Віцебская бітва | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Смаленская бітва (Вялікая Айчынная вайна) | |||
Дата | 5—11 ліпеня 1941 | ||
Месца | Віцебскі напрамак | ||
Вынік | перамога Германіі | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Віцебская бітва — эпізод першых тыдняў Вялікай Айчыннай вайны, частка Смаленскай бітвы.
Сітуацыя
3—4 ліпеня 1941 года разгарнуліся баі ў раёне Лепеля. Немцы прарвалі абарону Чырвонай арміі і выйшлі на лінію Ула–Бешанковічы—Сянно. Такім чынам, была адкрыта дарога на Віцебск. Нямецкае камандаванне надавала захопу горада вялікае значэнне, паколькі ён адкрываў шлях на Смаленск і Маскву.
У гэты час савецкія сілы спрабавалі стварыць лінію абароны на рубяжы рэк Заходняя Дзвіна і Дняпро. Пад Віцебскам у СССР знаходзіліся 19-я і 20-я арміі. Акрамя рэгулярных часцей Чырвонай арміі, супраціў аказала апалчэнне. Усяго было створана 4 батальёны, падтрыманыя батальёнам міліцыі.
Ход бітвы
З 5 ліпеня на подступах да Віцебска вяліся баі на рубяжы вёска Гняздзілава—возера Саро—вёсак Ліпнева, Машканы, Аляксандрава. Тут абараняліся сілы 153-й стралковай дывізіі. За дзень дывізія адбівала па 5—6 нападаў.
Раніцай 6 ліпеня савецкія танкавыя злучэнні 5-га і 7-га механізаваных карпусоў контратакавалі праціўніка на Віцебскім напрамку. Да 10-га чысла яны паспяхова разграмілі нямецкія сілы пад Сянно і Лепелем. Падцягнутыя войскі падмацавання і ўдары Люфтвафэ вымусілі савецкія карпусы спыніць наступленне, а потым прарывацца з акружэння ў раён Оршы.
6—9 ліпеня Вермахт перанёс галоўны ўдар з паўднёвага захаду на поўнач і паўночны захад, на ўчастак Ула—Бешанковічы. 9 ліпеня нямецкія войскі ў абыход 153-й стралковай дывізіі прарваліся да Віцебска з боку Улы. У гэтых умовах 153-я стралковая дывізія была вымушаная заняць абарону па лініі вёсак Латыпін, Шпілі і па рацэ Лучоса да вёскі Кузьмінцы. Абстаноўка для савецкіх войск значна пагоршылася.
Пасля магутнай артпадрыхтоўкі немцы пачалі прарывацца ў горад адразу ў некалькіх кропках. 9 ліпеня пасля 5-гадзіннай сутычкі гітлераўцы выйшлі да Успенскай горкі. Да канца дня Вермахт захапіў заходнюю частку горада. Асабліва зацятыя баі разгарнуліся за Юр’еву горку, што перашкодзіла германскім часцям выйсці да Заходняй Дзвіны ў раёне вакзала. Раніцай 10 ліпеня немцы ўсё ж фарсіравалі раку і захапілі Уланавічы, аэрадром, чыгуначны мост. Часці 220-й дывізіі двойчы выбівалі ворага з ўсходніх раёнаў. Аднак у рэшце рэшт чырвонаармейцы адступілі.
11 ліпеня Віцебск цалкам перайшоў пад кантроль немцаў.
Наступствы
Захоп горада даў магчымасць германскім войскам наступаць далей на ўсход. У пачатку восені яны бяруць Смаленск.
Літаратура
- Дианова Т.Б. Оборонительные бои за Витебск летом 1941 года // Ученые записки. — 2014 – Том 18. — С. 32-37.