Віктар Якаўлевіч Гапановіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 15 красавіка 1921 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 жніўня 2009 (88 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Род дзейнасці | урач, оталарынголаг |
Навуковая сфера | отарыналарынгалогія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук (1969) |
Навуковае званне |
|
Альма-матар |
|
Навуковы кіраўнік | Барыс Якаўлевіч Эльберт |
Узнагароды |
![]() ![]() ![]() ![]() ![]() |
Віктар Якаўлевіч Гапано́віч[1] (15 красавіка 1921 — 12 жніўня 2009) — беларускі вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі, доктар медыцынскіх навук (1969), прафесар (1973). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Біяграфія
Нарадзіўся 15 красавіка 1921 года ў вёсцы Сераднякі (Сярэднікі[1]) Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер — Слуцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1940 годзе скончыў Магілёўскі медыцынскі тэхнікум, працаваў фельчарам у абласной паліклініцы ў Магілёве[2].
З 1940 года ў Чырвонай Арміі. У 1940—1941 гадах — фельчар стралковага батальёна Прыбалтыйскай ваеннай акругі[2]. У час Вялікай Айчыннай вайны старшы фельчар, камандзір санітарнага ўзвода стралковага батальёна, фельчар упраўлення палявога эвакуацыйнага пункта. У 1942 годзе быў цяжка паранены.
У 1951 годзе скончыў Мінскі медыцынскі інстытут і працаваў у ім (аспірант, дацэнт кафедры). У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1970 годзе — доктарскую. Адначасова з працай у інстытуце, 1972—1990 гадах — галоўны отарыналарынголаг Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1973—1989 гадах — загадчык кафедрай вуха, горла, носа Мінскага медыцынскага інстытута, з 1989 года — прафесар кафедры[2].
Памёр 12 жніўня 2009 года. Пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам[3].
Навуковая дзейнасць
В. Я. Гапановічу належаць навуковыя працы па біялагічных і крыягенных метадах лячэння ў отарыналарынгалогіі. Распрацаваў і ўкараніў у практыку методыку атрымання аўтагенных фібрынных плёнак (біялагічны прэпарат крыві) і іх выкарыстання ў якасці стымулятара працэсу рэгенерацыі пасля хірургічных аперацый[3]. Прымаў удзел у распрацоўцы фантомаў-трэнажораў для падрыхтоўкі спецыялістаў па аказанні хуткай і неадкладнай дапамогі.
Вучонаму належаць каля 190 навуковых прац[2]. Аўтар двух вынаходніцтваў і 76 рацыяналізатарскіх прапаноў[2]. Падрыхтаваў трох кандыдатаў медыцынскіх навук[2].
Сярод апублікаванага:
- Аутогенные фибринные плёнки в оториноларингологии. — Мн., 1979.
- Ангина и хронический тонзилит. — Мн., 1982.
- Оториноларингологический атлас. — Мн., 1989. (разам з В. М. Аляксандравым)
Грамадская дзейнасць
Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні II і III з’ездаў отарыналарынголагаў Беларусі, двух навуковых канферэнцый[2]. Удзельнік арганізацыі Усесаюзнага пленума отарыналарынголагаў у 1978 годзе[2]. У 1972—1990 гадах — старшыня праўлення Беларускага навуковага медыцынскага таварыства отарыналарынголагаў. Быў членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства отарыналарынголагаў, членам рэдакцыйных саветаў часопісаў «Вестник оториноларингологии», «Журнал ушных, носовых и горловых болезней», старшынёй Рэспубліканскай праблемнай камісіі па отарыналарынгалогіі[2].
Узнагароды
- два ордэны Чырвонай Зоркі;
- Ордэн Айчыннай вайны III ступені;
- медаль «За абарону Ленінграда»[3]
- 19 баявых медалёў[3];
- ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР,
- ганаровая грамата Прэзідыума Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў[3];
- значок Міністэрства аховы здароўя СССР «Выдатніку аховы здароўя»[3];
- медаль імя М. І. Пірагова[3].
Зноскі
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Гапанович Виктор Яковлевич(недаступная спасылка) (руск.) // Сайт ДУА «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт»
- 1 2 3 4 5 6 7 Виктор Яковлевич Гапанович — человек большой души // Наследие слуцкого края (руск.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 36. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Профессор Виктор Яковлевич Гапанович: (К 60-летию со дня рождения) // Вестник оториноларингологии. — 1981. — № 3. — С. 89.
- Здравоохранение Белоруссии. — 1981. — № 6. — С. 76-77.
- Гапанович Виктор Яковлевич: (К 70-летию со дня рождения) // Здравоохранение Беларуси. — 1991. — № 5. — С. 73.
Спасылкі
- Гапанович Виктор Яковлевич(недаступная спасылка) (руск.) // Сайт ДУА «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт»
- Карулис В. В. Виктор Яковлевич Гапанович — человек большой души // Наследие слуцкого края (руск.)