабуляў распавяла наступную легенду:
Стаяла вельмі сухое лета, выгаралі палі… Студні ў вёсцы пачалі сохнуць, і ў іх ужо амаль не было вады. Дзяўчына пайшла ў лес, дзе калісьці была крыніца. Але на тым месцы, дзе па паданні была крыніца, ляжаў вялікі камень… Дзяўчына была знясіленая ад смагі і, упаўшы на зямлю, пачала маліцца да Маці Божай, каб тая дапамагла не толькі ёй, але і ўсім вяскоўцам. Малітва была такая шчырая і чыстая, што Багародзіца падаравала дзяўчыне адмысловую чару з вадой, якая цудатворна з’явілася на камені. Усё лета вяскоўцы бралі з яе ваду і гэтым выратаваліся ад смяротнай спякоты. |
На паўночным баку каменя быў высечаны крыж, аднак яго счасалі па загадзе мясцовага партсакратара на пачатку 1960-х гадоў[1].
Зноскі
- ↑ Лаўрэш Л. Лідчына да XIV стагоддзя // Лідскі летапісец. 2019. № 3(87). С. 23.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх