Вінцэнт Корвін-Гасеўскі
Вінцэнт Корвін-Гасеўскі. Мастак Даніэль Шульц малодшы, XVII ст.
Вінцэнт Корвін-Гасеўскі. Мастак Даніэль Шульц малодшы, XVII ст.
Герб «Слепаўрон»
Герб «Слепаўрон»
10-ы гетман польны літоўскі
18 чэрвеня 1654 29 лістапада 1662
Папярэднік Януш Радзівіл
Пераемнік Міхал Казімір Пац
падскарбі вялікі літоўскі
14 верасня 1652 29 лістапада 1662
Папярэднік Гедэон Міхал Трызна
Пераемнік Геранім Крышпін-Кіршэнштэйн
стольнік вялікі літоўскі
28 красавіка 1646 14 верасня 1652
Папярэднік Фелікс Ян Пац
Пераемнік Міхал Казімір Радзівіл
2-і генерал літоўскай артылерыі
27 лютага 1651 14 верасня 1652
Папярэднік Мікалай Абрамовіч
Пераемнік Зыгмунт Валь[d]

Нараджэнне 1620
Смерць 29 лістапада 1662(1662-11-29)[1][2]
Месца пахавання
Род Гасеўскія
Бацька Аляксандр Гасеўскі[3]
Маці Эва з Пацаў[d][3]
Жонка Магдалена з Канапацкіх[d]
Дзеці Тэрэза, Соф'я, Багуслаў
Адукацыя
Дзейнасць дыпламат
Званне генерал
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вінцэнт Аляксандр Корвін-Гасеўскі (каля 1620, Воўчын Берасцейскага павета — 29 лістапада 1662, Астрына Лідскага павета[4]) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1646—1652) і падскарбі вялікі літоўскі (1652—1654), гетман польны літоўскі (з 1654). Генерал артылерыі літоўскай (1651).

Біяграфія

Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх герба «Слепаўрон», сын Аляксандра, ваяводы смаленскага і Эвы з Пацаў. Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пуньскага, брата Крыштафа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, лаздзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў[5].

Навучаўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене[4].

Па вяртанні на Бацькаўшчыну атрымаў ад караля і вялікага князя Уладзіслава Вазы пасаду стольніка вялікага літоўскага (1646). У 1648 падпісваў элекцыю Яну Казіміру, якога падтрымліваў яшчэ да абрання на прастол.

У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў служыў у войску пад камандай Януша Радзівіла, які вёў барацьбу з казакамі. Удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, аблозе Бабруйска, бітве пад Лоевам (1649). З 1651 — генерал артылерыі, таго ж года ў бітве пад Чарнобылем разбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 вёў ваенныя дзеянні супраць рускіх войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655 гг., падчас якіх канфліктаваў з вялікім гетманам Янушам Радзівілам[6]. У 1654 атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага ад Януша Радзівіла, якога папярэдне прызначылі гетманам вялікім літоўскім. Гэтым прызначэннем кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір хацеў абмежаваць уплыў Януша Радзівіла ў войску, прызначыўшы на пасаду яго даўняга непрыяцеля[7]. Калі Януш Радзівіл перайшоў на бок шведаў, захаваў вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру[6].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай падпісаў у Кейданах шведска-літоўскую унію. Аднак неўзабаве зрабіўся прыхільнікам прымірэння Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швецыі. Выступіў за захаванне уніі Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім.

У выніку канфлікту з Янушам Радзівілам В. Корвін-Гасеўскага арыштавалі ў Кейданах і як палоннага перавезлі да Караляўца. У няволі здолеў атрымаць ад Карла Х Густава пісьмовае пацверджанне намеру нападу на Маскоўскую дзяржаву, якое па вызваленні перадаў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу.

Увесну 1656 уцёк з няволі на Літву, дзе ўласным коштам сабраў некалькі харугваў. У змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы. Удзельнік аблогі Тыкоціна і няўдалай бітвы пад Варшавай (1656), пасля якой шведы ізноў занялі сталіцу Каралеўства Польскага.

На загад Яна Казіміра са сваімі харугвамі накіраваўся ва Усходнюю Прусію і Вялікае Княства Літоўскае. Меў канфлікт з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам. 8 кастрычніка 1656 пад Просткамі дашчэнту разбіў брадэнбургскае і шведскае войска. Узяў у палон князя Багуслава Радзівіла. Тую бітву ў рамане «Патоп» апісаў Генрык Сянкевіч.

Наступная бітва пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656) скончылася перамогай войскаў фельдмаршала Густава Атона Стэнбака. У час хаосу бітвы Багуславу Радзівілу пашчасціла ўцячы. У 1658 змагаўся са шведамі на Інфлянтах і Жамойці.

Увосень 1658 у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон — у суперніцтве з Паўлам Янам Сапегам, не чакаючы дапамогі, напаў на маскоўскае войска і быў разбіты. Спробы П. Я. Сапегі вызваліць В. Корвін-Гасеўскага былі безвыніковымі. Больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве, аднак умовы яго ўтрымання не былі цяжкімі: у зняволенні працаваў з літаратурай, рабіў пераклады з французскай мовы, пісаў. У красавіку 1662 яго выменялі на пяць маскоўскіх ваяводаў. Атрымаў за службу Кейданы.

У лістападзе 1662 В. Корвін-Гасеўскага накіравалі да Вільні на размову з узбунтаваным літоўскім войскам. Тамака яго арыштаваў віцэ-маршалак Канстанцін Катоўскі. 29 лістапада 1662 салдаты сканфедэраванага войска злачынна забілі В. Корвін-Гасеўскага пад Астрыном у Лідскім павеце[6].

Пахавалі гетмана ў віленскім касцёле Святога Казіміра, выканаўцаў забойства пакаралі смерцю. У другой палове 1860-х гадоў пры перабудове касцёла пад праваслаўную царкву паводле (арх. М. М. Чагін) быў знішчаны надмагільны помнік Вінцэнта Гасеўскага з белага мармуру ў выглядзе фігуры рыцара, які ляжыць.

Галерэя

Нашчадкі

Тэрэза Корвін-Гасеўская

У шлюбе з Магдаленай Канапацкай меў сына і 2 дачок:

  • Багуслаў — біскуп-суфраган беларускі, біскуп смаленскі (не пакінуў нашчадкаў)
  • Тэрэза — выйшла замуж за: 1. Юзаф Багуслаў Слушка, гетман польны літоўскі, кашталян віленскі, 2. Казімір Ян Сапега, ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі; абодва шлюбы былі бяздзетнымі
  • Соф’я — выйшла замуж за Аляксандра Прыемскага, падстолія кароннага

Па смерці В. Корвін-Гасеўскага ўдава выйшла замуж за князя Януша Караля Чартарыйскага, падкаморыя кракаўскага.

Зноскі

  1. Wincenty Aleksander Korwin Gosiewski (Gąsiewski) h. Ślepowron // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 / пад рэд. J. WolffKraków: 1885. — С. 156, 188.
  3. 1 2 Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. WolffСПб.: 1885. — С. 94. — 377 с.
  4. 1 2 Гасеўскі Вінцэнт Корвін // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  5. ЭнцВКЛ 2005.
  6. 1 2 3 Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654—1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.
  7. Прыбытка, Г. Барацьба магнацкіх груповак у другой палове XVII — пачатку XVIII ст. // Спадчына. — Мн.: Полымя, 1995. — № 5. — С. 38—39.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.