Герб «Габданк»

Гарабурды гербу «Габданк» — вялікалітоўскі шляхецкі род.

Паходзяць, імаверна, з полацкага баярства. Польскі генеалог XIX ст. Севярын Урускі лічыў, што Гарабурды татарскага паходжання[1] і атрымалі шляхецтва ад Жыгімонта Аўгуста. Аднак Рыгор Гарабурда служыў яшчэ вялікаму князю Казіміру Ягелончыку. Таксама, з 1390—1420-х гадоў вядомы Астафій Гарабурда, пісар князя Лугвеня Альгердавіча, але яго сувязь з родам не высветлена. Урускі пачынаў радавод Гарабурдаў з Багдана (Тэадата, Федзькі) Рыгоравіча, якога называў пісарам каралевы Боны і ўраднікам яе літоўскіх маёнткаў. Паводле Урускага, Багдан у шлюбе з Мілаславай з Сачкевічаў на Ліпах меў пяць сыноў — Сямёна, Лукаша, Міхайлу, Анцуту і Пятра.

Лукаш і Міхайла Багданавічы былі гаспадарскімі дваранамі, выконвалі дыпламатычныя даручэнні, у т.л. у складзе пасольстваў да Масквы і Крыма, бралі ўдзел у баявых дзеяннях Лівонскай вайны (1558—1582). Анцута (Ancuta), паводле гісторыка-езуіта ХVІІІ ст. Каспара Нясецкага і таго ж Урускага, з 1562 года быў полацкім епіскапам. Пасля ўзяцця Полацка маскоўскімі войскамі (1563), Сямён, Лукаш, Анцута і Пётр Багданавічы з сем’ямі трапілі ў палон. З палону вярнуўся толькі Лукаш і яго пляменнікі — Аляксандр Сямёнавіч, Пётр і Васіль Анцуцічы.

Міхаіл Гарабурда меў сыноў Яна (?—1613) і Крыштафа (?—1616), з іх першы валодаў Свіслаччу, другі — Востравам. Нашчадкі абодвух вядомы да пачатку XVIII ст. З іншых галін роду Гарабурдаў адна жыла ў Гарадзенскім павеце да другой паловы XIX ст.

Маёнткі Гарабурдаў размяшчаліся ў Полацкім ваяводстве і Слонімскім павеце.

Зноскі

  1. Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Т. І. – XVI. – Warszawa, 1904–1931.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.