Вісмут (лац.: Bismuthum), Bi — хімічны элемент V групы перыядычнай сістэмы; атамны нумар 83. Метал серабрыста-белага колеру з ружовым адценнем.
Вісмут доўга лічыўся самым масіўным элементам са стабільнымі ізатопамі, але ў 2003 годзе было ўстаноўлена, што ён вельмі слаба радыеактыўны: яго адзіны прыродны ізатоп, вісмут-209, альфа-радыеактыўны з перыядам паўраспаду, які больш чым у мільярд разоў пераўзыходзіць ацэначны ўзрост Сусвету[1][2]. З-за вельмі вялікага перыяду паўраспаду вісмут-209 можна разглядаць амаль для ўсіх патрэб як стабільны нуклід[2].
Асноўныя характарыстыкі
Прыродны вісмут складаецца з аднаго ізатопа 209Ві, які раней лічыўся самым цяжкім з існуючых у прыродзе стабільных ізатопаў. У зямной кары знаходзіцца 2x10-5% па масе.
Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльнасць 9800 кг/м³, тэмпература плаўлення 271,4 °С (пры плаўленні памяншаецца ў аб'ёме), тэмпература кіпення 1564 °С.
Самародны вісмут крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневы — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цвёрдасць 2,5. Шчыльннасць 9,8 г/см³.
Устойлівы ў сухім паветры, пры тэмпературы вышэй за 1000 °С гарыць (утварае аксід Ві2O3). Раствараецца ў кіслотах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). 3 галагенамі пры 200— 250 °С утварае трыгалагеніды (напр., вісмут хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметалічныя злучэнні вісмутыды (напр., вісмутвды натрыю Na2Ві, магнію Mg3Ві2).
Прыродныя крыніцы
Сустракаецца і як самародны метал, і ў злучэннях з іншымі элементамі.
Самародны вісмут рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава.
Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Bi) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў.
Галоўныя радовішчы — у Балівіі, Перу і на востраве Тасманія (Аўстралія). Сусветная здабыча невялікая, ненамнога перавышае здабычу золата.
Прымяненне
Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядзерных рэактарах (расплаў), для вытворчасці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магнітнага поля. Прэпараты прымяняюцца ў дэрматалогіі і касметалогіі, як антысептычныя сродкі. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытворчасці керамікі, фарфору, спецыяльнага шкла.
Зноскі
- ↑ Dumé, Belle (23 April 2003). "Bismuth breaks half-life record for alpha decay". Physicsworld.
- 1 2 Kean, Sam (2011). The Disappearing Spoon (and other true tales of madness, love, and the history of the world from the Periodic Table of Elements). New York/Boston: Back Bay Books. pp. 158–160. ISBN 978-0-316-051637.
Літаратура
- Боднар І. В. Вісмут // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 197. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).