Славутасць
Вільнюс
53°56′48″ пн. ш. 27°37′46″ у. д.
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктар Э. Левіна, Н. Краўкова, І. Сітнікава
Дата заснавання 1976
Дата пабудовы 1975 год
Map

«Вільнюс» — колішні кінатэатр у Мінску, размешчаны ў жылым раёне Усход, па вул. Каліноўскага, 55. Пабудаваны ў 1975 годзе (архітэктары Э. Левіна, Н. Краўкова, І. Сітнікава)[1].

У канцы 1990-х гадоў кінатэатр стаў стратным, на некаторыя сеансы прыходзіла ўсяго па некалькі чалавек. Пасля закрыцця будынак пэўны час стаяў закансерваваным, затым на доўгія гады зацягнулася яго рэканструкцыя. У 2012 годзе былы кінатэатр ператварыўся ў цэнтр адзінаборстваў імя Мядзведзя[2].

Архітэктура

Пабудаваны з цэглы з выкарыстаннем зборнага і маналітнага жалезабетону. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак зблакіраваны двухпавярховым пераходам (2-і паверх займае танцавальная зала) з пабудаваным тут раней гандлёвым цэнтрам «Вільнюс». У аснове архітэктурнай кампазіцыі будынка кінатэатра — кантраст глухіх паверхняў тарцовых сцен і вялікага вітража на галоўным фасадзе. 3 правага вугла па галоўным фасадзе выступае закруглены аб’ём лесвічнай клеткі. Фасады апрацаваны дэкаратыўнай тынкоўкай пад шэры граніт і керамічнай пліткай тэракотавага колеру, што надае будынку своеасаблівы каларыт і святочнасць. Шырокае рабрыстае зашкленне галоўнага фасада стварае светаценевыя эфекты. Перад уваходам — адкрытыя тэрасы з шырокімі прыступкамі і дэкаратыўнымі кветнікамі[1].

Мастацтва і культура Літвы
Сучасны выгляд будынка

Унутраная планіроўка простая. Усе службовыя, дапаможныя і адміністрацыйныя памяшканні былі сканцэнтраваны па 1-м паверсе пад амфітэатрам глядзельнай залы (776 месцаў). У аздабленні інтэр’ераў былі выкарыстаны ружовы ракушачнік, дэкаратыўная тынкоўка, перфарыраваная плітка. Уваход у глядзельную залу ажыццяўляўся з фае 2-га паверха, на тарцовай сцяне якога быў выкананы роспіс ў тэхніцы энкаўстыкі на тэму «Мастацтва і культура Літвы» (мастакі З. Літвінава, С. Каткова). У кампазіцыі роспісу аб’яднаны гісторыя і сучаснасць: старыя вуліцы Вільнюса і новыя мікрараёны, выявы персанажаў з канкрэтнымі партрэтнымі характарыстыкамі: заснавальнік класічнай літоўскай літаратуры Крыстанас Данелайціс, пісьменнік і палітычны дзеяч Пятрас Цвірка, спявак, народны артыст СССР Кіпрас Пятраўскас, скульптар Юозас Мікенас, мастак Сільвестрас Джаўкстас. Вобразнай дамінантай размалёўкі з’яўляецца размешчаная ў цэнтры фігура жанчыны, якая ўвасабляе Літву. Кампазіцыя выканана ў блакітна-зялёных і залаціста-жоўтых танах[1].

Будынак кінатэатра «Вільнюс» уваходзіў у аднайменны гандлёва-грамадскі цэнтр, комплекс уключаў аб’ёмы, дзе былі размешчаны прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання, гандлю, бібліятэка, спартыўная зала, аптэка, ашчадная каса і інш[1].

У час рэканструкцыі пад цэнтр адзінаборстваў будынак цалкам страціў свой першапачатковы выгляд. Фасад быў адзеты ў люстраное шкло і бэжавы керамаграніт, зверху з’явіўся купал[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Л. Г. Лапцэвіч, А. А. Міцянін. 89. Кінатэатр «Вільнюс» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1988.  Мінск.  333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  2. 1 2 Николай Градюшко. Так уходит эпоха. Топ советских зданий Минска, испорченных реконструкцией (руск.) (28 кастрычніка 2018). Праверана 31 ліпеня 2020.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.