Гапон
Hapon
Жанр паэма
Аўтар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання не пазней 1854
Дата першай публікацыі 1855
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Гапон» — вершаваная аповесць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якую сучасныя літаратуразнаўцы вызначаюць як паэму. Створана не пазней 1854 г. і з'яўляецца першым вялікім творам пісьменніка, напісаным цалкам на беларускай мове[1].

Сюжэт

Як баш нявесту прыбралі,
Да двара так паскакалі
Яснай пані чалом біць,
На вяселле папрасіць.
А пані — не пані, маці!
Маўляў роднаму дзіцяці,
Прыгожы пасаг дала,
Радасну слёзку ўраніла,
Маладых благаславіла,
Сама к вянцу павяла.

Урывак з паэмы

Аўтар паспрабаваў у творы паказаць умоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства[1], паказаў барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя з'явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феадальнага грамадства.

Малады селянін Гапон закаханы ў Кацярыну, на якую заглядаецца і аканом. Аканом, абылгаўшы Гапона перад пані, дамогся, каб таго забралі ў рэкруты. Пані, выпадкова даведаўшыся пра крыўду Кацярыны, прагнала аканома і ўзяла дзяўчыну да сябе пакаёўкай, навучыла яе чытаць і пісаць. Між тым Гапон за некалькі гадоў стаў афіцэрам. Ён прысутнічаў на камісіі па наборы рэкрутаў, куды патрапіў і былы аканом, які спрабаваў ухіліцца ад службы. Гапон дабіўся, каб аканома здалі ў салдаты. Паэма заканчваецца вяселлем Гапона і Кацярыны[1].

Выданні

Выданне 1855 года
Выданне 1907 года

Твор упершыню апублікаваны ў аднайменным зборніку паэзіі «Гапон», выдадзеным лацінскім шрыфтам у 1855 годзе ў Мінску. Другое выданне аповесці, здзейсненае таксама лацінскім шрыфтам у Санкт-Пецярбургу выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» ў 1907 г[1].

Рукапіс аповесці, выкананы лацінскім шрыфтам, захоўваецца ў г. Торуні (Польшча) ва Універсітэцкай бібліятэцы. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ёсць яго ксеракопія[1].

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.