Герб «Габданк»

«Габданк» (польск.: Habdank), або «Абданк» (польск.: Abdank), таксама «Абданец» (польск.: Abdaniec) — прыватнаўласніцкі герб, вядомы, паводле легендарных звестак, з канца XI—XII стагоддзяў, у Вялікім Княстве Літоўскім — пасля Гарадзельскай уніі 1413 года[1]. Гербам карысталіся каля 300 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Бучацкія, Выгоўскія, Гарабурды, Гаштольды, Грамыкі, Канарскія, без варыянтаў — больш за 160 родаў[2][3].

Апісанне

У чырвоным полі сярэбраны знак у выглядзе лацінскай літары «W». Клейнод — над прылбіцай з каронай таксама размешчаны знак у выглядзе літары «W» або з выявай пяці пёраў страуса. Мяркуецца, што першапачаткова знак быў падобны на літару М, на мяжы XIII—XIV стагоддзяў ён быў перавернуты. Існуюць варыянты герба з клейнодам у выглядзе паловы залатога льва, які трымае ў лапах такі самы знак, і інш. Герб «Габданк», дзе на знак пастаўлены крыж, атрымаў назву «Сыракомля»[1].

Легенда

Паводле Каспара Нясецкага з нейкіх часоў у гары Вавель, на якой зараз стаіць замак, пасяліўся цмок, і пачаў ён паляваць на жыхароў горада і іх быдла. Напалоханыя гараджане не ведалі што і рабіць. Аднекуль з’явіўся просты чалавек Скуба, які прыдумаў адну хітрасць супраць новага валодара гары. Забіўшы цяля, цела якога начыніў смалой і серай, пакінуў на парозе пячоры, а побач схаваў паходню. Рана згаладаўшы, цмок выйшаў на паляванне і адразу ж кінуўся на прынаду. Тым часам запалены ад скрытага агню тлушч вялікім агнём ахапіў унутранасці цмока, які адразу ж пабег да Віслы запіць вадой, і ўрэшце пачвару разарвала на кавалкі. Князь Крак тады ва ўзнагароду ўдачліваму Скубу надаў першую літару «W» ад назвы гары Вавель (Wawel) у якасці герба.

Зноскі

  1. 1 2 ЭнцВКЛ 2005.
  2. Paprocki, Bartosz. Herby Rycerstwa Polskiego, 1584, p. 216—229
  3. Niesiecki, Kasper. Herbarz Polski, 1839

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.