Галата

Галата́ (турэцк.: Galata, грэч. Γαλατά, італ.: Galata) — гістарычны раён на тэрыторыі ільчэ Беяглу ў еўрапейскай частцы Стамбула. Заснаваны генуэзскімі каланістамі ў позневізантыйскую эпоху як прадмесце Канстанцінопаля, пазней стаў асноўным гандлёвым раёнам горада. Межы Галаты прыкладна супадаюць з сучасным раёнам Каракёй.

Этымалогія

Галата на карце Канстанцінопаля XIX стагоддзя

Слова, магчыма, узыходзіць да грэчаскага «галактас» — малочны, паколькі у першыя стагоддзі існавання Канстанцінопаля ў Галаце пасвілі коз і авечак. Паводле іншай версіі, слова паходзіць ад імя аднаго з кельцкіх плямёнаў Анатоліі — галатаў. Італьянцы часам звязваюць назву са словам «калата» — схіл, што, хутчэй за ўсё, з’яўляецца прыкладам народнай этымалогіі.

Гісторыя

Візантый і ранняя Візантыя

Першыя пасяленцы з’явіліся на месцы Галаты яшчэ ў часы, калі горад насіў імя Візантый. Месца было вядома пад назвай Сіке (Sycae, фігавыя дрэвы ці інжыр)[1].

Часткай горада Галата стала пры імператары Канстанціне Вялікім, тады ж яна была абнесена асобнай сцяной.[2] У V стагоддзі імператар Феадосій II, разбіўшы горад на 14 раёнаў, прысвоіў Галаце нумар 13.

Генуэзскі перыяд

Галацкая вежа, пабудаваная ў 1348 г. на вяршыні генуэзскай цытадэлі

У 1273 г. кантроль над паўночнай часткай Канстанцінопаля фактычна пераходзіць да генуэзскага купецтва, прадстаўнікі якога заснавалі тут банкі, гандлёвыя канторы і склады на Банкаўскай вуліцы. Генуэзцы заставаліся гаспадарамі гандлю ў імперыі да самага яе падзення ў 1453 годзе, і працягвалі адыгрываць вядучую ролю ў гандлі Асманскай імперыі. Генуэзцы пры візантыйцах абнеслі раён сцяной (не захавалася) і пабудавалі на самым высокім пункце раёна Галацкую вежу.

Асманскі перыяд

У асманскі перыяд у 1492 г. у квартале пасяліліся выгнаныя з Іспаніі марыскі. Дамініканская царква Св. Паўла была ператворана імі ў мячэць Арап-джамі.

Звязаныя назвы

Недалёка ад Галацкай вежы, але па-за межамі былой генуэзскай калоніі, размешчаны ліцэй Галатасарай (літаральна «галацкі палац»), былая Султанская Школа. На яго тэрыторыі быў заснаваны самы тытулаваны турэцкі футбольны клуб «Галатасарай». Мост паміж Галатай і Канстанцінопалем таксама дагэтуль называецца Галацкім.

Зноскі

  1. Иванов С. А. Босфор, Галата и Принцевы острова // В поисках Константинополя. Путеводитель по византийскому Стамбулу и окрестностям. — М: «Вокруг света», 2011. — С. 568. — 752 с. — ISBN 978-5-98652-382-8.
  2. Constantinople // Encyclopedia Britannica. — 1911.

Гл. таксама

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.