Віленская медыка-хірургічная акадэмія
Заснаваны 1832[1]
Год закрыцця 1842[1]

Віленская медыка-хірургічная акадэмія — вышэйшая навучальная ўстанова, якая існавала ў Вільні ў 1832—1842 гадах.

Створана на базе медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта, які быў закрыты ў 1831 годзе. Акадэмія рыхтавала спецыялістаў па медыцыне, ветэрынарыі і фармацыі. Выкладанне вялося на лацінскай, рускай і польскай мовах. Навучанне доўжылася ад трох да пяці гадоў. У першы год працы акадэміі налічвалася 580 студэнтаў, у 1833 годзе — 642. Скончыла акадэмію каля 700 чалавек. У ёй было абаронена 20 доктарскіх дысертацый па медыцыне.

У акадэміі працавала 15 прафесараў і 10 ад'юнктаў. Прафесары акадэміі: А. Абіхт, А. Адамовіч, С. Горскі, Ф. Джавінскі, Ю. Каранеўскі, І. Лабойка, К. Парцянка, І. Якавіцкі і інш. Рэктарамі (прэзідэнтамі) былі: Мікалай Мяноўскі (1832—1833), Томаш Кучкоўскі (1833—1840), Язэп Мяноўскі (1840—1842).

Акадэміі належалі клінікі акушэрства, хірургіі і тэрапіі (кожная з іх на 20 коек), бальніца для студэнтаў і працаўнікоў акадэміі, ветэрынарная лячэбніца, анатамічны, хімічны, фізічны, заалагічны і іншыя кабінеты, батанічны сад, аптэка, бібліятэка.

Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—1838 гадах тут існавала тайная арганізацыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі — у 1842 годзе яна закрыта распараджэннем Мікалая I. Бібліятэка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ўніверсітэт, дзе на іх базе створаны медыцынскі факультэт. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навуковыя і педагагічныя традыцыі, закладзеныя Віленскім універсітэтам.

Зноскі

  1. 1 2 Академии Медико-Хирургические // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. I. — С. 259–260.

Літаратура

  • В. Ф. Шалькевіч. Віленская медыка-хірургічная акадэмія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  • Вильнюсская медико-хирургическая академия // Литва. Краткая энциклопедия. — Вильнюс: Главная редакция энциклопедий, 1989. — С. 181. — 672 с. 50 000 экз.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.