Вінцук Адважны | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | Язэп Германовіч |
Род дзейнасці | публіцыст, пісьменнік, паэт, перакладчык, adult educator, місіянер, каталіцкі святар |
Дата нараджэння | 20 лютага (4 сакавіка) 1890 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 снежня 1976 (86 гадоў) |
Месца смерці |
|
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Бацька | Станіслаў Германовіч |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вінцук Адважны, сапр. Язэп Станіслававіч Германовіч (20 лютага (4 сакавіка) 1890, м. Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губерні — 26 снежня 1978, Лондан; Псеўданімы: Unuk Wіncuk. Ветрагон Лявон, Адважны Вінцук, Хлопчык з-пад Горадні; Крыптанімы: В. Адв.; A. W.; А. В.; W. A.) — беларускі пісьменнік, каталіцкі святар усходняга абраду, паэт, публіцыст.
Біяграфія
Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. У 1898—1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а наступныя чатыры гады — Ашмянскае гарадское вучылішча. У 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. 29 чэрвеня 1913 пасвечаны ў святары, тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата (Беласток, Крынкі, Мсцібава, Вялікая Лапеніца). У 1920 г. перабраўся ў Слонімскі павет.
У 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну з беларускіх школ, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове. У 1921—1924 гадах служыў пробашчам у мястэчку Лужкі Дзісенскага павета, у катэхізацыі дзяцей і пропаведзях карыстаўся беларускай мовай, запомніўся мясцовым жыхарам дабрачыннасцю, дапамагаючы бедным. Яго беларускасць выклікала незадавальненне ў мясцовай польскай грамадскасці, кс. Германовіч стаў аб’ектам нападак у польскай нацыяналістычнай газеце «Dziennik Wileński» . У 1924 годзе кс. Язэп Германовіч пераехаў у Друю, дзе ўступіў у ордэн марыянаў. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту ў Друйскім кляштары марыянаў і, акрамя таго, настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку, пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны. Празаічныя і паэтычныя творы Адважнага рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.
З 1932 на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі.
У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 г. установа была закрытая, а Германовіч дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй па загадзе камуністычных ўладаў і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры.
Па вызваленні ў 1955 г. выехаў у Польшчу, пад канец 1959 — у Рым, а неўзабаве прыбыў у лонданскі Дом Марыянаў. Ад 1962 г. быў цягам некалькі гадоў дырэктарам школы-інтэрнату Св. Кірылы Тураўскага. У 1964 г. аднавіў выданне рэлігійна-грамадскага часопіса «Божым шляхам» (Лондан), рэдактарам якога заставаўся амаль да смерці. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай — Сібір — Масква», якія выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах. Архіў дзеяча захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны.
Цікавыя факты
- Язэп Германовіч пахаваны на Могілках Святога Панкрата ў Лондане у адной магіле з айцом Львом Гарошкам, з якім меў пры жыцці не найлепшыя адносіны.
Бібліяграфія
- «Як Казюк сабраўся да споведзі», Вільня, 1928.
- «Казюковае жанімства», Вільня, 1929.
- «Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну», Вільня, 1930.
- «Адам і Анелька», Вільня, 1931.
- «Канёк-Гарбунок» (паводле Яршова), Вільня, 1932.
- «Бэтлейка», Вільня, 1932.
- «Унія на Палесьсі», Альберцін, 1932.
- «Беларускія цымбалы», Вільня, 1933.
- «Казка аб рыбаку і рыбцы», Вільня, 1935.
- «Хлапец», Вільня, 1935.
- «Гануліны клопаты», Вільня, 1935.
- «Кітай-Сібір-Масква» (успаміны), Мюнхен, 1962.
- «Пакутныя псальмы» (пераклад вершам), Рым, 1964.
- «Князь і лапаць. Сучасная казка», Лондан, 1964.
- «Байкі і іншыя вершы», Лондан, 1973.
- «Выбраныя творы», Мінск: Кнігазбор, 2011. — 592 с. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 97. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- У. Калеснік, А. Мальдзіс. Адважны Вінцук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 46. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Адважны Вінцук // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. — Т. 1. Абуховіч — Ватацы. — С. 49. — 542 с.; іл.. — ISBN 5-85700-061-0.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — С. 51. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — С. 39. — 727 с. — 10 000 экз.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / уклад.: Ю. Гарбінскі. — Мн.- Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999; ISBN 985-6318-65-3
- Ласкоў І. Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі // ЛіМ, 9.2.1990;
- Сачанка Б. Сняцца сны… С. 12—14
- Станкевіч А. Аб жыцці і творчасці В. А. (Вінцука Адважнага) // W.A. Biełaruskija Cymbały. Wilnia, 1933
- Туронак Ю. Язэп Германовіч — святар і пісьменнік // Наша вера. № 1(2). 1996
- Юрэвіч Л. Літаратурная спадчына: новы погляд // Беларус (Нью-Ёрк). 1997. Жнівень
- Горны Алесь. Думкі ўслых (з нагоды выдання збору твораў Вінцука Адважнага) // Наша слова. 2011. № 38.
- Vytautas Žeimantas. «Juozapas Hermanovičius — kunigas, rašytojas, NKVD kankinys» // «Voruta», 2010, gruod. 23, nr. 24 (714) (на літоўскай)
- Уладзiмер Калупаеý. Беларускiя мiсiянэры ý Кiтаi // Запiсы 37. New York — Miensk: Беларускi iнстытут навукi й мастацтва, 2014. с. 645—650. Belarusian missionaries in China // Entries 37. New York — Miensk: Belarusian Institute of Science and Art, 2014. p. 645—650.