![](../I/%D0%92%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D1%80%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D1%96%D0%BD%D0%B0_(2001).svg.png.webp)
![](../I/%D0%92%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%B0-%D0%9C%D1%96%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D1%81%D1%96%D1%81%D1%82%D1%8D%D0%BC%D0%B0_%D0%B3%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D1%9E%D0%BD%D1%8B_%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D0%BB.jpg.webp)
Вілейская раўніна — фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі ў паўночнай частцы Гродзенскай, Мінскай і на паўднёвым захадзе Віцебскай абласцей; адпавядае тэрыторыі геамарфалагічных раёнаў Вілейская нізіна і Крывіцкая раўніна. Распаўсюджаныя водна-ледавіковыя, другасна-марэнныя, радзей азёрна-алювіяльныя і пойменныя ландшафты.
Геаграфія
Вілейская раўніна мяжуе з Нарачанскай раўнінай і Свянцянскімі градамі на поўначы, Верхнебярэзінскай нізінай і Мінскім узвышшам на ўсходзе, Ашмянскім узвышшам на поўдні і захадзе. Даўжыня ў паўночна-ўсходнім напрамку каля 130 км, шырыня 40-100 км.
Геалогія
У тэктанічным дачыненні раўніна прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі і Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Антрапагенавыя (пераважна марэнныя, водна-ледавіковыя) адклады магутнасцю 80-140 м залягаюць у асноўным на дэвонскіх (на ўсходзе), а таксама на кембрыйскіх, сілурыйскіх, ардовікскіх, радзей крэйдавых (на захадзе) пародах. Асадкавы чахол складзены пародамі верхняга пратэразоя, перакрытымі адкладамі кембрыя (на захадзе), дэвону (на ўсходзе), антрапагену.
Рэльеф
Паверхня раўніны плоская, плоскахвалістая, слабахвалістая з абсалютнымі адзнакамі ад 150—180 м (на захадзе) да 175—200 м (на ўсходзе). Максімальная адзнака 223 м (ля вёскі Івашынавічы Вілейскага раёна), самы нізкі пункт — вусце ракі Нарач (137,4 м).
Клімат
Сярэдняя тэмпература студзеня −6,6 °C, ліпеня 17,6 °C. Ападкаў выпадае 656 мм у год. Вегетацыйны перыяд 188 сутак.
Гідраграфія
Дрэнуюць тэрыторыю р. Вілія з прытокамі Ашмянка, Ілія, Нарач, Сэрвач, Страча, Уша. На Віліі пры ўпадзенні ў яе Сэрвачы, Іліі, Касуткі — буйное Вілейскае вадасховішча. Стварэнне вадасховішча і Вілейска-Мінскай воднай сістэмы прывяло да актывізацыі эразійных і абразійных працэсаў.
Глебы і расліннасць
Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш.
Пад лесам 42 % (лясы хваёва-ялова-бярозавыя, альховыя), пад раллёй да 39 % плошчы. Балоты і лугі нізінныя, часткова асушаныя.
Гл. таксама
Літаратура
- Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3