Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Фотапартрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, 1860—1861 гг. Фатограф Станіслаў Антон Прушынскі.
Фотапартрэт Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, 1860—1861 гг. Фатограф Станіслаў Антон Прушынскі.
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні польск.: Wincenty Marcinkiewicz
Дата нараджэння 23 студзеня (4 лютага) 1808
Месца нараджэння
Дата смерці 17 (29) снежня 1884 (76 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Ян Дунін-Марцінкевіч[d]
Дзеці Каміла Марцінкевіч
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мовазнавец, драматург, паэт, перакладчык, пісьменнік
Жанр сатыра
Мова твораў беларуская і польская
Дэбют «Сялянка»
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Вінцэ́нт-Яку́б Ду́нін-Марцінке́віч, у расійскай традыцыі Вікенцій Іванавіч Ду́нін-Марцінке́віч, у беларускай традыцыі пач. XX ст. Вінцук Дунін-Марцінкевіч (4 лютага 1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі павет, цяпер Бабруйскі раён Беларусі — 29 снежня 1884, Люцынка, Мінскі павет, цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці; Псеўданім: Войт Навум, Навум Прыгаворка) — беларускі паэт , драматург , тэатральны дзеяч. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, лічыцца першым класікам новай беларускай літаратуры.

Паходжанне

Радавое дрэва «Дунінаў-Марцінкевічаў», 1832 г. Сапраўднасць звестак на ім аспрэчваецца даследчыкамі.

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Марцінкевічаў гербу «Лебедзь». Прыдомак «Дунін-» Вінцэнт Марцінкевіч дадаў у сталым узросце, да 1832 года не было ніводнага дакумента з прыдомкам. Усе дакументы бацькі, маці і брата маюць толькі прозвішча Марцінкевіч. Упершыню «Дунін-» з’явіўся ў дакументах Мінскага дваранскага сходу, дзе малады Вікенцій даказваў сваё дваранскае паходжанне. Гісторык Зміцер Дрозд лічыць, што бальшыня пададзеных у радаводзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча дакументаў — падробкі[1].

Паводле гербоўнікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, яго сваякі паходзілі з Даніі. Прыдомак прозвішча польск.: duńczyk — датчанін. Пазней, у паэме «З-над Іслачы, або Лекі на сон», згадваючы сваю асобу ў шэрагу іншых персанажаў твора, ён напіша: «Мой герб такога роду, які налічвае дванаццаць ваяводаў». Але гэта, хутчэй за ўсё, мастацкая фантазія Марцінкевіча.

Доўгі час Дунін-Марцінкевіч памылкова лічыўся пляменнікам мітрапаліта рымска-каталіцкай царквы Расійскай імперыі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Насамрэч ён не быў з ім у крэўным сваяцтве: пляменніца Сестрэнцэвіча, Людавіка Рыкачэўская, была першай жонкай бацькі Вікенція Марцінкевіча — Яна, а сам Вікенцій быў сынам ад другога шлюбу[2].

Біяграфія

Раннія гады

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 года ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета (цяпер вёска Панюшкавічы, Бабруйскі раён) у сям’і шляхціца-арандатара[3]. У 1824 годзе скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, пазней Віленскую базыльянскую бурсу. Рана асірацеў, атрымліваў падтрымку ад Станіслава Богуша-Сестранцэвіча[4].

Лічыцца, што вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце (паводле іншых звестак — у Віленскім універсітэце) на медыцынскім факультэце, але не мог прызвычаіцца да анатаміравання і кінуў вучобу. Звестак пра ўсе этапы адукацыі не пацвярджаюцца ніякімі архіўнымі дакументамі, а вядомы толькі паводле біяграфій Марцінкевіча. У фармулярным спісе аб службе ніякіх даных аб атрыманай адукацыі няма. Хутчэй за ўсё, яна была хатняй.

З 1827 года распачынае чыноўніцкую кар’еру. Ён працаваў памочнікам каморніка пры Мінскім межавым судзе, служыў перакладчыкам у Мінскай епархіяльнай кансісторыі, быў служачым у Мінскай крымінальнай палаце. У лістападзе 1835 года па падазрэнні ў падробцы дваранскіх дакументаў і каралеўскіх пячатак быў арыштаваны і знаходзіўся пад хатнім арыштам, на гарадской гаўптвахце і каля тыдня ў Мінскім турэмным замку. Вярнуўся на працу ў духоўную кансісторыю толькі праз 4 месяцы, у лютым 1836 годзе, дзе ў тлумачэнні пра такі вялікі прагул напісаў толькі пра хатні арышт, схаваўшы факт зняволення ў турме[5]. У выніку расследавання быў пакінуты на працы, але з «моцным падазрэннем».

Творчыя гады

У 1840 годзе сумесна з жонкай Юзэфай Бараноўскай, з якой ажаніўся ў вельмі маладым веку, набыў невялікі маёнтак Люцінка (Люцынка) у Пяршайскай воласці (каля мястэчка Івянец) Мінскага павета і пайшоў з дзяржаўнай службы. У Люцынцы актыўны займаецца творчасцю. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця, тут арганізаваў тэатр. Пры гэтым часта бываў у Мінску ў асяродку дэмакратычнай інтэлігенцыі. У пачатку 1840-х гадоў, паводле некаторых звестак, служыў нейкі час аканомам-кіраўніком у маёнтку Шчаўры Сенненскага павета Магілёўскай губерні ў асвечаных памешчыкаў Рашкоўскіх, з якімі захоўваў прыяцельскія адносіны і пазней[6].

Дачка Каміла і сын Міраслаў падавалі вялікія надзеі ў дзяцінстве як добрыя выканаўцы на фартэпіяна, Дунін-Марцінкевіч вазіў іх на канцэрты ў Вільню, Кіеў, Варшаву. У 1854 годзе заўдавеў і праз некалькі гадоў ажаніўся зноў — з Марыяй Грушэўскай. Паводле некаторых звестак, у 1850-х гадах быў дэпутатам мінскай дваранскай зборні[6].

Старонка першага выдання оперы «Сялянка», 1846 г. Дыялогі па-беларуску напісаны лацінкай, як і ўва ўсіх іншых пажыццёвых выданнях Дуніна-Марцінкевіча. У далейшым пісьменнік сутыкнецца з немагчымасцю друку ў Расійскай імперыі праз забарону на лацінскі шрыфт для беларускай мовы (афіцыйна — «беларускай гаворкі»).

У пачатку 1840-х гадоў пачаў пісаць лібрэта. Напісаў тэксты некалькіх аперэт: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада» (1843). Музыку для іх стварыў Станіслаў Манюшка з удзелам мінскага музыканта Канстанціна Кжыжаноўскага, часткова самога Дуніна-Марцінкевіча. Таксама Дунін-Марцінкевіч сам выканаў адну з галоўных роляў «Рэкруцкага набору». У тыя ж гады стварае камічную оперу «Сялянка» («Ідылія»). У 1846 годзе твор быў выдадзены віленскім выдаўцом Завадскім, ён стаў важным для станаўлення беларускай літаратуры праз тое, што сяляне ў ім гаварылі па-беларуску[6]. 9 лютага 1852 года опера была пастаўлена ў Мінску, сам Дунін-Марцінкевіч быў кіраўніком пастаноўкі, а таксама выканаў ролю войта Навума Прыгаворкі.

У 1850-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. З ім падтрымлівалі цесныя сувязі бібліёграф Ігнат Легатовіч, мастак Адам Шэмеш, паэт А. Пянькевіч, выдавец Аляксандр Валіцкі, кампазітар Станіслаў Манюшка, калекцыянер Юры Кабылінскі і інш. У гасцях, калі прыязджалі ў Мінск, у яго былі паэты Уладзіслаў Сыракомлля, Адам Плуг, музыкант А. Концкі і г.д. У Мінску выходзяць паэтычныя кнігі: «Гапон» (1855), «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікавішся? Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Апрача польскамоўных твораў, у зборнікі ўвайшлі таксама і буйныя беларускія творы: паэмы або вершаваныя аповесці і апавяданні «Гапон», «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчаўроўскія дажынкі», вершы «Павіншаванне войта Навума...», «Верш Навума Прыгаворкі...». У 1857 годзе Дунін-Марцінкевіч напісаў разгорнутую беларускую баладу «Травіца брат-сястрыца», цыкл вершаваных аповесцей «Быліцы, расказы Навума», але галоўная аповесць цыкла — «Халімон на каранацыі» — не была прапушчана расійскай цэнзурай, і была надрукаваная толькі ў 1945—1946 гады[6].

Пачынае беларускі пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У 1859 годзе дзве першыя песні-«быліцы» перакладу былі надрукаваныя і цалкам падрыхтаваныя да выпуску віленскім выдаўцом Сыркіным, але ў выніку не дапушчаныя да выпуску расійскімі ўладамі праз лацінскі шрыфт выдання, які быў забаронены для выданняў па-беларуску ў Расійскай імперыі (афіцыйна — «беларускай гаворкай»)[6]. Тыраж быў знішчаны, захавалася некалькі экзэмпляраў. Пасля гэтага Дуніну-Марцінкевічу не ўдавалася выдаць беларускія творы, хоць у 1867 годзе ён спрабаваў надрукаваць «Быліцы, расказы Навума» кірыліцай («рускім шрыфтам») у «Віленскім весніку». Да канца жыцця яму ўдалося зрабіць дзве публікацыі на польскай мове, абедзве ў 1861 годзе: кніга «Люцынка, або Шведы на Літве» (Вільня) і публіцыстычны артыкул «Ліст у рэдакцыю «Газэты Польскей», у якім ён тлумачыў мэты сваёй літаратурна-асветніцкай дзейнасці і заклікаў да асветы народа[6].

Паўстанне і рэакцыя. Апошнія гады

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай у групе інтэлігенцыі горада Мінска, пачатак 1860-х гг.

Паводле поглядаў быў блізкі да шляхецкіх рэвалюцыянераў (правае крыло «чырвоных»). У 1861 годзе ўдзельнічаў у паездцы Уладзіслава Сыракомлі ў Варшаву, якая мела палітычную афарбоўку. У час паўстання 1863 года паўстанцы мелі падтрымку ў Люцынцы, сам жа пісьменнік у пачатку паўстання знік з дому і расшукваўся ўладамі, якія падазравалі яго ў напісанні беларускіх антыўрадавых выданняў (напрыклад, «Гутаркі старога дзеда»). У кастрычніку 1864 года Вінцэнт-Дунін Марцінкевіч быў арыштаваны ў мястэчку Свір Свянцянскага павета і дастаўлены ў Мінск. Да снежня 1865 года быў зняволены ў мінскай турме. Прамы ўдзел Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні не быў даказаны, ён быў вызвалены з абавязацельствам жыць бязвыезна ў Люцынцы пад наглядам паліцыі, на яго быў накладзены вялікі штраф. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір і з 1863 года адбывала ссылку ў Салікамску. Нагляд паліцыі быў зняты ў 1872—1874 гадах, але ізноў устаноўлены ў 1876 годзе. Прычынай нагляду стала адкрыццё ў Люцынцы без дазволу ўлад невялікай школы, дзе галоўнай настаўніцай была дачка пісьменніка Цэзарына[7]. Да самай смерці заставаўся пад наглядам паліцыі. Зрэдку бываў у Мінску, на больш далёкія паездкі не атрымліваў дазволу.

Сябры і прыхільнікі (Ян Карловіч, Аляксандр Ельскі) абмяркоўвалі выданне твораў Дуніна-Марцінкевіча за мяжой Расійскай імперыі, аднак звестак пра здзяйсненне гэтых планаў няма. Не маючы магчымасці друкавацца, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч працягваў творчую дзейнасць. У гэты перыяд ім створаны фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» (1866, напісаны на пінскай гаворцы; надрукаваны па-беларуску ў 1918), камедыя «Залёты» (1870, часткова па-беларуску і па-польску; надрукавана ў 1918), паэма «З-над Іслачы, або Лекі на сон» (1868, на польскай мове, надрукавана ў 1984)[7].

Памёр у Люцынцы, пахаваны непадалёк ва ўрочышчы Тупальшчына.

Творчасць

Старонка першага выдання «Гапона», 1855 г.

Пісаў па-беларуску (пераважна лацінкай) і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з галоўных роляў.

Прысылаў свае творы ў газету «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»), якую рэдагаваў Адам Ганоры Кіркор. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была пастаўлена ў 1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатральным калектывам (паўторна пастаўлена ў Мінску ў 1994). Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім).

Першыя вядомыя паэтычныя творы Дуніна-Марцінкевіча на польскай мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэлігійнымі матывамі.

У 1850-я гады распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1856, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы народных легенд, казак, паданняў. У творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча сфарміраваўся своеасаблівы метад рамантычнага этнаграфізму, які адпавядаў пачатковаму этапу развіцця беларускай літаратуры XIX ст.[8]

Беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча аўтарства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Санкт-Пецярбург, 1908 г. Выдадзена беларускай лацінкай

Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некаторыя надзённыя з’явы сацыяльна-гістарычнай рэчаіснасці[8]. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я частка «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманістычныя і сацыяльныя матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый народнай этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феадальнага грамадства. Этнаграфічна-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асноўнай матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі народныя крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка беларускай літаратуры з перадавымі традыцыямі славянскіх літаратур, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феадальнай культуры.

Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакратычных прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі»[8] (напісаны ў 1857, апублікаваны ў 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сялянскай масы напярэдадні рэформы 1861 года: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара.

У распрацоўцы жанру балады паэт абапіраўся на багатыя традыцыі рамантызму славянскіх літаратур, яе вытокі бачыў у народнай творчасці[8]. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Дуніна-Марцінкевіча сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гістарычным падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», напісаны ў 1857). Пра арыентацыю на здабыткі Адама Міцкевіча і яго рамантычнай школы сведчаць і творы на польскай мове, і пераклад на беларускую мову «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»).

Старонка рукапісу «Пінскай шляхты»

У 1860-я — 1870-я гады напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, напісана ў 1866, апублікавана ў 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатырычнае выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатырычная камедыя «Залёты» (напісана ў 1870, апублікавана ў 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асноўныя прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм.

Пачаўшы пісаць, ён сутыкнуўся з тымі самымі цяжкасцямі, што і ўсе літаратары гэтага перыяду — адсутнасцю ўнармаванай беларускай мовы (не было слоўнікаў і граматык). Нягледзячы на гэта, ён здолеў выйсці за вузкія дыялектныя межы і зарыентаваўся на агульнанародныя моўныя сродкі (пачаў ужываць формы словаў, якія былі вядомыя ва ўсёй Беларусі). Пры гэтым дыялогі «Пінскай шляхты», напісаныя на мясцовым дыялекце Піншчыны, упершыню былі апублікаваны ўжо ў перакладзе на беларускую літаратурную мову (пераклаў Язэп Лёсік).

Творчае станаўленне Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэтычных каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакратычных ідэй у беларускай літаратуры. Вялікая заслуга Дуніна-Марцінкевіча ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Значная частка яго твораў, у тым ліку камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара.

Тэатр Дуніна-Марцінкевіча

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў 1840—1850-я гады. Тэатр наследаваў народныя традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нацыянальную самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 годзе дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856 года[9].

Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей. Для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п’есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся беларуская, руская, і польская мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9 лютага 1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент Дуніна-Марцінкевіча).

У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, Канстанцін Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Юры Кабылінскі, Прушынскі і інш. У пастаноўках удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, быў аркестр.

Памяць

Помнік Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку ў Мінску.

Польскі пецярбургскі часопіс «Kraj» («Край») у некралогу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча напісаў: «Удзячна і сардэчна ўспомняць яго некалі — калі пасталеюць — наступныя беларускія пакаленні».

На пачатку ХХ стагоддзя невялікая кагорта беларусаў-адраджэнцаў адзначыла 25-ю гадавіну смерці пісьменніка. Газета «Наша Ніва» прысвяціла яму асобны нумар. Побач з артыкуламі Рамуальда Зямкевіча «Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне», Альгерда Бульбы «Грамадзянскае становішча В. Дуніна-Марцінкевіча», Ядвігіна Ш. «В. Дунін-Марцінкевіч у практычным жыцці», вершам Янкі Купалы «Памяці Вінцука Марцінкевіча» быў змешчаны рэдакцыйны матэрыял, у якім адзначалася:

" Усе культурныя нацыі вельмі шануюць памяць найбольш заслужаных сыноў сваіх і ў гадаўшчыну іх ураджэння, смерці і т.п. успамінаюць іх заслугі. Такія нацыянальныя памінкі маюць вялікую вагу: асвячаюць перад народам жыццё і працу лепшых грамадзян, яны паказваюць моц і сілу ўсяе нацыі, каторая такіх сыноў узгадавала, развіваюць у народзе паважанне да сябе самога, будзяць нацыянальную свядомасць, а разам з гэтым заахвочваюць кожнага да працы для грамадзянства, даводзячы жывым прыкладам, што раней ці пазней родны край ацэніць тую працу павэдлуг справядлівасці. "
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе ў час вечарыны, прысвечанай 40-м угодкам з дня смерці В. Дуніна-Марцінкевіча. 1924

Беларуская грамада ў Празе 30 снежня 1924 года правяла юбілейную вечарыну, прысвечаную 40-м угодкам з дня смерці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На магіле пісьменніка ва ўрочышчы Тупальшчына, недалёка ад Люцінкі пастаўлены помнік, а ў самой Люцінцы месца, дзе стаяў яго дом, адзначана мемарыяльным знакам. Мемарыяльная дошка ўстаноўлена і на радзіме пісьменніка, у вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна.

Імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча носяць вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Маладзечне, Смалявічах, Івянцы, Пяршаях.

Імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча носіць Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску. Міністэрства культуры Беларусі і Беларускі саюз тэатральных дзеячаў (БСТД) заснавалі тэатральную прэмію імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У Беларусі існуе Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі, які таксама носіць імя драматурга.

4 лютага 2008 года Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэнне памятныя манеты «В. Дунін-Марцінкевіч. 200 год». Пошта Беларусі ў 2008 годзе выпусціла марку, прысвечаную пісьменніку. 3 верасня 2016 года ў цэнтры Мінска адкрыты помнік кампазітару Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу[10].

Выбраная бібліяграфія

  • Hapon: powieść białoruska, z prawdziwego zdarzenia, w języku białoruskiego ludu napisana: ozdobiona 4 rycynami / przez Wincentego Dunin Marcinkiewicza. — Mińsk: nakładem księgarzy mińskich braci Bejlinów, 1855. — 125 с.
  • Ciekawyś? Przeczytaj!: trzy powiastki i wierszyk ulotny / przez Wincentego Dunin Marcinkiewicza. — Mińsk: drukiem Jokiela Dworzeca, 1856. — 112 с.
  • Dudarz białoruski, czyli Wszystkiego po trosze / przez Wincentego Dunin Marcinkiewicza. — Mińsk: nakładem i drukiem J. Dworca, 1857. — 117 с.
  • Wieczarnicy / Wincuka Dunin-Marcinkiewicza. — Pieciarburh: Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce, 1909. — 32 c. — (Biełaruskije pieśniary; T. 5).
  • Збор твораў у 2 т. (2007-2008).
  • Драматычныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2006. — 124, [2] с.

Зноскі

  1. Навошта Марцінкевічу спатрэбіўся Дунін . Наша Ніва. Праверана 17 жніўня 2023.
  2. Зміцер Дрозд. Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча. www.kimpress.by. Праверана 17 жніўня 2023.
  3. Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г. В. Кісялёў. Мн., 1977. С. 118.
  4. Беларускія пісьменнікі 1993, с. 407.
  5. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і падробка пячатак . Наша Ніва. Праверана 17 жніўня 2023.
  6. 1 2 3 4 5 6 Беларускія пісьменнікі 1993, с. 408.
  7. 1 2 Беларускія пісьменнікі 1993, с. 409.
  8. 1 2 3 4 БелЭн 1998, с. 260.
  9. БелЭн 1998, с. 261.
  10. У цэнтры Менску адкрылі помнік Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу

Літаратура

  • Грынчык М. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт / Грынчык М. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 260—261. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Кісялёў Г., Махнач Т. Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 407—415.  541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
  • Кісялёў Г. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. — Мн., 1988.
  • Навуменка І. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. — Мн., 1992.
  • Рагойша В. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мн.: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с. ISBN 978-985-465-898-8
  • Янушкевіч Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX ст. / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. I. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 582 с. ISBN 978-985-08-1167-7.
  • Wincenty Dunin-Marcinkiewicz : poeta polsko-białoruski / Józef Gołąbek. — Wilno, 1932.

Гл. таксама

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.