Вілейскі краязнаўчы музей
Профіль Гістарычны, краязнаўчы
Заснаваны 1982
Падпарадкаванасць упраўленне культуры Мінаблвыканкама.
Месцазнаходжанне Мінская вобласць, г. Вілейка, пл. Свабоды, 1, 222410
Наведвальнікі 24203 (на 1.01.2012)
Памеры фонду 25242 (на 1.01.2012)
Дырэктар Ігар Сямёнавіч Кіцікаў
Адкрыты 9.00–17.00, акрамя панядзелка і апошняй пятніцы месяца
vilmuseum.by

Вілейскі краязнаўчы музей — музей Вілейкі. Заснаваны на падставе Пастановы ЦК КПБ Б-44/7 ад 30 ліпеня 1982 г.[1]

Арганізаваць у Вілейцы краязнаўчны музей упершыню прапанавалі вілейскія настаўнікі Б. Фельдман і Ф. Шыраеў яшчэ ў 1941 годзе. З такой прапановай яны звярнуліся ў рэдакцыю абласной «Сялянскай газеты»:

" У музеі мы зможам убачыць рост асветы, развіцце навукі і мастацтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў нашай краіне і ў прыватнасці ў вобласці… Абласны цэнтр павінен мець свой музей… "

Першая экспазіцыя музея была створана ў 1985 годзе[1] і 7 мая музей адчыніў свае дзверы для першых наведвальнікаў[1]. 1 студзеня 2005 года адбылася змена назвы на Дзяржаўная ўстанова «Вілейскі краязнаўчы музей».

Музей размяшчаецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. У 2014 годзе будынак экспазіцыі музея быў закрыты на капітальны рамонт і сёння мае сучасны, прывабны выгляд. Для наведвальнікаў, у сувязі з адсутнасцю пастаяннай экспазіцыі, у музеі ладзяцца экспазіцыі часовыя.

Будынак пажарнай аховы, 1928 г.

Экспазіцыя

Экспазіцыя пабудавана па тэматыка-калекцыйнаму метаду і ўключае ў сябе такія раздзелы, як «Час», «Вытокі», «Вілія», «Народныя рамёствы і промыслы Вілейшчыны», «Хата», «Вайна», «Пакуты», «Вілейка», «Канстанцін Тышкевіч і яго экспедыцыя па Віліі». Такі спосаб паказу дазваляе перыядычна мяняць тэмы або калекцыі, уносіць дапаўненні.

Гісторыя і культура Вілейскага краю паказаны ад старажытных часоў да другой паловы ХХ стагоддзя. Музей захоўвае матэрыялы археалагічных раскопак паселішчаў V—I тысячагоддзя да н.э. і курганных могільнікаў І тысячагоддзя н.э. У музеі экспануюцца: нумізматычная калекцыя, у т.л. Касцяневіцкі манетны скарб ХVІІ стагоддзя, калекцыя дакументаў з царкоўных архіваў ХVІІІ-ХХ стагоддзяў, прадметы этнаграфіі, прадстаўленыя вырабамі ганчарства, ткацтва, пляцення, вышыўкі. У экспазіцыі прадстаўлены рарытэты: скарб крамянёвых нажоў эпохі неаліту, скроневыя кольцы, іншыя жаночыя ўпрыгожанні Х-ХІІ стагоддзяў, падзорная труба і чыгуннае ядро напалеонаўскай арміі (часоў вайны 1812 года), нагрудны знак памочніка вілейскага гарадскога старасты 1892 года, так званы стальны панцыр — дэталь амуніцыі панцырнай роты Чырвонай арміі 1943 года.

Агульная колькасць прадметаў музейнага фонду на 1.01.2012 года — 25242 адзінак.

У экспазіцыі размешчаны творы мастака Івана Занкавіча, майстра саломапляцення Пятра Гатоўкі, майстра разьбы па дрэве Уладзіміра Субача.

Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча

18 мая 1997 года паводле пастановы Вілейскага райвыканкама ў асобным будынку на плошчы Свабоды адкрыта выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча, акадэміка жывапісу Расійскай Акадэміі мастацтваў, ураджэнца Вілейшчыны. Папярэдне зала месцілася ў будынку Крыжаўзвядзенскага касцёла, які мясцовыя ўлады вярнулі вернікам [2].

Тут рэгулярна праходзяць выстаўкі мастакоў, фатографаў, народных майстроў, з фондаў іншых музеяў. У выставачнай зале пастаянна экспануецца копія карціны Нікадзіма Сілівановіча «Салдат з хлопчыкам» (1866), з арыгіналу, які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Папулярызацыя краязнаўства

У музеі праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, чытанні. Выпускаюцца краязнаўчыя зборнікі.

25 мая 2013 года ў музеі праведзеныя Першыя кандрацьеўскія чытанні «Талент, непадуладны часу», прысвечаныя Івану Кандрацьеву, ураджэнцу Вілейшчыны, рускаму паэту і пісьменніку, аўтару сусветна вядомай песні «По диким степям Забайкалья». Чытанні арганізаваныя Міністэрствам культуры, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Вілейскім райвыканкамам.[3][4]

Разам з «Рэгіянальнай газетай» рэалізуе праект пад назвай «Найцікавейшыя экспанаты», паводле якога журналіст Алесь Высоцкі расказвае аб экспанатах музея, якія могуць выклікаць найбольшую цікавасць наведнікаў.[5][6]

Асветніцкая дзейнасць

Музей вядзе асветніцкую дзейнасць, накіраваную на дзіцячую і моладзевую аўдыторыю. У 2011—2012 ва ўстанове прайшоў цыкл культурна-адукацыйных лекцый аб сучасным мастацтве «Арт-Вілейка».[7]

Ініцыятарам праекта «Арт-Вілейка» — настаўніца вілейскай гімназіі № 2 Святлана Чабатар. «Арт-Вілейка» ставіла за мэту далучыць людзей да мастацтва, зрабіць зрэз патэнцыяльнай аўдыторыі: даведацца, хто цікавіцца мастацтвам у рэгіёне. Лекцыі адбываліся раз на месяц на працягу года.

Праект «Гістарычныя вандроўнічкі». Заняткі-гульні для выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў пачатковай школы і ў выглядзе заняткаў-лекцый для вучняў старэйшых класаў. Праводзіўся ў 2008—2009 навучальным годзе. У забаўляльнай форме гульні дзецям давалі першапачатковыя веды па беларускай культуры, традыцыях і абрадах, народных промыслах і рамёствах, беларускаму фальклору.

Захаванне фальклору і народных традыцый

У 2007 годзе у музеі пачала працаваць студыя вілейскіх народных абрадаў і традыцый «Краявід», якая ў 2010 годзе атрымала званне «народны аматарскі калектыў» [8].

Сваю дзейнасць студыя пачала з этнаграфічных экспедыцый па збіранню ўзораў народных абрадавых і святочных песень, запісу легендаў і паданняў, якія бытавалі і бытуюць на Вілейшчыне, збору прадметаў побыту, ткацтва, салома- і лозапляцення. Удзельнікі студыі праехалі дзесяткі вёсак Вілейскага раёна, запісалі вясельныя, купальскія, пятроўскія, веснавыя, восеньскія і інш. песні.

Студыяй запісаны абрад «Вянок» народнага вяселля, зроблены апісанні найбольш значных этапаў вяселля на Вілейшчыне, сабрана прадметы (адзенне, музычныя інструменты, папяровыя кветкі для вяночка маладой, шаргуны для вясельных коней і інш.), якія выкарыстоўваліся на вяселлі, фотаздымкі вяселляў канца ХІХ-ХХ ст.ст. Была вывучана навуковая літаратура, што змяшчае запісы даследчыкаў народнай культуры ў рэгіёне.

Удзельнікі студыі запісваюць успаміны аб тым, як праходзілі абрады на Вілейшчыне, якія рэчы ў іх выкарыстоўваліся і якую сімвалічную і семантычную значнасць яны мелі.

На падставе сабранага багатага матэрыялу складаюцца сцэнарыі абрадаў і святаў. Праводзіцца абрад вілейскага народнага вяселля «Горка — па-беларуску», які ладзіцца у музеі ў беларускай хатцы і на культурна-турыстычным аб’екце «Вільянін хутар». У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя і госці вяселля.

Дырэктары

  • Шымакоўская Крысціна Браніславаўна (1983—1984)
  • Яфімава Наталля Аляксееўна (1985—1991)
  • Ігнатовіч Яўген Антонавіч (1992—1998)
  • Лапко Валянціна Аляксееўна (1999—2007)
  • Ганчар Сяргей Мікалаевіч (2008—2016)
  • Аўдзей Надзея Віктараўна (2017—2021)
  • Кіцікаў Ігар Сямёнавіч (са снежня 2021)

Супрацоўнікі музея

  • Андрэй Юр’евіч Каркотка, навуковы супрацоўнік
  • Вольга Аляксандраўна Коласава, навуковы супрацоўнік
  • Наталля Францаўна Ляшковіч, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурных куштоўнасцяў
  • Марыя Іванаўна Мячкоўская, старшы навуковы супрацоўнік
  • Алена Валянцінаўна Стрэж, галоўны захавальнік фондаў

Зноскі

  1. 1 2 3 Вольга Коласава: Вілейскі краязнаўчы музей — 30 год з дня заснавання Архівавана 17 чэрвеня 2015.// «Рэгіянальная газета»
  2. Вольга Коласава: Зала імя Нікадзіма Сілівановіча, нарэшце, зноў знайшла сабе месца // «Рэгіянальная газета», 23 мая 1997 года, № 21, стар. 2.
  3. Першыя кандрацьеўскія чытанні ў Вілейцы (+фота) Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
  4. Імя аўтара сусветна вядомай песні Івана Кандрацьева «По диким степям Забайкалья» вярнуў землякам яго аднавясковец Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
  5. Што за знак меў памочнік Вілейскага старасты? Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
  6. Незвычайны кубачак з Першай сусветнай захоўваецца ў Вілейскім музеі Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
  7. У музеі распачаўся адукацыйны праект «Арт-Вілейка» // «Рэгіянальная газета»
  8. Гісторыя музея Архівавана 5 чэрвеня 2012. // Сайт музея

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.