Не блытаць са шрубай
Вінт — адзін з найпрасцейшых механізмаў (разам з клінам, рычагом, колам), якія з’яўляюцца асноўнымі элементамі тэхнічных канструкцый. Звычайна вінт — цыліндрычнае ці канічнае цела з нарэзкай па вінтавой лініі або прыстасаванне, дзе выкарыстаны ўласцівасці вінтавой паверхні. Асноўная характарыстыка вінта — ход (вышыня пад’ёму вінтавой лініі за адзін абарот).
Вінт[1] — частка рухавіка самалёта, верталёта, парахода і іншых машын у выглядзе лопасцяў, якія замацаваныя на валу. Вінт паветраных суднаў — самалётаў, верталётаў, дырыжабляў, — а таксама аэрасаней называецца паветраным вінтом або прапелерам.
Прынцып вінта адкрыты больш як за 800 гадоў да н.э. Упершыню выкарыстаны Архімедам (ІІІ ст. да н.э.) у водападымальнай машыне (Архімедаў вінт). Ідэю паветранага вінта (прапелера) як сродку руху ў паветраным асяроддзі выказаў Леанарда да Вінчы. М. В. Ламаносаў выкарыстаў яго для стварэння цягі ў мадэлі прылады для метэаралагічных даследаванняў (1754). Прынцыпы выкарыстання тэарэтычна абгрунтаваў Д. Бернулі, сучасную тэорыю яго распрацваў М. Я. Жукоўскі. Практычнае выкарыстанне двух-, трох- і чатырохлопасцевых вінтоў пачалося з развіццём самалёта- і дырыжаблебудавання (з 1903). Ідэю грабнога вінта абгрунтаваў І. Рэсел (1827), які пабудаваў і першы параход з грабным вінтом (1829). Укараненне грабнога вінта прывяло да якасных змен у мараплаўстве і суднабудаванні. Вялікае пашырэнне атрымаў вінт для злучэння (вінтавое злучэнне) або прымусовага перамяшчэння асобных частак машын і механізмаў. Такія вінты падзяляюцца на: мацаваныя (раздымнае злучэнне дэталей), грузавыя (рым-балты і дамкраты), сілавыя (у прэсах), хадавыя (у супартах і сілавых сталах станкоў), мікраметрычныя (у вымяральных прыладах), установачныя (у геадэзічных, лабараторных і іншых прыладах). Паводле характару нарэзкі яны бываюць: правай і левай, трохвугольнай, трапецаідальнай і прамавугольнай разьбы, адна-, двух- і шматзаходныя, саманаразальныя (укручваюцца ў гладкія адтуліны). Вінты для дрэва — шурупы, маюць востры канец і спецыяльную разьбу. Вінт мае і шмат іншых спосабаў выкарыстання (напрыклад, у ветрарухавіках, вентылятарах); укараненне яго садзейнічала прагрэсу многіх галін тэхнікі.
Зноскі
- ↑ У адпаведнасці з Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы. Мн.: БелЭн, 2002. С. 113.
Літаратура
- Сацута У. Вінт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 186-187. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).