Віцебская губерня | |||
---|---|---|---|
Витебская губернія | |||
|
|||
Краіна |
![]() |
||
Уваходзіць у |
|
||
Адміністрацыйны цэнтр | Віцебск | ||
Найбуйнейшыя гарады | Дзвінск, Полацк | ||
Дата ўтварэння | 11 сакавіка 1802 | ||
Дата скасавання | 1924 | ||
Насельніцтва (1904) | 1 669 000 | ||
![]() |
|||
![]() |
Ві́цебская губерня — губерня Расійскай імперыі. Створана ў 1802 годзе, адпавядае паўночна-ўсходняй частцы сучаснай Віцебскай вобласці Беларусі, а таксама ўсходняй часткі Латвіі (у тым ліку гарады Дзвінск, Рэжыца і Люцын) і некаторым раёнам Расіі (Невель і Себеж — Пскоўская вобласць, Веліж — Смаленская вобласць). Адміністрацыйны цэнтр — горад Віцебск.
Гісторыя
Губерня ўтворана ў 1802 годзе пасля скасавання Беларускай губерні.
У час французскай-рускай вайны 1812 года імператара Напалеона 16 ліпеня ў Віцебску сустракала дэпутацыя з мясцовага дваранства. Ужо з першых дзён акупацыі французскі імператар заняўся стварэннем сістэмы кіравання губерняй і горадам. Паўнамоцтвы Камісіі часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага, створанай Напалеонам 1 ліпеня 1812 г. не распаўсюдзіліся на тэрыторыю Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Пытанне пра аб’яднанне гэтых тэрыторый з ВКЛ заставалася адкрытым, таму што яны маглі стаць прадметам палітычнага гандлю ў магчымых мірных перамовах з Аляксандрам I. Для аказання дапамогі ў стварэнні адміністрацыі Віцебскай губерні былі прыцягнуты князь Людвіг Радзівіл і член ваеннага камітэта князь Павел Сапега[1].
6 жніўня 1812 г. Напалеонам была створана адміністрацыйная камісія — орган кіравання Віцебскай губерняй, у склад якой увайшлі пяць чалавек на чале з французскім інтэндантам маркізам А. Д. дэ Пастарэ. Ваенным губернатарам горада быў прызначаны генерал А. Ф. Шарпанцье, якога 18 верасня 1812 г. змяніў генерал Ф. Р. Пужэ. Членамі камісіі сталі князь Людвіг Радзівіл і князь Павел Сапега, якія прыбылі ў Віцебск, а таксама мясцовыя прадстаўнікі дваранства: граф Іосіф Борх, губернскі маршалак шляхты, граф Іосіф Шадурскі, былы губернскі маршалак шляхты, Міхаіл Вейсенгоф, які быў маршалкам дваранства Рэжыцкага павета ў 1806 г. Абавязкі генеральнага сакратара камісіі выконваў Іван Шчыт, які быў засядацелем 2-га дэпартамента галоўнага суда Віцебскай губерні ў 1805 г. Такім чынам, Напалеонам былі задзейнічаны найбольш уплывовыя і паважаныя ў дваранскім асяроддзі прадстаўнікі вышэйшага саслоўя, чацвёра з якіх належалі да тытулаванага дваранства, астатнія — займалі ключавыя пасады ў іерархіі выбарных ад дваранства чыноўнікаў Віцебскай губерні ў першае дзесяцігоддзе XIX стагоддзя[1].
Уладу ў дванаццаці паветах Віцебскай губерні планавалася перадаць у рукі падпрэфектаў, якія былі прызначаны Напалеонам з ліку мясцовых павятовых маршалкаў дваранства. Так, у Віцебскім павеце падпрэфектам быў прызначаны — Станіслаў Багамолец, Полацкім — Іосіф Рыпінскі, Себежскім — Сямён Уляноўскі, Невельскім — Ігнацій Хржаноўскі, Гарадоцкім — Іосіф Жаба, Суражскім — Іван Любашчынскі, Веліжскім — Акінфій Булычаў, Дрысенскім — Траян Свалынскі, Дынабургскім — Франц Моль, Люцынскім — Мікалай Карніцкі, Рэжыцкім — Фадзей Вейсенгоф, Лепельскім — Мікалай Грабніцкі. У рэальнасці, не ва ўсіх паветах Віцебскай губерні ўдалося арганізаваць дзейнасць падпрэфектур. Паводле даных даследчыка А. У. Ерашэвіч падпрэфектуры існавалі толькі ў Дынабургскім, Лепельскім, Полацкім, Суражскім, Веліжскім і Віцебскім паветах[1].
Для кіраўніцтва горадам Віцебскам была створана муніцыпальнае праўленне. Выканаўчая ўлада ў горадзе належала мэру — Рамуальду Багамольцу, падкамораму гарадоцкага павятовага суда, у якога ў памочніках знаходзіліся два чалавека — Якаў Жаба, падкаморы віцебскага павятовага суда і гарадскі галава Лёрка. Таксама існавала гарадская рада, членамі якой былі мяшчанін Пётр Бібка, Фёдар Красоўскі, які быў віцебскім паліцмайстрам у 1806 г., выкладчыкі гімназіі Рыхлоўскі і Кандратовіч, засядацелі віцебскага ніжняга земскага суда — Каспер Зброжак і Алаізій Лапа[1].
Увосень 1812 г. расійская армія пачала актыўны наступ. Дзякуючы паспяховай дзейнасці корпуса генерала П. Х. Вітгенштэйна былі ўзяты Себеж, Рэжыца, Люцын, Дынабург і Полацк. 26 кастрычніка 1812 г. быў вызвалены ад французаў Віцебск атрадам генерала В. І. Гарпэ. Расійскім войскам удалося ўзяць у палон ваеннага губернатара Віцебска генерала Пужэ, 10 афіцэраў і 400 салдат. Былі ўзяты ў палон і члены пранапалеонаўскай адміністрацыі: губернскі маршалак дваранства граф Іосіф Борх, генеральны сакратар Іван Шчыт, паліцмайстар Фёдар Красоўскі і ксёндз Палонскі. Узятыя ў палон чыноўнікі былі адпраўлены ў Санкт-Пецярбург. 15 лістапада 1812 г. па распараджэнні міністра паліцыі яны былі дэпартаваны на жыхарства ў Алонецкую губерню. Выданнем маніфеста ад 12 снежня 1812 г. была абвешчана амністыя[1].
У 1823—1869 гг. уваходзіла ў склад Беларускага, Віцебскага, Магілёўскага і Віленскага генерал-губернатарстваў.
На пачатак ХХ стагоддзя ў губерні налічвалася 12 гарадоў, 41 мястэчка, 19750 вёсак. Плошча каля 39 тыс. кв. вёрст. Насельніцтва 1,669 млн (1904) або 1,74 млн (не пазней 1910), з іх 237 (255) тыс. у гарадах. Паветы:
- Віцебскі,
- Веліжскі,
- Гарадоцкі,
- Дзвінскі (былы Дынабургскі),
- Дрысенскі,
- Лепельскі,
- Люцынскі,
- Невельскі,
- Полацкі,
- Рэжыцкі,
- Себежскі.
З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў складзе Заходняй камуны РСФСР. Да пачатку сакавіка 1918 адбылося наступленне германскіх войск, якое было спынена на лініі Полацк—Орша, і толькі ва ўсходніх паветах Віцебскай губерні захавалася савецкая ўлада. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Віцебская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Германскія войскі адышлі пад канец 1918 года. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Віцебская губерня ўвайшла ў Беларускую ССР, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць яе са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.
У 1919—1924 гг. Віцебская губерня ў складзе РСФСР. Разам з утварэннем Гомельскай губерні ў склад Віцебскай губерні быў перададзены Сенненскі павет. У 1920 годзе інфлянцкія паветы — Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі — адыйшлі да Латвіі; у склад Віцебскай губерні з Гомельскай губерні перададзены Аршанскі павет.
У 1923 годзе былі скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі паветы, а Лепельскі перайменаваны ў Бачэйкаўскі.
Віцебская губерня была скасавана ў 1924 годзе ў сувязі з узбуйненнем БССР. У склад БССР былі перададзены са складу Віцебскай губерні Аршанскі, Бачэйкаўскі, Віцебскі і Полацкі паветы (з іх у чэрвені Бачэйкаўскі павет быў скасаваны, а астатнія пераўтвораны ў аднайменныя акругі). Па-за межамі БССР пакідаліся Веліжскі, Невельскі, Себежскі паветы Віцебскай губерні, якія былі перададзены ў Пскоўскую губерню.
Прадстаўнікі дваранства
- Гербоўнік Віцебскага дваранства
Вядомыя асобы
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 3 4 5 А. А. Игнатьева. ДВОРЯНСТВО ВИТЕБСКОЙ ГУБЕРНИИ В СОСТАВЕ ПРОНАПОЛЕОНОВСКОЙ АДМИНИСТРАЦИИ В ПЕРИОД ВОЕННОЙ КАМПАНИИ 1812 ГОДА Архівавана 10 чэрвеня 2020.
Літаратура
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Раюк, А.Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Полацкай (Віцебскай) губерні ў 1772—1863 гг. / А.Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ; навук. рэд. А.І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2017. — Вып. 22. — С. 380—383.
- Шыдлоўскі, С.А. Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі: 1795–1864 гг. / С.А. Шыдлоўскі. – Мінск : Беларус. навука, 2011. – 168 с.
Спасылкі
- Мапы і спісы населеных месцаў Віцебскай губерні
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Віцебская губерня